Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 тысяч прыхільнікаў Цапкалы адгукнуліся на ягоны заклік даказаць свае подпісы 


Валер Цапкала ў Віцебску, 8 чэрвеня 2020 года.
Валер Цапкала ў Віцебску, 8 чэрвеня 2020 года.

Больш за 40 тысяч чалавек адгукнуліся на заклік штабу Валерыя Цапкалы абараніць свае подпісы, гаворыцца на афіцыйным сайце прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Ініцыятыўная група сабрала звыш 200 тысяч подпісаў, у выбаркамы здалі 160 тысяч. Аднак Цэнтарвыбаркам прызнаў толькі 75 тысяч, што недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.
Валер Цапкала заявіў, што будзе змагацца за кожны забракаваны подпіс, заклікаўшы ўсіх падпісантаў зьвязацца са штабам праз сайт, Telegram або Viber-бота.

«Нашай камандай распрацаваны дакладны альгарытм, з дапамогай якога вы можаце вэрыфікаваць подпіс, пацьвердзіць, што вы ёсьць, даказаць сабе і ўсёй краіне, што нас на самай справе шмат», — заявілі ў штабе.

На гэты момант свае подпісы пацьвердзілі больш за 16 тысяч менчукоў, амаль 7,5 тысячы жыхароў Менскай вобласьці, 5,2 тысячы — Горадзенскай, 3,5 тысячы — Берасьцейскай, 2,8 тысячы — Гомельскай, 2,5 тысячы — Віцебскай.

Валер Цапкала заявіў, што не зьбіраецца выходзіць з прэзыдэнцкай кампаніі, незалежна ад рашэньня ЦВК аб рэгістрацыі.

Тым часам экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій заявіў, што абураны абвінавачваньнямі ў свой адрас з боку аднаго з былых партнэраў па бізнэсе і зьвярнуўся ў пракуратуру.

«Там інфармацыя па ўсіх ілжэсьведчаньнях, якія ён выносіць на публіку. Гэта гідкія інсінуацыі, ад якіх большасьць людзей проста нудзіць», — сказаў ён падчас відэаканфэрэнцыі.

Гаворка пра будаўніцтва дома ў сталічным мікрараёне Сьцяпянка, растлумачыў Валер Цапкала. Турэцкі бізнэсовец прапанаваў дапамагчы, аднак выканаў работы няякасна.

«Наколькі я ведаю, ён вельмі многіх людзей падмануў, у яго толькі па дзьвюх кампаніях каля 200 розных судовых пазоваў», — адзначыў Цапкала, заклікаўшы пацярпелых таксама зьвярнуцца ў пракуратуру альбо ў ягоны штаб.

У канцы чэрвеня МУС Беларусі пачало праверку супрацьпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы. Адпаведную заяву падаў грамадзянін Беларусі турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы, кампаніі якога ўдзельнічалі ў забудове тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) у той час, калі яго адміністрацыю ўзначальваў Цапкала.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG