Аляксандар Лукашэнка 5 траўня агучыў новую статыстыку аб распаўсюдзе COVID-19 у Беларусі. Міністэрства аховы здароўя яшчэ не публікавала афіцыйныя лічбы.
Паводле Лукашэнкі, словы якога перадае БелТА, на 5 траўня ў Беларусі выявілі агулам 18 350 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі (гэта значыць, плюс 861 выпадак за дзень), «было каля сотні памерлых ад шэрагу хваробаў, ускладненых каранавірусам», за два з паловай месяцы зрабілі 211 369 тэстаў (такая ж лічба называлася днём раней).
Агулам у краіне, заявіў Лукашэнка, цяпер каля 12 400 выпадкаў пнэўманіяў усіх відаў, у тым ліку каранавіруснай пнэўманіі, каля 1 тысячы цяжка хворых, задзейнічана толькі «дзясятая частка» апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. «За суткі вызвалілася 300 ложкаў», дадаў ён, але ці гаворка менавіта пра выпісаных здаровымі пасьля COVID-19, незразумела.
Лічбы Міністэрства аховы здароўя
Пазьней афіцыйную статыстыку на 5 траўня апублікавала Міністэрства аховы здароўя:
- агулам 18 350 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 107 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
- 3771 пацыент выздаравеў і быў выпісаны пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 861 выпадак і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 512 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 211 369 тэстаў (такую ж лічбу называлі днём раней);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Таксама 5 траўня міністар унутраных справаў паведаміў, што новым каранавірусам інфікаваныя каля 500 міліцыянтаў (34 ужо паправіліся) і 2 зьняволеныя ў калёніях (1 ужо паправіўся).
Днём раней Міністэрства здароўя паведаміла пра 17 489 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 784 за дзень) і 103 пацьверджаныя сьмерці інфікаваных.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі.