На нарадзе 25 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах у 2020 годзе ўжо сабралі «пад 200 тысяч» подпісаў зь неабходных 100 тысяч.
На гэтым, дадаў Лукашэнка, «спыняцца ня трэба», але «ні ў якім разе» нельга ціснуць на людзей. Збор подпісаў ідзе да 19 чэрвеня ўключна.
З улікам таго, што подпісы можна было зьбіраць ад 21 траўня, выходзіць, што «пад 200 тысяч» подпісаў сабралі за чатыры дні. У ініцыятыўнай групе Лукашэнкі, як сьцьвярджаецца, запісана каля 11 тысяч чалавек — гэта значыць, аднаму зьбіральніку подпісаў трэба было сабраць каля 4 подпісаў за дзень.
Лукашэнка на нарадзе заявіў, што выбары — гэта «экзамэн», які «здаюць народу», таму трэба «годна правесьці гэты фінішны этап гэтай пяцігодкі», «каб людзі разумелі, з кім яны маюць справу, і маглі параўнаць нашыя прапановы з прапановамі альтэрнатыўных кандыдатаў».
Таксама Лукашэнка сказаў «аналізаваць» і дакладаць яму, пра што людзі просяць, калі ставяць за яго подпіс, але забараніў зьвяртаць увагу на акцыі пратэсту:
«Галоўны мой іспыт — гэта кіраваць краінай, і каб людзі бачылі, што ёсьць прэзыдэнт у краіне. Нельга нам адцягвацца на мітынгі і рознага кшталту заявы — гвалт нейкі. У нас няма часу на гэта», — заявіў ён.
За месяц да прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка паабяцаў назваць новы склад ураду.
Лукашэнка заявіў, што цяпер — «самыя цяжкія часы за ўвесь прэзыдэнцкі пэрыяд, адны з самых цяжкіх, гэта дакладна». Ён дадаў, што былі часы, калі «хлеба не было і наогул карміць народ не было чым», згадаў 1994 год, калі нібыта «на тры дні ў Менску заставалася мукі, каб хлеб сьпячы». Цяпер жа часы цяжкія не праз каранавірус, а «таму, што з усіх бакоў у гэтай сытуацыі аказваўся наймацнейшы ціск».
«Вы ведаеце, праз пэўныя абставіны і той шлях, які мы выбралі пры лячэньні, мы апынуліся адзінымі ў сьвеце з такім шляхам і з пэўнымі вынікамі, — разважаў Лукашэнка. — Што ня можа ў кагосьці не выклікаць сумневаў і пытаньняў: ну ня можа быць, каб беларусы вось так вось у адзіночку змаглі прайсьці гэты этап. Я не кажу, што ён скончыўся. Я наогул забабонным стаў за гэтыя месяцы».