Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку падчас выбараў 2015 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку падчас выбараў 2015 году

Калі на чацьвёрты дзень ад пачатку збору подпісаў (прычым два з гэтых дзён былі выходныя) ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што сабрала ўжо 200 тысяч, людзі ў сацыяльныя сетках, Telegram-каналах пачалі расказваць, як на іх ціснуць і прымушаюць падпісвацца.

Паводле такіх расказаў, асабліва «шчыруюць» кіраўнікі бюджэтных арганізацый, школ. Свабода зьвязалася з кіраўнікамі некаторых школ і прадпрыемстваў.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

Прафарг БелАМА: «Для сябе я паставіў плянку — зьбіраць да 10 подпісаў у дзень»

Людзі паведамляюць, што на прамысловых прадпрыемствах да работнікаў прыходзяць ужо з запоўненымі падпіснымі лістамі, прапануюць толькі паставіць подпіс і дату.

«У панядзелак прафоргі ў кожнае падразьдзяленьне прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі, дзе ўжо былі ўпісаныя прозьвішча, імя і імя па бацьку, год нараджэньня і пашпартныя дадзеныя. Трэба было толькі паставіць дату і подпіс. Я адмовіўся, людзі падпісваліся», — сказаў Свабодзе інжынэр Менскага мэханічнага заводу імя Вавілава, што ўваходзіць у холдынг БелАМА.

Старшыня прафкаму холдынгу «БелАМА» Аляксей Сьвядыш сьцьвярджае, што сьпісаў няма, подпісы зьбірае ён сам, прыходзіць да людзей з падпіснымі лістамі толькі ў непрацоўны час — у абед, да і пасьля працы. Пачаў ён зьбіраць подпісы ў чацьвер, 21 траўня.

«За чацьвер, пятніцу і панядзелак я асабіста сабраў 56 подпісаў, у аўторак у абед — 8.

Для сябе я паставіў плянку зьбіраць да 10 подпісаў у дзень. За месяц зьбяру 150–200 подпісаў. Людзі падпісваюцца добраахвотна.

Прыходжу на працу раней на гадзіну — у 7:30, размаўляю зь людзьмі да працы, у абед», — кажа прафарг БелАМА Аляксей Сьвядыш.

Дырэктар пінскай гімназіі кінуў слухаўку

У настаўніцкім чаце пінскай гімназіі № 1 у вайбэры дырэктар гімназіі Алег Анатолевіч Засім пакінуў паведамленьне ўсім супрацоўнікам, каб заўтра ўсе прыйшлі на працу з пашпартамі.

«Паважаныя калегі! Пераканаўчая просьба ўзяць заўтра з сабой на працу пашпарты і зайсьці да мяне ў кабінэт».

Скрыншот паведамленьня Алега Засіма
Скрыншот паведамленьня Алега Засіма

На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць, чаму дырэктар гімназіі выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс, Алег Анатолевіч вельмі эмацыйна прамовіў:

«Я нічога такога не рабіў і нічога камэнтаваць ня буду».

На пярэчаньне, што ў рэдакцыі ёсьць скан ягонага паведамленьня ў вайбэры, спадар Засім кінуў слухаўку.

Яшчэ адно паведамленьне прыйшло наконт сталічнай школы № 51. Тут подпісы зьбіраюць ня толькі сярод супрацоўнікаў, але і сярод бацькоў.

Дырэктарка школы № 51 Галіна Чэрнік, пачуўшы пытаньне Свабоды, сказала, што яна праводзіць плянэрку і ня можа размаўляць. Пазьней слухаўку яна больш ня брала. Сакратарка адказвала, што дырэктаркі няма ў кабінэце, яна ходзіць па школе. Потым у дырэктаркі школы быў прыём грамадзян.

«Калі мы палічым неабходным даць камэнтар, мы дамо — у кабінэце дырэктара»

Скрыншот паведамленьня
Скрыншот паведамленьня

«Мазыр, 10-я школа. Завуч сабрала ўвесь пэрсанал у настаўніцкай. Спачатку зьбіралі подпісы. А потым на іх падставе дзялілі прэміі. Хто пакінуў дадзеныя і подпіс — 50% ад акладу. Хто ўстрымаўся (з паважных прычын: забыўся пашпарт, захварэў) — 20%. Адмоўнікам — у кабінэт дырэктара з чыстым аркушам — пісаць заяву па згодзе бакоў».

Ананімная крыніца, якая ў аўторак увечары напісала пра прымусовы збор подпісаў на сходзе, паведаміла, што ўжо тэлефанавалі са школы: маўляў, вы ўсё няправільна зразумелі, прэміі даваліся не за подпісы, а за ўкараненьне інфармацыйных тэхналёгій.

Тацяна Бярозкіна, намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы мазырскай сярэдняй школы № 10, нават ня выслухала пытаньне Свабоды: адчувалася, што адміністрацыя школы ўжо падрыхтаваная ўсё абвергнуць.

«Мы ўжо чыталі, не пераказвайце. Гэта фэйк, гэта няпраўда. І ў нас ёсьць тысяча доказаў на ўсе словы, што гэта ня так. Прэміі дзеляцца не з удзелам усяго калектыву», — заявіла Тацяна Бярозкіна.

«Я асабіста — сябра ініцыятыўнай групы за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. З нашай школы я адзіная — сябра ініцыятыўнай групы. Калі вас цікавіць збор подпісаў, хочаце атрымаць камэнтар, званіце дырэктару школы», — сказала Тацяна Бярозкіна.

На пярэчаньне — пры чым тут дырэктар, пытаньне ж да яе як сябры ініцыятыўнай групы? — Тацяна Міхайлаўна адказала, што дырэктар школы — яе наймальнік, і ўсе пытаньні да яго.

«Дырэктар школы — мой наймальнік. Прыяжджайце сюды, размаўляйце з дырэктарам, калі мы палічым неабходным даць камэнтар, мы дамо — у кабінэце дырэктара», — адказала Тацяна Бярозкіна.

Авіярамонтны завод: «Подпісы на прадпрыемстве зьбіраюць, але толькі па жаданьні»

Прыслалі паведамленьне і зь Менскага авіярамонтнага заводу № 407.

«На Менскім заводзе цывільнай авіяцыі ўсіх супрацоўнікаў просяць зайсьці ў аддзел кадраў і паставіць дату і подпіс. Усе дадзеныя людзей ужо запоўненыя, дастаткова паставіць подпіс (за Лукашэнку, натуральна).

Непрацягам кантракту не палохаюць, таму многія адмаўляюцца», — піша ананімная крыніца.

Начальнік аддзелу кадраў авіярамонтнага заводу Юры Іванавіч абвяргае гэтую інфармацыю.

«Я ня сябра ініцыятыўнай групы. Ня ведаю, ці ёсьць з супрацоўнікаў аддзелу кадраў хтосьці ў ініцыятыўнай групе. Подпісы на заводзе зьбіраюць, але толькі па жаданьні», — адказаў начальнік аддзелу кадраў авіярамонтнага заводу № 407.

Шклозавод «Нёман»: «Людзі ходзяць па кватэрах, сустракаюцца на вуліцы, зьвяртаюцца да знаёмых»

Ёсьць допіс і з ААТ «Шклозавод «Нёман», што ў вёсцы Бярозаўка Лідзкага раёну.

«У парушэньне палажэньняў Выбарчага кодэксу з выкарыстаньнем службовага становішча распачаты збор подпісаў у падтрымку аднаго з кандыдатаў... У выпадку невыкананьня агучана пагроза — непрацяг працоўнага кантракту».

Шклозавод знаходзіцца ў Бярозаўцы Лідзкага раёну. Людзі, якія там працуюць, трымаюцца за працоўнае месца, бо з працай у Лідзкім раёне вельмі складана, адміністрацыя запалохвае — зь непаслухмянымі і з тымі, хто не даспадобы, проста не працягнуць кантракт, патлумачыла Свабодзе работніца «Нёману».

Валянціна Нагабез, намесьніца дырэктара па ідэалягічнай працы, сацыяльных пытаньнях і кадрах шклозаводу «Нёман», пацьвердзіла Свабодзе, што збор подпісаў на заводзе ідзе, але колькі падпісалася — яна, сказала, ня лічыць.

«Гэтую працу каардынуе выканкам. Я ня ведаю, адкуль у вас такая інфармацыя. Чаму зьбіраюць подпісы на заводзе? Ня толькі. Людзі ходзяць па кватэрах, сустракаюцца на вуліцы, зьвяртаюцца да сваіх знаёмых. Хтосьці падпісваецца, хтосьці не падпісваецца.

На самой справе ніхто ніякіх разнарадак не даваў. Даведзеных лічбаў няма і ніколі не было — гэта я кажу вам як чалавек са стажам: на заводзе працую амаль 40 гадоў», — кажа намесьніца дырэктара па ідэалёгіі шклозаводу «Нёман» Валянціна Нагабез.

Што кажа закон

Дырэктары школ, кіраўнікі прадпрыемстваў, адміністрацыя ня маюць права ціснуць на падначаленых, прымушаць і заахвочваць іх паставіць подпіс за пэўнага кандыдата.

Згодна з 61 артыкулам Выбарчага кодэксу «Ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджваньне выбаршчыкаў за ўнясеньне подпісу, не дапускаюцца.

Парушэньне гэтых патрабаваньняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі альбо адмены рашэньня аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь».

Забараняецца зьбіраць подпісы і ў працоўны час, у камандзіроўках.

Подпісы могуць зьбіраць толькі сябры ініцыятыўнай групы — тыя, хто мае асабістае пасьведчаньне с фатаграфіяй.

Ёсьць у Выбарчым кодэксе і асобны артыкул 49 — «Адказнасьць за парушэньне патрабаваньняў Выбарчага кодэксу».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG