Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста я хачу вярнуць свае грошы». Бізнэсовец пра сваю заяву на Валера Цапкалу


Сэдат Ігдэджы
Сэдат Ігдэджы

Грамадзянін Беларусі, бізнэсовец турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы 24 чэрвеня падаў заяву ў Генэральную пракуратуру па «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.

Пра гэта ён расказаў карэспандэнту Свабоды.

Ён падаў заяву, тэкст якой ужо распаўсюджаны на Telegram-каналах. У гэтай заяве бізнэсовец сьцьвярджае, што даваў хабар Валеру Цапкалу, калі той кіраваў Паркам высокіх тэхналёгій.

Сэдат Ігдэджы з 2008 году жыве ў Беларусі і займаецца інвэстыцыйнай дзейнасьцю праз групу кампаній. З 2013 году ён грамадзянін Беларусі, жыве ў Бараўлянах і жанаты зь беларускай Натальляй Ігдэджы.

Ён кажа, што будаваў дом Валеру Цапкалу за Нацыянальнай бібліятэкай, і заяўляе, што за паслугі праектаваньня і будаўніцтва Цапкала яму нічога не заплаціў.

Паводле Сэдата Ігдэджы, сярод іншага, ён аплачваў для Цапкалы паслугі прастытутак. Таксама Цапкала нібыта казаў яму, што мае афшорныя фірмы на Кіпры.

«Гэта прыватная праблема»

Сэдат Ігдэджы патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што адносіны з Валерам Цапкалам — гэта яго «прыватная праблема, якая ня мае ніякай сувязі з палітыкай».

«Проста я хачу вярнуць свае грошы. Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь я скарыстаўся сваім правам і падаў заяву ў Генпракуратуру аб проціпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы. Усе мае словы, выкладзеныя ў заяве, пацьверджаныя дакумэнтальна».

Маўляў, у СМІ многа непраўдзівай і недакладнай інфармацыі.

«Узамен на маю ўдзячнасьць у памеры каля мільёна даляраў Цапкала не заплаціў мне ні капейкі за будаўніцтва свайго прыватнага дома ў Менску, толькі падманваў мяне. Празь яго я і група маіх кампаній страцілі каля 15 мільёнаў даляраў. Пасьля таго як я перастаў утрымліваць Цапкалу, ён пакрыўдзіўся і пачаў ствараць для мяне праблемы».

Сэдат Ігдэджы
Сэдат Ігдэджы

Бізнэсовец сказаў, што ягоная фірма будавала дом Валера Цапкалы, плаціла за праект і дазвольную дакумэнтацыю, узводзіла фундамэнт, сьцены, дах, паставіла вокны і дзьверы, зрабіла сантэхніку і электрыку, усе тынкавальныя працы.

«Дом быў скончаны на 95%, выдаткавана 180 тысяч даляраў, а Цапкала не заплаціў ні капейкі».

Бізнэсовец кажа, што падаваў пазоў у суд аб вяртаньні запазычанасьці за выкананыя будаўнічыя працы, але прайграў і застаўся яшчэ вінен.

«Атрымліваецца, што Цапкала прадаў „мой дом“ і за „мае грошы“ хоча стаць прэзыдэнтам».

«Я не хацеў уздымаць тэму асабістага жыцьця»

Бізнэсовец кажа, што цягам 2015–2019 гадоў спрабаваў вырашыць канфлікт у судзе, але безвынікова.

«Яго (Цапкалы. — РС) бюракратычныя карані аказаліся занадта глыбокімі. Ён сказаў прэсе, што не знаёмы са мной, назваў мяне «незразумелым туркам». Дык вось, я яму набываў білеты, аплачваў адпачынак, быў разам зь яго сям’ёй на моры. І пасьля гэтага ён мяне ня ведае і я для яго «незразумелы турак?! — кажа Сэдат Ігдэджы. — Мая асманская сям’я мае 850-гадовую гісторыю, цяпер я старэйшы ў сям’і. Хто я і мая сям’я — зразумела, а хто такі Цапкала — не зразумела. Я не хацеў уздымаць тэму асабістага жыцьця, але ён абразіў мяне. У гэтым выпадку хто „незразумелы“, я ці ён?»

Паводле Сэдата Ігдэджы, пасьля ягонага інтэрвію dev.by Цапкала і яго людзі праз Інстаграм пачалі яго шантажаваць, таму 19 чэрвеня ён напісаў заяву ў міліцыю «пра абарону асабістай і сямейнай таямніцы».

Бізнэсовец просіць правесьці праверку і пачаць крымінальную справу адносна Валера Цапкалы.

Якая мэта ў бізнэсоўца?

«Я хачу толькі мае грошы. Мільён хабару і мой дом за 180 тысяч даляраў. Я падару гэтыя грошы дзецям Чарнобылю», — кажа Сэдат Ігдэджы.

Ён кажа, што стаў грамадзянінам Беларусі, бо 12 гадоў жыве ў гэтай краіне і яму падабаецца Беларусь.

«Для гэтай краіны я не хачу прэзыдэнта Цапкалу, — сказаў ён. — Мы хочам толькі спакойнага жыцьця. Мы хочам нармальнага прэзыдэнта, стабільнай Беларусі, без вайны, майдана і дэманстрацый і тэрарызму».

Што кажуць у штабе Цапкалы?

«Гэта ўсё перадвыбарчы фэйк, гэта ўсё няпраўда, ніхто нічога нікому не аплачваў, няма ніякіх рахункаў і гэтак далей, — так коратка пракамэнтаваў заявы Сэдата Ігдэджы прэс-сакратар Цапкалы Аляксей Урбан. — А што тычыцца дома, то ёсьць рашэньне суду».

Паводле Аляксея Урбана, на кампаніі Сэдата Ігдэджы «ёсьць скаргі і крымінальныя справы», з 200 аб’ектаў ён ніводнага не дабудаваў і ў «яго шмат падманутых людзей».

Кампанію ўжо пазбаўлялі ліцэнзіі

У сьнежні 2015 году Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва адмовіла кампаніі «Седнат» у выдачы дакумэнтаў, якія даюць права на дзейнасьць у сфэры будаўніцтва ў Беларусі.

Заснавальнікам згаданай групы кампаній (сумеснае закрытае акцыянэрнае таварыства «Інвэстыцыйная кампанія „Гарызонт-Седнат“», «Седат», ААТ «Седат Лад», ТАА «Седнат», «БелТурк Будфінанс», «Bau turizm Insaat Ticaret») быў ураджэнец Турэччыны Сэдат Ігдэджы.

Дзяржстандарт прыпыніў дзеяньне сэртыфікатаў адпаведнасьці для гэтай кампаніі.

У міністэрстве заявілі, што гэтая група кампаній ня выканала дагаворныя абавязаньні па некаторых аб’ектах будаўніцтва. Сярод пацярпелых — кампаніі «Белгархімпрам», «Гарызонт», EPAM Systems, IBA, адміністрацыя Парку высокіх тэхналёгій, «Горрамаўтадар» Менгарвыканкаму і «Гарызонтпраектбуд».

Паводле міністэрства, на абʼектах «былі дапушчаныя неадпаведнасьці дзейным тэхнічным нарматыўным прававым актам і праектным патрабаваньням Беларусі».

«Ніводзін абʼект ня быў завершаны да канца і ня быў перададзены ва ўстаноўленым парадку заказчыку. Па ўсіх абʼектах мелі месца або працягваюцца дзясяткі судовых разглядаў», — паведамляла тады міністэрства.

Паводле міністэрства, ніводзін з аб’ектаў групы кампаніі «Седнат» ня быў выкананы адпаведна з дамоўнымі абавязаньнямі і ня быў перададзены ва ўстаноўленым парадку заказчыку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG