Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы знаходзімся на плято» з COVID-19, заявіла намесьніца міністра здароўя Беларусі. Ці так гэта?


Намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, архіўнае фота
Намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, архіўнае фота

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ 14 траўня намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан спачатку заявіла, што ў эпідэміі COVID-19 «мы выходзім на плято», пасьля — што наогул «мы на яго ўзабраліся і пакуль на гэтым плято знаходзімся».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Богдан казала гэта ў адказ на пытаньне вядоўцы пра тое, ці будуць больш выяўляць выпадкаў, калі будуць праводзіць больш тэстаў. Тое пытаньне вядоўца агучыў пасьля заявы Богдан аб «недапушчэньні лявінападобнага росту захваральнасьці».

«Мы апошнім часам выходзім на так званае плято, калі мы выяўляем у сярэднім дзесьці каля 8,7–9,7% ад колькасьці тэстаў, якія мы правялі, і калі ўзяць вось гэтую нашую дыяграму, мы на гэтае плято, вось зараз мы бачым, мы на яго ўзьлезьлі і пакуль на гэтым плято знаходзімся», — заявіла Алена Богдан (на відэа ад 1.17:47).

Звычайна ў сьвеце пад «выхадам на плято» маюць на ўвазе спыненьне росту колькасьці хворых, а не спыненьне росту колькасьці тэстаў на дзень. Адказ жа на пытаньне вядоўцы — «імаверна, так»: чым больш будуць рабіць тэстаў, тым больш будзе выяўленых выпадкаў. Раней у тым жа эфіры Богдан не адмаўляла гэтага, але на прамое пытаньне вядоўцы адказала словамі пра «плято».

«Выхад на плято» ў зробленых тэстах на дзень, а ня ў колькасьці хворых

Названыя Богдан лічбы не супадаюць нават з афіцыйнай статыстыкай міністэрства. Паводле афіцыйных паведамленьняў, адсотак станоўчых тэстаў у апошнія дні быў такі:

  • 06.05 — 10,43% станоўчых вынікаў з 8676 тэстаў;
  • 07.05 — 9,69% з 9421;
  • 08.05 — 8,74% з 10680;
  • 09.05 — 8,18% з 11625;
  • 10.05 — 7,82% з 11772;
  • 11.05 — 8,87% з 10517;
  • 12.05 — 9,31% з 10385;
  • 13.05 — 7,98% з 11935;
  • 14.05 — 8,04% з 11776.

5 траўня ў афіцыйнай статыстыцы была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак COVID-19.

Але калі ня ўлічваць гэтую анамалію, выходзіць, што чым больш тэстаў робяць, тым больш хворых выяўляюць — у такой сытуацыі зьмяншэньне колькасьці новых выпадкаў будзе хіба тады, калі зьменшыцца колькасьць тэстаў. «Выйшаў на плято» графік колькасьці зробленых тэстаў, і за кошт гэтага пры стабільным адсотку станоўчых вынікаў «выйшаў на плято» графік новых выпадкаў на дзень.

Колькасьць «актыўных выпадкаў» — хворых проста цяпер, без уліку выпісаных і памерлых — у Беларусі расьце няспынна. Не было ніводнага дня, калі б выпісалі здаровымі і прызналі памерлымі больш, чым выявілі новых хворых. У апошнія дні прырост «актыўных выпадкаў» — сотні чалавек на дзень.

Графік агульнай колькасьці выяўленых выпадкаў таксама не выглядае так, нібы мае плято.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG