Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала: «Калі нам адмовяць у рэгістрацыі, ёсьць іншыя сцэнары»


Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала на зборы подпісаў у Віцебску, 8 чэрвеня
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала на зборы подпісаў у Віцебску, 8 чэрвеня

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала, у якога Цэнтральная выбарчая камісія налічыла менш за неабходныя 100 тысяч подпісаў за вылучэньне, правёў 5 ліпеня канфэрэнцыю зь беларусамі празь відэасувязь. Трансьляцыю вялі на Youtube.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я адразу хачу сказаць, што мы не зьбіраемся ні на якім этапе адступаць, — казаў Цапкала на відэаканфэрэнцыі. — У залежнасьці ад таго, якое рашэньне прыме Цэнтарвыбаркам, мы ў гэтай кампаніі ўсё роўна будзем рухацца».

Калі яму адмовяць у рэгістрацыі кандыдатам, ён бачыць «іншыя сцэнары разьвіцьця падзеяў».

Патрабуе пратаколы адбракоўваньня подпісаў

Валер Цапкала перакананы, што шмат подпісаў за яго вылучэньне былі адбракаваныя неправамерна, перадае БелаПАН. Ён здаў каля 160 тысяч, прынялі толькі 75 тысяч. Частку подпісаў, упэўнены ён, «перадалі іншым кандыдатам, пікеты якіх мы ня бачылі».

«Усе, хто займаецца супрацьпраўнай дзейнасьцю, будуць зафіксаваныя, іх імёны будуць вядомыя, ім наўрад ці дазволяць ўезд у краіны Эўразьвязу, у Злучаныя Штаты Амэрыкі, можа быць, у шэраг іншых краінаў», — папярэдзіў Цапкала.

Ён патрабуе, каб ягонай ініцыятыўнай групе далі акты адбракоўкі подпісаў, бо бачыць «крымінальнае дзеяньне» або правакатара ў штабе, які падрабіў подпісы, або чальцоў выбарчай камісіі.

Просіць зарэгістраваць і яго, і Бабарыку

«Для Лукашэнкі адзіны спосаб захаваць твар, паказаць, што ён не баіцца, паказаць, што ён гуляе сумленна ў „хакей“, — ён павінен зарэгістраваць усіх без выключэння, і мяне, і Бабарыку», — заявіў Цапкала.

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка можа быць зарэгістраваны кандыдатам, нягледзячы на тое, што падчас выбарчай кампаніі яго і ягонага сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку кінулі за краты і падазраюць у шэрагу крымінальных справаў.

Паводле Цапкалы, для дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі лепш паказаць, што ў яго «ёсьць яшчэ мужчынскі гонар нейкі» і «адсутнічае боязь нармальнай, адкрытай гульні» — зарэгістраваць усіх, «каб мы маглі нармальна правесьці гэтую перадвыбарчую кампанію, захаваць твар перад усім беларускім грамадзтвам».

У адваротным выпадку Лукашэнка і ўся краіна апынецца ў ганебным становішчы на міжнароднай арэне, «калі кожны, з кім бы ты ні сустракаўся, будзе на цябе глядзець зьверху ўніз як на чалавека, які спалохаўся сумленнай, адкрытай барацьбы», лічыць Цапкала.

Калі здымуць, ня будзе за Лукашэнку ці Канапацкую

Цапкала дапускае, што яго могуць не зарэгістраваць кандыдатам. Калі здымуць з выбараў, ён ня будзе падтрымліваць Лукашэнку, а таксама былую дэпутатку Ганну Канапацкую.

«Калі, умоўна кажучы, застаюцца Сьвятлана Ціханоўская і Бабарыка, а нас не аказваецца ў сьпісе, то я, безумоўна, буду агітаваць за Сьвятлану і за Віктара, найперш за Віктара Бабарыку», — растлумачыў Цапкала.

Ён дапускае, што і Ціханоўскую, і Бабарыку могуць не ўключыць у бюлетэні «з надуманых падставаў». Тады Цапкала дапускае, што падтрымае Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня — «гэта ў прынцыпе прыстойныя людзі, нармальна, дэмакратычна настроеныя». Ім ён раіць зьняць кандыдатуры, бо яны «гуляюць у спэктаклі аднаго актора і ў іх на сёньня няма вялікай электаральнай падтрымкі».

Калі ж у бюлетэні застануцца толькі Лукашэнка і Канапацкая, Цапкала думае, што «правільна будзе ігнараваць такія выбары», толькі фіксаваць, колькі людзей прыйшлі на ўчасткі — гэта будзе 8–10% выбарнікаў, чакае ён.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG