Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культурніцкая супольнасьць Беларусі запатрабавала вызваліць бацьку і сына Бабарыкаў


Эдуард Бабарыка і Віктар Бабарыкі
Эдуард Бабарыка і Віктар Бабарыкі

Культурніцкая супольнасьць Беларусі выступіла з сумеснай заявай, у якой запатрабавала спыніць палітычна матываваны перасьлед і Віктара і Эдуарда Бабарыкаў і вызваліць іх, а таксама «вызваліць» іх культурныя праекты. Тэкст апублікаваны на сайце Беларускага ПЭН-цэнтру.

«Падчас правядзеньня перадвыбарчай кампаніі затрыманыя мэцэнат, грамадзкі дзеяч, экс-старшыня „Белгазпрамбанку“ Віктар Бабарыка і ягоны сын, кіраўнік плятформаў Ulej і MolaMola Эдуард Бабарыка. Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала іх палітвязьнямі, — адзначана ў заяве. — Таксама зьнятыя з паказу і далучаныя да крымінальнай справы творы з карпаратыўнай калекцыі банку, паралізавана дзейнасьць краўдфандынгавых пляцовак».

Прадстаўнікі супольнасьці зьвярнулі ўвагу, што, дзякуючы ініцыятыве Бабарыкі і падтрымцы банку, за апошняе дзесяцігодзьдзе рэалізаваны шэраг важных культурных праектаў, сярод якіх міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», выстава «Дзесяць стагодзьдзяў мастацтва Беларусі», «Восеньскі салён зь „Белгазпрамбанкам“», праект фінансаваньня 15 тысяч асобнікаў пяцітомніка «Галасы Ўтопіі» Сьвятланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову. Віктар Бабарыка ўганараваны званьнем «Мэцэнат культуры Беларусі» па выніках 2014 году.

Зь яго ініцыятывы створана карпаратыўная калекцыя «Белгазпрамбанку» — звыш 150 артэфактаў, ядро якіх складаюць творы мастакоў Парыскай школы, народжаных у Беларусі. 35 экспанатаў збору ўключаныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, значная частка калекцыі экспанавалася ў сталічнай галерэі «Арт-Беларусь».

Цяпер паўтары сотні карцін далучылі да крымінальнай справы, зьвязанай з супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». Мастацтвазнаўцы называюць гэта рэйдэрскім захопам. Лёс і месцазнаходжаньне калекцыі невядомыя.

«У сытуацыі, калі дзяржаўная палітыка ў сфэры культуры арыентаваная пераважна на падтрымку ляяльных уладзе творцаў, за апошнія гады Віктар і Эдуард Бабарыкі стварылі сапраўдную экасыстэму для існаваньня беларускай культуры», — канстатавалі падпісанты.

Апрача Беларускага ПЭН-цэнтру, заяву падпісалі прадстаўнікі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі», цэнтру візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн», міжнароднага форуму «ТэАрт», «Арт Сядзібы», асацыяцыі Belfilm, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, «Перакладчыцкай майстэрні», «Лятучага ўнівэрсытэту», Эўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі, цэнтру культуры VZAP, Press Club Belarus, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, выдавецтваў «Янушкевіч», «Логвінаў», «Пфляўмбаўм» ды іншых.

Дакумэнт адкрыты для далучэньня іншых ініцыятываў.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG