Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль: Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамэндацыі САЗ


Жузэп Барэль
Жузэп Барэль

Пра гэта сказаў Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Рыкарду Юзьвяку.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі​

Адказваючы на пытаньне, ці заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што каранавірусная пандэмія зьяўляецца насамрэч «псыхозам», не паўплывае на адносіны Брусэлю зь Менскам, Барэль адзначыў:

«Не далей як на мінулым тыдні я размаўляў зь міністрам замежных спраў Беларусі, спадаром Макеем. І я падкрэсьліў, што сумесная праца ў рамках шматбаковай сыстэмы зьяўляецца найбольш эфэктыўным спосабам рэагаваньня на каранавірусны крызіс. І я таксама ведаю, што ўлады Беларусі ўжо цесна супрацоўнічаюць з Сусьветнай арганізацыяй здароўя, але таксама ведаю, што трэба больш. Такім чынам, я заклікаю ўлады Беларусі прытрымлівацца рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя адносна прадухіленьня пандэміі.

І каб дапамагчы ім, мы ўжо казалі пра нашу падтрымку, і ў гэтую падтрымку ўваходзіць больш за 60 мільёнаў [эўраў] для сыстэмы аховы здароўя. Так што мы прыносім і прапануем дапамогу. Але зь іншага боку, мы просім прытрымлівацца рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя адносна пандэміі. Немагчыма, каб з аднаго боку прапанавалі дапамогу, [а з другога] не выконвалі рэкамэндацый, якія мы рэалізуем у нашых краінах і просім усіх выконваць».

21 красавіка намесьнік старшыні Эўрапейскай камісіі Жузэп Барэль паведаміў у размове зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, што Беларусі прызначаецца больш за 60 млн эўраў са сродкаў, выдзеленых на праграмы двухбаковага супрацоўніцтва ў межах глябальнай праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнэрства. Раней паведамлялася, што гэтыя грошы пойдуць на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы: напрыклад на куплю аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэсьпіратараў, а таксама на трансьмежныя праекты.

Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала рэзюмэ аб місіі ў Беларусі 8–11 красавіка. Ключавыя рэкамэндацыі для Беларусі ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 засталіся амаль такімі ж, як раней, некаторыя былі дапоўненыя:

  • перанесьці ўсе масавыя мерапрыемствы, у тым ліку спартовыя, культурныя, палітычныя (такога слова ў ранейшых рэкамэндацыях не было, ёсьць толькі ў расейскай, але не ангельскай вэрсіі) і рэлігійныя;
  • забясьпечыць далейшую ізаляцыю і лячэньне пацыентаў з COVID-19 і ізаляцыю ва ўмовах карантыну тых, хто зь імі кантактаваў;
  • укараніць (у ангельскай вэрсіі — «даць магчымасьць для») дыстанцыйную працу і дыстанцыйнае навучаньне;
  • спыніць дзейнасьць усіх «другасных» (у ангельскай вэрсіі — «неабавязковых») арганізацыяў, прадпрыемстваў і суб’ектаў эканомікі і інш.

«Як сусед Беларусі мы яўна занепакоеныя бясьпекай новай АЭС»

Жузэп Барэль таксама згадаў пабудову Астравецкай АЭС блізка мяжы Беларусі зь Літвой:

«Як сусед Беларусі мы яўна занепакоеныя бясьпекай новай АЭС, якая будуецца Беларусьсю на мяжы зь Літвой. Літва і Эўразьвяз падзяляюць аднолькавае меркаваньне. Беларусь павінна працягваць супрацоўніцтва з экспэртамі ў пытаньнях бясьпекі Эўразьвязу дзеля належнага і поўнага выкананьня рэкамэндацый па павышэньні бясьпекі гэтай станцыі».

Гаворачы агульна пра праграму Ўсходняга партнэрства, Барэль назваў Украіну ключавым партнэрам ЭЗ сярод усходніх суседзяў. «Ніхто не падтрымлівае Ўкраіну больш, чым Эўразьвяз», — падкрэсьліў ён. Паводле кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ, цяпер неабходна засяродзіцца на ажыцьцяўленьні пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, а ў пэрспэктыве магчымая і больш цесная інтэграцыя.

Барэль таксама заклікаў забясьпечыць свабодны доступ гуманітарнай дапамогі ў Данбас, у тым ліку ў рэгіёны, кантраляваныя прарасейскімі сэпаратыстамі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG