Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. ВІДЭА


Момант затрыманьня

На выбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні 29 траўня адбыліся затрыманьні. Затрымалі Сяргея Ціханоўскага, яго апэратара і прыхільнікаў ютуб-каналу «Страна для жизни».

Паводле інфармацыі УУС Горадзенскага аблвыканкаму, затрымалі 10 чалавек.

Гэта адбылося пасьля таго, як невядомыя жанчыны, якіх сьведкі называлі правакатаркамі, кідаліся на блогера і спрабавалі трымаць яго за вопратку. Яны патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчын, якія хапалі яго за вопратку. Пасьля гэтага зьявілася міліцыя.

Супрацоўнікі паспрабавалі затрымаць Ціханоўскага, у выніку чаго адзін зь іх паваліўся на зямлю. Літаральна праз 30 сэкундаў прыбеглі АМАПаўцы і пачалі хапаць Сяргея Ціханоўскага.

Сьведкі паведамляюць пра затрыманьне актывіста Зьмітра Фурманава.

Пасьля гэтага каля паўсотні чалавек сабраліся каля УУС Горадзенскага аблвыканкаму і патрабавалі тлумачэньняў, на якой падставе затрымалі Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Да іх выйшаў намесьнік начальніка УУС палкоўнік Аляксандар Шастайла. А 21-й гадзіне ён паабяцаў праз пагадзіны паведаміць, чаму былі затрыманыя людзі на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай.

Шастайла заклікаў людзей разысьціся. На гэта людзі адрэагавалі апладысмэнтамі і воклічамі «Выпускай». Шастайла сказаў, што разглядае гэта як непадпарадкаваньне. Сябра Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Салянік заклікаў людзей адысьці ў парк насупраць УУС, каб дачакацца інфармацыі пра затрыманьне Ціханоўскага і яго паплечнікаў.

Штаб Ціханоўскай папрасіў людзей разысьціся да 22-й гадзіны.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра Сяргея Ціханоўскага. Падчас размовы з работнікамі МТЗ ён назваў блогера «шалудзівым».

«Мужыкі там кіпіш паднялі, дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратарка далажыла: міліцыянта абразіў (удзельнік пікету. — РС), калі яму зрабіў заўвагу.

Яны прыяжджаюць крутыя, на джыпах усе — па 10–12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах, — заўважыў Лукашэнка. — Рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы зь міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасьць, дык адкажа. Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх».

Кадры затрыманьня Сяргея Ціханоўскага паказалі ў вечаровым выпуску навін «Першага каналу». Гэта адбылося праз 1,5 гадзіны пасьля самога затрыманьня.

Жывая трансьляцыя Свабоды

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG