Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае «плято» пандэміі ад Міністэрства аховы здароўя?


Намесьніца міністра здароўя Беларусі Алена Богдан

Пра тое, што Беларусь выйшла на плято пандэміі, заявіла 15 траўня намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан. Ці так гэта і што гэта азначае?

Фармальна кажучы, так. На працягу апошніх двух тыдняў паказьнік новых штодзённых захворваньняў вагаецца вакол значэньня 920 зь невялікай амплітудай. Калі ў красавіку рост адбываўся паводле геамэтрычнай прагрэсіі — у сярэднім на 7–8% у дзень, то за апошнія тыдні — паводле арытмэтычнай: штодзень дадаецца прыкладна аднолькавая колькасьць новых інфікаваных. Рост працягваецца, але ўжо без паскарэньня.

Што, зразумела, ёсьць сымптом станоўчы. Калі справа ня ў хітрыках статыстыкі. Магчыма, і ня ў іх. Беларусь, як і пэўны час раней, утрымлівае першае месца ў Эўропе паводле новых захворваньняў на мільён насельніцтва. Прынамсі, падрабляць лічбы, каб пазбавіцца гэтага «лідэрства», ня сталі. Можа, і наагул ня сталі. Прынамсі лічбы захворваньня.

Але што азначае гэтае плято з пункту гледжаньня далейшай хады эпідэміі, ці азначае пералом у яе хадзе? Да пэўнай ступені так. Але цікавая рэч — мала ў якіх краінах, у якіх пандэмія пайшла відавочна на спад, той самы пэрыяд плято назіраўся. Вывучэньне графікаў штодзённых новых захворваньняў у многіх краінах дэманструе адсутнасьць такога пляскатага ўчастку траекторыі.

У большасьці — спачатку імклівы рост, потым больш павольны, потым пік, і за ім зьніжэньне. Гэта, груба кажучы, трохкутнік, а не трапэцыя з пляскатым участкам зьверху.

Вось некаторыя прыклады (скрыншоты с сайта worldometers.info):

Нямеччына

Францыя

Данія

Пляскатага ўчастку са стабільным, нязьменным прыростам новых хворых не было ў ніводнай з гэтых і многіх іншых краінаў, не было нават кароткага, а ня тое што двухтыднёвага, як у Беларусі. Паўсюль траекторыя: рост — пік — зьніжэньне.

Хоць выключэньні ёсьць. Напрыклад, Украіна.

На ўкраінскім графіку сапраўды відаць пэўнае плято, прыкладна аднолькавы штодзённы прырост на працягу даволі доўгага пэрыяду. Тое самае — і на беларускім графіку.

Паўтаруся, гэта не абавязкова вынік маніпуляцый са статыстыкай. Але зьява даволі рэдкая ў параўнаньні з многімі іншымі краінамі. Што ўсё ж азначае выхад на плято, ці ёсьць гэта папераджальны індыкатар таго, што пандэмія ў краіне ідзе на спад?

Наагул кажучы, не. Наагул кажучы, распаўсюд хваробы можа даволі доўга працягвацца зь цяперашняй інтэнсіўнасьцю, а то і зноў паскорыцца.

Больш адэкватны і ўстойлівы паказьнік дынамікі пандэміі — колькасьць так званых актыўных выпадкаў. Гэта значыць, тых, хто захварэў і пакуль яшчэ хварэе, хто яшчэ не паправіўся і не памёр.

Паказьнік штодзённых выпадкаў даволі моцна вагаецца, паказьнік актыўных выпадкаў больш стабільны і на ім выразьней відаць, дзе пачынаецца спад эпідэміі.

Кітай

Нямеччына

Гішпанія

Італія

Аўстрыя

Ну, і для параўнаньня — Беларусь.

У выпадках 5 папярэдніх краін відавочны пералом, пік, пасьля якога адбываецца няўхільны рух уніз, зьмяншэньне колькасьці актыўных выпадкаў. На беларускім графіку гэтага не назіраецца. Пакуль, на жаль, толькі ўверх.

Так што канстатацыя наконт плято, зробленая намесьніцай міністра аховы здароўя, справядлівая і абазначае станоўчую тэндэнцыю, калі яна працягнецца. Але пералому ў ходзе пандэміі яна пакуль не азначае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG