Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ў Гомлі прызнала тысячы подпісаў за Бабарыку і Цапкалу несапраўднымі


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Віктара Бабарыку ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Віктара Бабарыку ў Менску

29 чэрвеня прайшло паседжаньне Савецкай раённай камісіі горада Гомля па выбарах прэзыдэнта.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

На ім прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка. Камісія знайшла высокі адсотак несапраўдных подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. У выніку ўсе здадзеныя подпісы — а гэта 4870 за Бабарыку і 1956 за Цапкалу прызналі несапраўднымі.

Леанід Судаленка расказаў Свабодзе, што самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі — 23,28%. Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасьці, на праверку бралі іншыя подпісы.

У выніку камісія прыняла рашэньне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 4870 подпісаў. У Валера Цапкалы па выніку дзьвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе 1956 подпісаў, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы.

«Чыстымі» аказаліся ўсе 45 подпісаў, якія здалі ў камісію сябры ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай. Былі прызнаныя несапраўднымі некаторыя подпісы за Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Чэрачня, але адсотак несапраўдных подпісаў за іх — каля 4-5% — дазволіў камісіі не праводзіць дадатковай праверкі, і здадзеныя подпісы за іх прызналі сапраўднымі. Толькі ў дачыненьні подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу праводзіліся дадатковыя праверкі", — зазначыў Леанід Судаленка.

Савецкі раён Гомля зьяўляецца адным з самых буйных, тут пражывае 180 тысяч чалавек.

На праверку ў Савецкім раёне Гомля здалі подпісы за Аляксандра Лукашэнку — 29 496, Віктара Бабарыку — 4 870 подпісаў, Валера Цапкалу — 1 956 подпісаў, Сьвятлану Ціханоўскую — 1 261 подпіс, Сяргея Чэрачня — 1 203 подпісы, Андрэя Дзьмітрыева — 879 подпісаў, Ганну Канапацкую — 45 подпісаў.

Паседжаньні для прызнаньня подпісаў адбываюцца і ў іншых тэрытарыяльных камісіях.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG