Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці Бабарыкі да злачынстваў

абноўлена

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю 12 чэрвеня заявіў, што мае доказы датычнасьці былога старшыні праўленьня Белгазпрамбанку Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасьці, піша БелТА​.

Завялі дзьве крымінальныя справы паводле артыкулаў:

  • 235 — «Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры»;
  • 243 — «Ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

Паводле старшыні КДК Івана Церцеля, праверачныя мерапрыемствы ДФР праводзіў ад 2016 году. У гэты час у поле зроку праваахоўнікаў «трапіла група асоб зь ліку дзейных і былых топ-мэнэджэраў і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку».

«Падчас працы мы накіравалі запыты замежным партнэрам у іншыя дзяржавы. З пэўных прычын мы атрымалі адказы толькі ў сьнежні 2019 году. Атрыманая інфармацыя дазволіла ДФР актывізаваць правядзеньне праверачных і апэратыўна-пошукавых мерапрыемстваў», — сказаў Церцель.

Паводле Церцеля, топ-мэнэджэры банку арганізавалі злачынную групу, якая выводзіла грашовыя сродкі на тэрыторыі замежных дзяржаў.

«Не магу сабе ўявіць, што тое, што чынілася ў банку намесьнікамі, магло быць невядомым кіраўніку. Магу пацьвердзіць, што цяпер у нас ёсьць пераканаўчыя доказы ягонай датычнасьці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасьці», — сказаў Церцель.

На гэты момант затрыманыя 15 чалавек.

«Гэта топ-мэнэджэры, у тым ліку намесьнікі кіраўніка банку, кіраўнікі рознага ўзроўню, а таксама прадстаўнікі камэрцыйных структураў (у асноўным былыя супрацоўнікі банку)», — заявіў старшыня Дзяржкантролю.

Бальшыня затрыманых супрацоўнічаюць са сьледзтвам, даюць прызнальныя паказаньні.

«Апроч таго, яны выдаюць сродкі, якія, на іх думку, былі атрыманыя злачынным шляхам. Да прыкладу, учора намі падчас сьледчых мерапрыемстваў вынятыя больш за 4 мільёны даляраў, выяўленыя і забраныя каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч даляраў, выяўленыя і далучаныя да матэрыялаў так званыя дыґіпасы (інструмэнт, які дазваляе кіраваць рахункамі ў замежных банках)», — сказаў Церцель.

«У нас ёсьць і іншыя кірункі, па якіх мы плянуем праводзіць работу», — дадаў ён.

У Дзяржкантролі адзначылі, што ў Белгазпрамбанку нізкія паказьнікі рэнтабэльнасьці актываў.

«Заніжаныя фінансавыя вынікі банкаўскай установы, якая функцыянуе на прэміяльным сэгмэнце і не задзейнічана ў рэалізацыі важных дзяржаўных праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, пацьвярджаюць выснову пра рэалізацыю шматступеннай схемы па фактычным раскраданьні прыбытку банку», — заявілі ў КДК.

Што адказаў Віктар Бабарыка

Бабарыка заявіў, што перадаў сваім сябрам Дзьмітрыю і Віктару 100 тысяч даляраў і 100 тысяч эўра, а таксама аблігацыі на суму 200 тысяч эўра і 100 тысяч эўра.

Бабарыка сказаў, што перадаў гэтыя грошы і каштоўныя паперы сваім сябрам на выпадак непрадбачаных сытуацый, бо ён банкір і не захоўвае грошы ў адным кашы. Ён сказаў, што грошы задэкляраваныя і зь іх сплачаны падаходны падатак. Гэтыя сумы Бабарыка зьбіраўся адлюстраваць у дэклярацыі ў выпадку рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта.

Лукашэнка выказаўся пра Бабарыку

Роўна за 4 гадзіны да заявы ДФР Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя прыкладна 15 чалавек.

Лукашэнка ні разу не згадаў імя патэнцыйнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, які доўгі час быў кіраўніком «Белгазпрамбанку», але відавочна меў на ўвазе менавіта яго.

«Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто ня мае, гэта яны там... — заявіў Лукашэнка. — Слухайце, яны ўсе былі ня толькі ў яго намесьнікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 году. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёньня? Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намесьнікамі. І ўсё, што там тварылася, магло без кіраўніка адбывацца? Не».

«Працавалі па гэтым банку і па іх з 2016 году. Выявілі вывядзеньне грошай, замежныя рахункі, замежную ўласнасьць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лёндане... Але замежнікі інфармацыю нам (з 2016 году мы прасілі) далі толькі ў сьнежні мінулага году. Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеяньні. Таму зьявіліся пытаньні», — сказаў Лукашэнка.

Ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG