Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аб’яднаньне магчымае», але яшчэ рана. Цапкала даў прэс-канфэрэнцыю пра непрызнаныя тысячы подпісаў. ВІДЭА

абноўлена

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала (зьлева) дае прэс-канфэрэнцыю ў Менску

Былы кіраўнік «Парку высокіх тэхналёгіяў» Валер Цапкала не зьбіраецца спыняць прэзыдэнцкую кампанію, хоць Цэнтральная выбарчая камісія прызнала ў яго толькі 75 тысяч подпісаў, а каб зарэгістравалі кандыдатам, трэба 100 тысяч.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Апоўдні 1 чэрвеня Валер Цапкала дае першую прэс-канфэрэнцыю пасьля зьвестак ЦВК пра непрызнаньне большасьці подпісаў. Свабода вядзе жывую трансьляцыю.

Пра подпісы

30 чэрвеня штаб Цапкалы заявіў, што абскардзіць адбракаваныя выбаркамамі подпісы за яго вылучэньне.

Валер Цапкала заявіў, што ягоны штаб сабраў 212 тысяч подпісаў, зь іх у тэрытарыяльныя камісіі перадалі каля 160 тысяч. Іх правяралі ў тры этапы: на абласным узроўні, у штабе і ў незалежнай рэвізійнай камісіі. Ён мяркуе, што гэтая працэдура была самай строгай.

Не прызналі каля паловы пададзеных подпісаў. Цапкала адзначыў «дзіўныя зьявы»: напрыклад, у Горадні, дзе подпісы зьбіралі толькі ў Ленінскім раёне за адным сталом, асобна фіксавалі жыхароў Ленінскага і Кастрычніцкага раёну, ды ў Кастрычніцкім прызналі несапраўднымі 1,8% подпісаў, у Ленінскім — 16%.

Гэта сьведчыць пра тое, што «недзе падлік вёўся некарэктна», кажа Цапкала. Цяпер ягоны штаб падрыхтаваў звароты ў выбаркамы пра акты адбракоўкі подпісаў — хоча правесьці апытаньні тых людзей, чые подпісы адбракавалі. Найперш хочуць праверыць подпісы ў Фрунзэнскім раёне Менску, дзе адбракавалі 18 тысяч подпісаў, а сабралі агулам звыш 30 тысяч (і страцілі іх усе).

Пра аб’яднаньне зь іншымі кандыдатамі

На пытаньне карэспандэнткі Свабоды аб прадказальнасьці вынікаў судоў і магчымасьці аб’яднаньня зь іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі Цапкала адказаў:

«Давайце спачатку пройдзем працэс юрыдычны, — адказаў ён. — Пасьля, безумоўна, мы будзем з кімсьці з тых людзей, хто застанецца ў сьпісе кандыдатаў у прэзыдэнты, калі гэта не акажамся мы, то так, мы думаем, што такое аб’яднаньне магчымае».

З кім ён разглядае магчымае аб’яднаньне, Цапкала не сказаў — маўляў, «ня будзем бегчы наперадзе цягніка». Ад іншых штабоў прапановы аб супрацы не паступалі.

«Вы ж цудоўна разумееце, што гэта ці неўразуменьне, ці ня ведаю, як яшчэ гэта разумець, бо ніколі ў гісторыі такога не было, што побач калі знаходзіліся недзе наш і Канапацкай, то ў яе аказаліся лішнія подпісы, а ў нас палова…»

Па сацыяльных сетках днём раней хадзіла выява нібыта пасьведчаньня Цапкалы як чальца ініцыятыўнай групы Бабарыкі. Яно несапраўднае, сказаў Цапкала. Але ён дапусьціў, што такое пасьведчаньне маглі надрукаваць памылкова, нават у ЦВК.

Аб праверцы «фактаў супрацьпраўнай дзейнасьці»

Тым часам Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі праводзіць праверку «фактаў супрацьпраўнай дзейнасьці». Заяву на Валера Цапкалу напісаў Сэдат Ігдэджы, турэцкі і беларускі бізнэсовец, уладальнік групы будаўнічых кампаніяў, якія ўдзельнічалі ва ўзьвядзеньні аб’ектаў «Парку высокіх тэхналёгіяў».

Цапкала сказаў, што да яго ў гэтым пытаньні пакуль не зьвярталіся. Ён думае, што падчас праверкі павінны быць пададзеныя дакумэнты не зь ягонага боку.

«Але ўсё, што там гаворыцца, гэта, безумоўна, поўнае трызьненьне, гэта нават камэнтаваць ня хочацца, — дадаў Цапкала. — Я наогул не разумею, што яны там будуць правяраць».

Ён дадаў, што сапраўды знаёмы зь бізнэсоўцам Ігдэджы — «на жаль», «мы ў жыцьці дапускаем памылкі». Цапкала мяркуе, што было памылкай тое, што бізнэсоўца дапусьцілі да забудовы ПВТ: за шэраг нявыкананых абавязкаў яго працу давялося спыняць з удзелам прэм’ер-міністра Мясьніковіча і віцэ-прэм’ера Калінана. Ніводнага абавязаньня Ігдэджы ня выканаў, заявіў Цапкала.

На пытаньне Свабоды аб тым, ці гэта і ёсьць той кампрамат, які нібыта меў Лукашэнка, Цапкала папрасіў спытаць самога Лукашэнку: маўляў, «пры такой колькасьці подпісаў і пры такой грамадзкай падтрымцы» ён не разумее, чаму Лукашэнка можа баяцца канкурэнтаў, якія набіраюць «няшчасныя 100 тысяч». Сам Цапкала сказаў, што на Лукашэнку ня мае ніякага кампрамату.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG