Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэф эўрапейскай дыпляматыі пацьвердзіў, што Беларусь мае атрымаць 60 млн эўраў на змаганьне з наступствамі каранавірусу


Жузэп Барэль
Жузэп Барэль

21 красавіка намесьнік старшыні Эўрапейскай камісіі Жузэп Барэль пагутарыў праз тэлефон зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Яны абмеркавалі глябальныя захады рэагаваньня на пандэмію каранавірусу, падтрымку Беларусі з боку ЭЗ у сьвятле гэтага выкліку і іншыя пытаньні стасункаў паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Як гаворыцца ў паведамленьні Эўразьвязу, Жузэп Барэль «прыняў да ведама крокі, зробленыя Беларусьсю на сёньняшні дзень, каб запаволіць пашырэньне каранавірусу ў краіне, і заклікаў працягваць гэтыя намаганьні, выконваючы рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя».

Жузэп Барэль пацьвердзіў, што Беларусі прызначаецца больш за 60 млн эўраў са сродкаў, выдзеленых на праграмы двухбаковага супрацоўніцтва. Раней паведамлялася, што гэтыя грошы пойдуць на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы: напрыклад на куплю аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэсьпіратараў, а таксама на трансьмежныя праекты.

Дапамога Беларусі будзе аказаная ў межах глябальнай праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнэрства, сярод якіх Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Агулам на дапамогу краінам Усходняга партнэрства Эўразьвяз выдзеліць 963 млн эўраў. У рамках гэтай праграмы Эўракамісія плянуе накіраваць 80 млн эўраў на неадкладныя патрэбы і да 883 млн — на сярэдне- і доўгатэрміновыя патрэбы для падтрымкі сацыяльнага і эканамічнага аднаўленьня рэгіёну пасьля пандэміі.

У паведамленьні таксама адзначаецца, што намесьнік старшыні Эўракамісіі выказаў цьвёрдую падтрымку сувэрэнітэту Беларусі.

«Ён абмеркаваў зь міністрам замежных спраў прыхільнасьць Беларусі працягу дыялёгу па правах чалавека і дэмакратыі, а таксама працяг актыўнага ўдзелу краіны ва Ўсходнім партнэрстве і яе канструктыўную ролю ў рэгіёне.

Высокі прадстаўнік, намесьнік старшыні Эўрапейскай камісіі Барэль пацьвердзіў свой намер наведаць Беларусь, калі дазволяць абставіны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG