Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рашэньне абскардзіць нельга, бо рашэньня не было». Як выбаркамы рэагуюць на скаргі пра подпісы за Віктара Бабарыку


Ланцуг салідарнасьці ў Гомлі, 19 чэрвеня 2020
Ланцуг салідарнасьці ў Гомлі, 19 чэрвеня 2020

Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі здала ў Гомельскую Цэнтральную камісію 4177 подпісаў. Камісія прызнала несапраўднымі больш за 15% подпісаў, у выніку забракавала ўсе.

Як у Беларусі праходзіць выбарчая кампанія. Апошняе​

Каардынатар ініцыятыўнай групы падаў скаргу на гэтае рашэньне ў абласную камісію.

«Па выніках пасяджэньня Цэнтральнай раённай у горадзе Гомлі камісіі рашэньня не прымалася, а быў складзены акт аб выніках праверкі дакладнасьці подпісаў, што ня можа зьяўляцца прадметам абскарджаньня ў Гомельскую абласную камісію, а таксама ў ЦВК і ў суд», — так адказаў на скаргу кіраўнік абласнога выбаркаму Аляксей Нявераў.

Што прасіў каардынатар у сваёй скарзе?

Каардынатар у Цэнтральным раёне Гомля, кандыдат тэхнічных навук (11 гадоў загадваў катэдрай ва ўнівэрсытэце) Андрэй Захараў патлумачыў камісіі, што подпісы за Віктара Бабарыку зьбіраліся ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Рашэньне раённага выбаркаму ён палічыў незаконным і неабгрунтаваным.

Андрэй Захараў нагадаў, што згодна з артыкулам 37 Выбарчага кодэкса рашэньне і дзеяньні камісіі могуць быць абскарджаны.

Ён прасіў абласную камісію запатрабаваць з раённай для разгляду справы рашэньне, акт аб выніках праверкі дакладнасьці подпісаў, рашэньне аб арганізацыі работы па праверцы дакладнасьці подпісаў, усе здадзеныя і ўсе правераныя падпісныя лісты, заключэньне экспэртыз. Таксама Захараў прасіў адмяніць рашэньне ў частцы прызнаных несапраўднымі подпісаў за Віктара Бабарыку.

«Прыстойных слоў у мяне не засталося»

Адказ з абласной камісіі выклікаў у Андрэя Захарава шок. «Нас усіх паслалі. Глухая сьцяна. Выходзіць, што тысячы людзей, якія пакінулі подпіс — мы ніхто, нас зваць ніяк, нас няма. З намі ніхто ні пра што нават не зьбіраецца гаварыць. Раней я не займаўся выбарамі. І калі сутыкнуўся зараз — прыстойных слоў не засталося», — распавёў Андрэй Захараў.

Ён дадаў, што «мы ўсе стаміліся баяцца». «Калі мы цяпер нічога не зьменім — шмат каму давядзецца зьехаць з краіны. Калі краіне не патрэбныя адукаваныя і разумныя людзі — такая краіна асуджаная. Я не хачу нічога звышнатуральнага! Мне трэба толькі адно — каб працаваў закон. У бабулінай вёсцы казалі так: „дрынам з плоту па сьпіне“. Менавіта так адбылося з намі. Мы працавалі па законе, а нам дрынам з плоту па сьпіне», — дадаў каардынатар.

Назіральнік на выбарах і праваабаронца Леанід Судаленка заўважыў, што Выбарчы кодэкс не дае ні выбарнікам, ні каардынатарам па раёнах правы на праверку сапраўднасьці подпісаў. «У нас ёсьць толькі права адклікаць свой подпіс і ўсё. Але ўсё роўна варта зьвярнуцца ў суд. Нават падчас «спэцапэрацыі», як цяпер у нас у Беларусі, калі законы не дзейнічаюць «, — лічыць праваабаронца.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG