У Беларусі прызналі 112 сьмерцяў інфікаваных COVID-19

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 6 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Паводле міністэрства, на 6 траўня:

  • агулам 19 255 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 112 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
  • 4388 пацыентаў выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 905 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 617 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 220 045 тэстаў;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Нуль тэстаў за 4 траўня ці ўдвая менш за звычайнае 5-га?

Днём раней Міністэрства здароўя паведаміла пра 17 489 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 784 за дзень) і 103 пацьверджаныя сьмерці інфікаваных.

Дзень і два дні таму называлася аднолькавая колькасьць зробленых тэстаў: 211 369, нібы за 4 траўня не зрабілі ніводнага тэсту. Цяпер жа названая колькасьць тэстаў, на 8676 большая за ранейшую. Цягам апошняга тыдня прыблізна столькі, 7–9,5 тысячы тэстаў, і рабілі. Але калі 8676 тэстаў зрабілі не за дзень, а за два, то значыць, што колькасьць тэстаў на дзень вярнулася да той, што была 20 красавіка і раней.

Міністэрства здароўя 5 траўня ніяк не тлумачыла адсутнасьць новых тэстаў у статыстыцы. У той жа дзень, яшчэ да міністэрства, «учорашнюю» колькасьць тэстаў агучыў Аляксандар Лукашэнка, які да таго ж заявіў, што Беларусь нібы на другім месцы ў сьвеце паводле тэстаў на душу насельніцтва.

Тым часам беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі.

​
XS
SM
MD
LG