Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь не атрымала ад Эўразьвязу макрафінансавую дапамогу


На мінулым тыдні Эўракамісія прыняла рашэньне выдзеліць тры мільярды эўра як макрафінансавую дапамогу 10 краінам — васьмі з Усходняй Эўропы і Балканаў, а таксама Тунісу і Ярданіі — для абмежаваньня эканамічных наступстваў пандэміі каранавірусу.

Грошы будуць выдзеленыя на працягу 12 месяцаў у форме пазыкі на «вельмі выгадных умовах». Памеры гэтых крэдытаў розныя — ад 1,2 мільярда эўра Ўкраіне да 60 мільёнаў эўра Чарнагорыі.

Чаму Беларусі няма ў сьпісе краін-атрымальніц гэтай дапамогі? — такое пытаньне задаў наш карэспандэнт Рыкард Юзьвяк Валдысу Дамброўскісу, намесьніку эўракамісара па пытаньнях эканомікі.

Прадстаўнік Эўракамісіі заявіў, што Беларусь праявіла цікавасьць да праграмы макрафінансавай дапамогі, і дадаў, што Эўракамісія шчыльна кантактуе зь беларускімі ўладамі. Аднак, паводле Дамброўскіса, ёсьць і пэўныя палітычныя перадумовы, якія неабходна выканаць. Ён таксама дадаў, што Беларусі неабходна таксама зьвярнуцца па дапамогу да МВФ.

Варта заўважыць, што да Фонду Беларусь па дапамогу ўжо зьвярнулася, але і адтуль станоўчага адказу пакуль няма.

Складана сказаць, што меў на ўвазе намесьнік эўракамісара пад палітычнымі перадумовамі. Беларусь ня мае з Эўразьвязам нават стандартнай дамовы аб добрасуседзтве і супрацоўніцтве, перамовы аб яе заключэньні ідуць шмат гадоў.

Наўрад ці можна чакаць, што Беларусь у хуткім часе пойдзе насустрач Эўразьвязу ў гэтым пытаньні. Да таго ж працэдуры заключэньня такіх дамоваў доўгія, а патрэба ў дапамозе пільная.

Ня выключана, што гаворка ідзе пра літоўскія прэтэнзіі да Беларусі наконт пабудовы АЭС. У мінулым Літва рабіла пэўны ўплыў на супольныя рашэньні Эўразьвязу адносна Беларусі, магчыма, зрабіла і ў гэтым выпадку.

Матывам адмовы магла быць і сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі, якая нярэдка выклікае крытыку з боку ЭЗ.

Варта дадаць, што па іншай эўразьвязаўскай лініі Беларусь атрымае 60 млн эўра на барацьбу з каранавірусам. Гэтая дапамога будзе аказаная ў межах праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнэрства — Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG