Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, бо бракуе прызнаных подпісаў і жонка не задэкляравала акцыі


Валер Цапкала, архіўнае фота

Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала сьцьвярджаў, што за яго вылучэньне сабралі каля 200 тысяч подпісаў, пасьля праверкі ў выбаркамы здалі 160 тысяч. Аднак Цэнтарвыбаркам прызнаў толькі 75 тысяч, што недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Прадстаўніца ЦВК агучвае вынікі праверкі падпісных лістоў: ЦВК адхіліла больш за палову подпісаў, засталося менш за 100 тысяч подпісаў. У дэклярацыі жонкі Цапкалы заўважылі непазначаныя акцыі «Приорбанка», а гэта парушэньне істотнага характару.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Цапкалы Андрэй Ланкін заявіў, што экспэртызы подпісаў ня маюць юрыдычнай моцы. ЦВК ж заяўляе, што паўсюль былі пацьвярджальныя дакумэнты аб экспэртызах подпісаў і праверках іншых зьвестак пра падпісантаў.

Таксама не адпавядае пададзеная сума гадавога даходу Веранікі Цапкалы, жонкі прэтэндэнта. Але з улікам, што сума меншая за 20%, парушэньне прызналі неістотным.

Аднак пры гэтым Вераніка Цапкала не адлюстравала ў дэклярацыі акцыі «Приорбанка», што зьяўляецца сур’ёзнай хібай.

Ярмошына прапанавала не рэгістраваць Цапкалу праз подпісы і недакладныя зьвесткі з дэклярацыі жонкі. За адхіленьне Цапкалы прагаласавалі адзінагалосна.

Цэнтральная выбарчая камісія на паседжаньні 14 ліпеня адмовіла ў рэгістрацыі Валера Цапкалы кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на падставе недастатковай колькасьці прызнаных подпісаў за яго вылучэньне.

Штаб Цапкалы адзначаў, што 94,36% подпісаў забракавалі ў выбарчых камісіях за тое, што дата каля подпісу была пастаўленая нібыта ня тым жа чалавекам, які падпісаўся. Зь ліставаньня, паказанага штабу, вынікае, што запыт на экспэртызу з выбаркаму ў Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў падалі на наступны дзень па завяршэньні праверкі подпісаў.

Незадоўга да паседжаньня ЦВК у ананімных Telegram-каналах зьявілася «сэкс-відэа» нібыта з удзелам Цапкалы і дзьвюх жанчын. У штабе перакананыя, што на відэа падстаўны актор, сам Цапкала не камэнтаваў зьяўленьня роліка.

Што адбываецца каля ЦВК. Жывая трансьляцыя

Хто прэтэндуе, а хто ўжо не

Раней ЦВК прызнала, што больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата, сабралі ініцыятыўныя групы:

  • Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы;
  • Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку»;
  • Андрэя Дзьмітрыева, старшыні кампаніі «Гавары праўду»;
  • Ганны Канапацкай, былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў;
  • Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага;
  • Сяргея Чэрачня, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Не здавалі подпісаў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Натальлі Кісель, Уладзімера Няпомняшчых, Алеся Таболіча.

Хто за кратамі

У зьняволеньні цяпер знаходзяцца прызнаныя палітвязьнямі Віктар Бабарыка, ягоны сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, чальцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі Ўладзімер Дудараў, Алена Карагачава, Дзьмітры Карака і Сьвятлана Купрэева; чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў і Андрэй Новікаў.

Акрамя таго, палітвязьнямі прызнаныя зьняволеныя блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікалай Статкевіч (якім адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў), а таксама Павал Севярынец (зьбіраўся ў кандыдаты праз праймэрыз апазыцыі, зьняў кандыдатуру і заклікаў да байкоту) і іншыя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG