Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы маем надзею, што пройдзем у наступны тур». У штабе Цапкалы пераправяраюць подпісы


Валер Цапкала ў Маладэчне, архіўнае фота
Валер Цапкала ў Маладэчне, архіўнае фота

У штабе Валера Цапкалы пераправяраюць рэзэрвовыя подпісы і спадзяюцца, што іх прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта зарэгіструюць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.

Кіраўнік прэс-службы штаба Валера Цапкалы Аляксей Урбан расказаў, што ўдзельнікі штабу правяраюць подпісы, якія былі прызнаныя несапраўднымі.

«Менавіта іх удзел і падтрымка робяць нашую справу не такой безнадзейнай. Я магу меркаваць, што частку подпісаў мы здолеем адстаяць. Я бы прасіў не забываць, што ў нас было ў рэзерве 50 тысяч нязданых подпісаў. Мы таксама гэтым рэзэрвам можам карыстацца», — адзначыў Урбан.

Паводле яго, амаль кругласуткава ідзе глыбокая праца актывістаў штаба.

«Хлопцы пераглядаюць, пераправяраюць кожны подпіс, каб да панядзелка ўсе подпісы праверыць, пераправерыць і даздаць... У кіраўніка штаба атрымліваецца знаходзіць паразуменьне ў Цэнтрвыбаркаме. Мы настроеныя на тое, каб нягледзячы ні на што гэты працэс быў у рамках закону і справядлівасьці», — заявіў Урбан.

У штаба застаецца надзея, што гэтыя подпісы могуць разгледзець у ЦВК.

«Задача не ісьці на канфрантацыю з Цэнтравыбаркамам, а разумець, што ў кожнага чалавека бывае права на памылку. Мы вельмі разьлічваем на тое, што ў тэрытарыяльных камісіях недагледзелі, перастараліся, і ўсё-ткі ў панядзелак-аўторак прымуць узважанае рашэньне, справядлівае. У нас ёсьць надзея, што мы пройдзем у наступны тур. Дзень і ноч мы над гэтым працуем», — растлумачыў Урбан.

Сяргей Лаўрэнкін з каманды Цапкалы напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што 80 тысяч подпісаў не прынялі з тае прычыны, што дата была пастаўленая «ня той рукой».

Урбан пракамэнтаваў, што сапраўды гэта адна з названых прычын, чаму адхілялі подпісы, што дату ставіў прадстаўнік ініцыятыўнай групы, а не чалавек, які пакідаў подпіс.

«Я вельмі спадзяюся, што калі эмоцыі ўлягуцца, мы здолеем знайсьці разумны кансэнсус у Цэнтрвыбаркаме. Эмоцыі эмоцыямі, а справа і разумны дыялёг перадусім. Мы вельмі стараемся пазьбегнуць занадта рэзкіх заяваў. Людзі ёсьць людзі. Калі нават гэтых людзей увесь час лаяць ці шукаць несастыкоўкі ў іхнай працы і памылкі... Можа, дзесьці пасьпяшаліся, дзесьці перастараліся і зрабілі ня тое, што трэба. У любым выпадку, даваць ім магчымасьць спакойна выслухаць наш пункт гледжаньня і зразумець яго», – адзначыў Урбан.

Таксама ён нагадаў, што штаб запусьціў праграму «Абарані свой голас», калі людзі пацьвярджалі свае подпісы праз электронную форму.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG