Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінігін, Цэсьлер і іншыя дзеячы культуры падпісалі ліст аб «справе Белгазпрамбанку» і арыштаваных карцінах


Менская галерэя «​Арт-Беларусь»​ без карцін з карпарацыйнай калекцыі «Белгазпрамбанку», ілюстрацыйнае фота

Старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі апублікаваў на Facebook адкрыты зварот творчай інтэлегенцыі Беларусі аб лёсе калекцыі «Белгазпрамбанку» і зьняволеньні Віктара і Эдуарда Бабарыкаў.

У канцы мінулага тыдня ліст з заклікам вызваліць Бабарыкаў падпісвалі Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства беларускай мовы і згуртаваньні культурнай супольнасьці Беларусі. Цяперашні зварот не зьвязаны з папярэднім наўпрост.

Новы ліст падпісалі мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін, дызайнэр Уладзімер Цэсьлер, мастацтвазнаўца Тацяна Бембель, мастак Рыгор Сітніца, драматург Аляксей Дудараў і іншыя.

Як адзначаецца ў лісьце, гэта «людзі розных палітычных поглядаў», якія лічаць, што «мастацтва ў любой сытуацыі ня можа быць закладнікам юрыдычных калізіяў, сродкам маніпуляцыяў грамадзкай думкі, прадметам мэдыйных інсынуацыяў».

Карпаратыўную калекцыю твораў, якую сабраў «Белгазпрамбанк» і якую канфіскавалі, далучыўшы да крымінальнай справы супраць былых і дзейных супрацоўнікаў банку, у лісьце называюць беспрэцэдэнтнай у культурным жыцьці Беларусі.

«Карціны прадстаўляюць выключнае значэньне ня толькі для беларускай, але і для сусьветнай культуры, — адзначаюць у лісьце. — Знакамітыя творы калекцыі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, гэта значыць немагчыма вывозіць іх за мяжу без дазволу дзяржавы. Да моманту арышту калекцыя была ў публічнай дасяжнасьці, стала экспанавалася ў галерэі „Арт-Беларусь“. Таму інсынуацыі ў прэсе на тэму падрыхтоўкі да вывазу за мяжу лічым недапушчальнымі. Яны падрываюць давер да дзяржаўных СМІ».

Таксама ў лісьце згадваюць, што былы кіраўнік банку, цяпер зьняволены патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка, у 2015 годзе атрымаў ганаровае званьне «Мэцэнат культуры Беларусі», ладзіў цэлы шэраг культурніцкіх праектаў, як то «Восеньскі салён зь Белгазпрамбанкам», форум «ТэАрт», фэстываль «Арт-Менск» і іншае. Згадваецца і зьняволены сын Віктара Эдуард Бабарыка, які займаўся краўдфандынгавымі пляцоўкамі Ulej.by і MolaMola.by.

«Мы лічым неабходным зрабіць творы калекцыі „Белгазпрамбанку“ дасяжнымі для гледача; аднавіць працу краўдфандынгавых пляцовак MolaMola і Ulej.by, каб забясьпечыць працяг сацыяльна-значнай культурніцкай і дабрачыннай дзейнасьці. Мы лічым, што заслугі перад грамадзтвам і дзяржавай, станоўчая рэпутацыя Бабарыкаў вартыя таго, каб не абмяжоўваць іх волю».

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG