Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прашарсьціць пузатых буржуяў». Лукашэнка заявіў, што за адмову падпісацца за апазыцыянэраў звальняюць з працы


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сабраў 10 чэрвеня нараду з удзелам кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенкі, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай і кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана.

Як піша БелТА, Лукашэнка даручыў ім заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў:

«У апошні час, упэўнены, і вам таксама, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей аб ходзе так званай гэтай выбарчай кампаніі, — заявіў Лукашэнка. — Што мяне абурае асабліва, у Менску, іншых гарадах (гэта характэрна для гарадоў) прыватныя кампаніі звальняюць людзей. Пры тым, баюся сказаць масава, але досыць шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей. Тых, хто не аддаў подпісу за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава не расьпісаўся — сыходзь».

Ён дадаў, што на дзяржаўных прадпрыемствах такога няма. Ён загадаў «аднавіць гэтых людзей або заплаціць ім за тры, два ці адзін месяц», калі кагосьці «выкінулі беспадстаўна».

Лукашэнка даручыў выпрацаваць схему з генэральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, сьледчыя органы і «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».

У якіх кампаніях так робяць, за каго прымушаюць падпісацца і калі раней ён такое заяўляў, Лукашэнка не сказаў. Публічных скаргаў на такія здарэньні знайсьці не ўдалося, але ня раз беларусы скардзіліся на адваротнае: прымус падпісацца за Лукашэнку на дзяржаўных прадпрыемствах.

Цэнтральная выбарчая камісія разглядала скаргу патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыку на такія заявы аб прымусе падпісацца за Лукашэнку, але на ўсе скаргі адказала адмовай: або ня выявілі, хто на каго скардзіўся, або спыталі таго, на каго скардзіліся, і гэты чалавек заявіў пра адсутнасьць парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG