Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыку не зарэгіструюць за «памылкі» ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, — прагноз аналітыка


Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Каляж
Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Каляж

Здаецца, ніколі раней не было такога маштабу маніпуляцый падчас выбарчай кампаніі. Прычым гэтыя маніпуляцыі ладзяцца дэманстратыўна.

Сьцісла:

  • Кіраўніцтва дзяржавы паказвае грамадзтву, што ніякія законы, правілы, уяўленьні аб прыстойнасьці ўжо ня дзейнічаюць. Выбарчыя камісіі, як і ЦВК, нічога не вырашаюць. Палітычная мэтазгоднасьць замяніла заканадаўства.
  • Там, на самым версе, знаходзяцца ў стане пэўнай разгубленасьці, хапаюцца то за адзін рычаг, то за другі.
  • Нерэгістрацыя Цапкалы і адначасовая рэгістрацыя Бабарыкі ня маюць сэнсу. Бо на цяперашні момант Бабарыка больш папулярны. Таму, думаю, былога кіраўніка банка не зарэгіструюць за «памылкі» ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • Нерэгістрацыю Цапкалы і Бабарыкі разьвялі па часе, каб не ствараць падставу для пратэсту прыхільнікаў абодвух кандыдатаў, «размазаць» у часе пратэставую актыўнасьць.
  • Паралельна элегантна дыскрэдытавалі Ганну Канапацкую, Сяргея Чэрачня, Андрэя Дзьмітрыева. Маўляў, вось такія кандыдаты падыходзяць як супернікі Аляксандра Лукашэнкі.

Вынікі праверкі збору подпісаў яшчэ раз пацьвердзілі незвычайнасьць сёлетняй выбарчай кампаніі, яе непадобнасьць да ўсіх мінулых.

Ніколі ў гісторыі беларускіх выбараў такога не было, каб прэтэндэнт, які сабраў звыш 100 тысяч подпісаў, ня быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата. Ніколі не было, каб адбракоўвалася такая вялізная колькасьць подпісаў. Інакш кажучы, ніколі не было такога маштабу маніпуляцый.

Глядзіце, у Віктара Бабарыкі, адбракавалі 55% подпісаў, у Валера Цапкалы — 62%, а ў іншых кандыдатаў — 3-5%. Так проста не бывае паводле законаў матэматыкі. А каб давесьці сытуацыю да поўнага абсурду, Ганне Канапацкай, Сяргею Чэрачню, Андрэю Дзьмітрыеву напісалі больш, чым яны здалі.

Значыць, гэтая маніпуляцыя ладзіцца дэманстратыўна. Кіраўніцтва дзяржавы паказвае грамадзтву, што ніякія законы, правілы, уяўленьні аб прыстойнасьці ўжо ня дзейнічаюць. Выбарчыя камісіі, як і ЦВК, нічога не вырашаюць. Палітычная мэтазгоднасьць замяніла заканадаўства.

Барацьба за ўладу пачалася ўсур’ёз, па-даросламу. Каб ні ў кога не засталося ніякіх ілюзій наконт вынікаў выбараў. Бо калі можна так маніпуляваць подпісамі, то хто сумняваецца, што таксама будуць маніпуляваць галасамі выбарнікаў 9 жніўня? Прычым для ўладаў цяпер ня вельмі важна, што пра ўсё гэта падумае насельніцтва. Галоўнае, каб маўчалі.

Іншае назіраньне. Вонкава дзеяньні ўладаў выглядаюць нелягічнымі. Калі па ўсёй краіне пачалі «валіць» подпісы за Бабарыку і Цапкалу, то ўсе назіральнікі прыйшлі да высновы, што абодвух не зарэгіструюць у якасьці кандыдатаў. Але па выніках праверкі адбракавалі толькі Цапкалу. Бабарыку пакінулі. Тады навошта было да яго чапляцца? Бо, акрамя скандалу, ніякіх палітычных дывідэндаў у выніку гэтай спэцапэрацыі ўлады не атрымалі. Адзінае тлумачэньне гэтых дзеяньняў, што там, на самым версе, знаходзяцца ў стане пэўнай разгубленасьці, хапаюцца то за адзін рычаг, то за другі.

Што за Валера Цапкалу ўзяліся сур’ёзна, стала зразумела з таго моманту, калі ў мэдыя ўкінулі кампрамат. Нейкі «турэцкападданы» чакаў сем гадоў і раптам цяпер, у разгар выбарчай кампаніі, успомніў, што некалі нібыта даваў Цапкалу хабар. Такім чынам улады паказалі, што Валер Цапкала таксама небясьпечны канкурэнт для Лукашэнкі і ягонае прозьвішча непажаданае ў выбарчым бюлетэні.

Але справа ў тым, што адначасовая нерэгістрацыя Цапкалы і рэгістрацыя Бабарыкі ня маюць сэнсу. Бо на цяперашні момант другі зь іх больш папулярны. Таму, думаю, былога кіраўніка банка не зарэгіструюць за «памылкі» ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.

А разьвялі гэтыя дзьве падзеі для таго, каб не ствараць падставы для магчымага адначасовага пратэсту прыхільнікаў абодвух кандыдатаў, «размазаць» у часе пратэставую актыўнасьць.

Ну і паралельна элегантна дыскрэдытавалі Ганну Канапацкую, Сяргея Чэрачня, Андрэя Дзьмітрыева. Маўляў, вось такія кандыдаты падыходзяць як супернікі Аляксандра Лукашэнкі, яны спарынг-партнэры. Гэта дзеля таго, каб раптам прыхільнікі Бабарыкі і Цапкалы не пачалі падтрымліваць кагосьці з гэтых палітыкаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG