Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Статкевіч упершыню сустрэўся з адвакатам, ён адрынае абвінавачаньні

абноўлена

Мікола Статкевіч

30 чэрвеня палітвязень Мікола Статкевіч меў кароткую сустрэчу з адвакатам, напісала ў Facebook жонка палітыка Марына Адамовіч.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Пасьля „пераезду“ на Валадарку ён пасьпеў пагаліцца і прыняць душ. Верагодна, упершыню за месяц. Уяўляю, якое гэта шчасьце, — прыняць няхай турэмны, але цёплы душ, пасьля таго як ты месяц спрабуеш мыцца з-пад крана, у завашыўленай камеры. Такая вось і ў мяне радасьць», — напісала яна.

У Telegram-канале Статкевіча падрабязьней расказалі пра сустрэчу з адвакатам. Як сьцьвярджаецца, справа Статкевіча і справы затрыманых чальцоў каманды «Страна для жизни» аб’яднаныя ў адну. Статкевічу выставілі падазрэньне ў злачынстве паводле ч.1 арт. 342 КК РБ:

«…групай асобаў з папярэдняй змовай зь Ціханоўскім, Арановічам, Сакавым, Фурманавым, Новікавым і іншымі асобамі, разьмеркаваўшы ролі і ўзгадніўшы дзеяньні, пад фармальнай нагодай збору подпісаў выбарнікаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Ціханоўскай Святланы шляхам пікетаваньня, арганізаваў групавыя дзеяньні, якія адбыліся 29 траўня 2020 году на пл. Савецкай у г. Горадні ў выглядзе незаконнага масавага мерапрыемства мітынгу, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія праявіліся ў наўмысным гвалце і пагрозах ужываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў АУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасьці і прымусе да зьмены характару гэтай дзейнасьці…»

Статкевіч адхіляе падазрэньні, заяўляе, што ніякага злачынства не ўчыняў, а ў Горадні апошні раз быў восеньню мінулага году. Ён таксама паведаміў, што падчас арышту ў ЦІП супраць яго чынілі правакацыі, але ня змог расказаць падрабязнасьці. Сустрэча з адкаватам доўжылася 15 хвілін.

Міколу Статкевіча затрымалі 1 траўня, калі ён ехаў на пікет ля менскай Камароўкі, і адправілі ў турму на Акрэсьціна. Суд двойчы прысудзіў яму па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, ён меў выйсьці на волю 30 чэрвеня, але за некалькі дзён да таго зьявіліся зьвесткі, што яго затрымліваюць у крымінальнай справе паводле артыкулу КК «Падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Міколу Статкевіча праваабаронцы прызналі палітычным вязьнем.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG