Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта рэйдэрскі захоп». Дзе цяпер мастацкая калекцыя «Белгазпрамбанку» з карцінамі Шагала і Суціна


Падчас ператрусу ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку» 11 чэрвеня
Падчас ператрусу ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку» 11 чэрвеня

«Рэйдэрскім захопам» называюць мастацтвазнаўцы далучэньне да крымінальнай справы карпаратыўнай калекцыі карцін, што належыць «Белгазпрамбанку». БТ не назвала арыштаваныя творы, але буйным плянам паказала «Еву» Хаіма Суціна коштам 1 мільён 805 тысяч даляраў. Свабода высьвятляла, дзе цяпер унікальная карпаратыўная калекцыя, агульны кошт якой — 20 мільёнаў даляраў.

БТ: «Паўтары сотні карцін далучаныя да крымінальнай справы»

Паводле інфармацыі дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1», «паўтары сотні карцін коштам 20 мільёнаў даляраў далучаныя да крымінальнай справы» і «ёсьць інфармацыя, што іх рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны».

Калекцыя «Белгазпрамбанку» налічвае больш за 150 артэфактаў — карціны, скульптуры, кнігі. Найбольш каштоўная частка калекцыі — творы мастакоў Парыскай школы родам зь Беларусі: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна, Пінхуса Крэменя, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча.

Дарэчы, у 2014 годзе тая ж Белтэлерадыёкампанія на замову «Белгазпрамбанку» зьняла сэрыял з 9 дакумэнтальных фільмаў «Парыская школа. Ураджэнцы Беларусі», дзе з захапленьнем расказвала, да прыкладу, пра вяртаньне твораў таго ж Суціна на радзіму. Асьветны праект атрымаў галоўную дзяржаўную тэлевізійную ўзнагароду — «Тэлевяршыню».

У карпаратыўнай калекцыі банку — Шагал, Суцін, Бакст і нават Скарына

З 2011 году «Белгазпрамбанк» зьбіраў мастацкую калекцыю. Ініцыятарам гэтага стаў тагачасны кіраўнік Віктар Бабарыка. Мэта — вярнуць творы славутых беларусаў на радзіму.

«Унікальнасьць гэтай калекцыі ў тым, што прадстаўлены мастакі — ураджэнцы Беларусі. Кожны з гэтых мастакоў мае сувязь зь Беларусьсю, месца нараджэньня — Беларусь. Гэта мастакі з усясьветным імем — перш за ўсё Марк Шагал і Хаім Суцін, — кажа мастацтвазнаўца Тамара Карандашава, якая знаецца на мастаках Парыскай школы родам зь Беларусі. — Калі мы „на экспарт“ кажам: „Мы ж радзіма Шагала, радзіма Суціна“, дык тады давайце ставіцца да гэтага з павагай!»

Самым дарагім экспанатам «Белгазпрамбанку» стала карціна Суціна «Ева», набытая на аўкцыёне «Сотбіс» у 2013 годзе за 1,805 мільёна даляраў.

Хаім Суцін. Ева
Хаім Суцін. Ева

«Белгазпрамбанк» набыў і некалькі твораў Марка Шагала: «Зялёны пэйзаж» (137 тысяч даляраў), «Люнатык» (341 тысяча даляраў), «Гадзіньнік на палаючым небе» (605 тысяч даляраў).

Ёсьць у калекцыі і шмат скульптур. Так, каля будынка «Белгазпрамбанку» летась усталявалі скульптуру Восіпа Цадкіна «Носьбіт дароў», купленую на аўкцыёне Christie’s за 341 тысячу даляраў.

У калекцыі «Белгазпрамбанку» былі і каштоўныя кнігі: да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня набылі «Малую падарожную кніжку» 1522 году выданьня.

Значная частка калекцыі з 2017 году выстаўлена ў галерэі «Арт-Беларусь», якая месьціцца ў Палацы мастацтваў і да сёньняшняга дня была даступная для ўсіх.

«Гэта называецца „рэйдэрскі захоп“»

Мастацтвазнаўца Тамара Карандашава назвала далучэньне калекцыі да крымінальнай справы рэйдэрскім захопам.

«Калекцыя была ў вольным доступе, а не ў засеках у Бабарыкі. Як можна ўзяць і арыштаваць калекцыю, якая належыць банку? Гэта не калекцыя Віктара Бабарыкі, гэта калекцыя банку. Яны ўзялі і забралі ўласнасьць банку! Гэта што, рэвалюцыя 1917 году? „Буржуі прыйшлі, бі буржуяў!“ Аналёгія менавіта такая.

Гэта называецца „рэйдэрскі захоп“. Гэта ж уласнасьць „Белгазпрамбанку“, а не Бабарыкі. Абурае, што захопленая калекцыя, якая не належыць дзяржаве, куплена на грошы банку, і гэтую закупку ўхвалілі акцыянэры, бо без рашэньня акцыянэраў старшыня ня можа нічога набыць», — тлумачыць мастацтвазнаўца.

На думку суразмоўцы, гэта ўсё разьлічана на пэўную катэгорыю электарату, якая «ня ведае, што такое мастацтва, ня ходзіць у музэі».

«Ну, пра Шагала, можа, і чулі. А пра Суціна ды іншых — наагул паняцьця ня маюць. І што такое „Парыская школа“, ня ведаюць. Галоўнае гучыць — „накраў на 20 мільёнаў! Трымай злодзея!“ Хто заўсёды гучней за ўсіх крычыць? Сам злодзей і крычыць!» — дадае Тамара Карандашава.

Дзе цяпер калекцыя?

З раніцы панядзелка Свабода спрабавала высьветліць, дзе цяпер знаходзіцца калекцыя.

Начальнік упраўленьня інфармацыі Сьледчага камітэту палкоўнік Сяргей Кабаковіч адказаў, што гэтага ня ведае.

«Ніякай інфармацыі ў мяне няма. Высьвятляйце ў тых, хто заявіў пра гэта», — кажа Сяргей Кабаковіч.

Куратар карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» Аляксандар Зіменка перадаў праз дырэктара Палаца мастацтваў, што па ўсіх пытаньнях упаўнаважаны кантактаваць толькі начальнік упраўленьня інфармацыйнай палітыкі «Белгазпрамбанку», прэсавы сакратар Сяргей Скляраў.

«Калекцыя знаходзіцца ў сховішчы калекцыі карцін. Для аматараў мастацтва яна недаступная», — коратка напісаў Свабодзе Сяргей Скляраў. Пра якое сховішча гаворка, не ўдакладніў. Ва ўсякім разе, у галерэі «Арт Беларусь», дзе карціны выстаўляліся з 2017 году, іх цяпер няма.

«Я цяпер не супрацоўнік банку і не магу камэнтаваць, што там адбываецца, — сказаў падчас пікету па зборы подпісаў у Бабруйску вечарам 15 чэрвеня Віктар Бабарыка. — Але лёгіка вяртаньня карцін у краіну, затрата ўласных грошай банку, наданьне ім статусу, выстаўленьне іх у публічным доступе... Яны належаць акцыянэрам. Навошта іх некуды вывозіць?»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG