Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перастануць Беларусі даваць крэдыты ў эпоху пандэміі і да чаго гэта прывядзе? Разьбіраемся з экспэртамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Усясьветная эканоміка цярпіць крызіс з прычыны пандэміі, а дзяржавы трацяць рэзэрвы на падтрыманьне сваёй эканомікі. Штогод Беларусь бярэ крэдыты ў іншых краін. Але ці працягнецца гэта ва ўмовах пандэміі і ці вытрымае беларуская эканоміка без замежнай падтрымкі?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

1 мільярд даляраў(11,6%) — настолькі зьнізіліся золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за сакавік. Нацбанк Беларусі зьвязвае гэта з продажам валюты на валютна-фондавай біржы (каб не было дэфіцыту даляраў), а таксама з пагашэньнем зьнешніх пазыкаў.

1,6 мільярда даляраў — столькі Беларусь пазычыла ў іншых краін у 2019 годзе. Але ці зможа пазычыць у 2020-м, калі краіны самі трацяць грошы на змаганьне з пандэміяй? Разьбіраемся.

«Патокі замежных грошай скароцяцца на 40%»

Крэдыты Беларусі даваць змогуць, але яны будуць нявыгадныя, дарагія. На гэта зьвяртае ўвагу кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Патокі замежных грошай скароцяцца на 40%. Напрыклад, Беларусі дадуць грошы пад 6–7%. Гэта дарагія крэдыты, адбіць якія немагчыма. Трэба ня толькі радавацца, што нам дадуць у доўг, а пасьля мы ім нешта аддамо. Важна думаць, якую структуру эканомікі і вытворчасьці мы атрымаем пасьля крызісу. У 2020-м у нас ёсьць магчымасьць зрабіць свабодную эканоміку ў краіне, а ўрад гэтым не карыстаецца», — кажа Яраслаў Раманчук.

Без крэдытаў Беларусь вытрымае, упэўнены старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб. Але і магчымасьць зьнешніх пазык для Беларусі цалкам не закрыецца.

«Сытуацыя, калі нам зусім перастануць даваць крэдыты, ня вельмі рэалістычная. У добрыя часы можна крэдытавацца на рынкавых умовах, можна разьмяшчаць эўрааблігацыі, карыстацца крэдытамі камэрцыйных банкаў. Ва ўмовах крызісу крэдытавацца ў рынкавых умовах даражэй. Але на гэтыя выпадкі ёсьць экстраныя ўмовы крэдытаваньня — крэдыты МВФ, напрыклад. Гэта могуць быць крэдыты Эўразьвязу. Нават калі зусім крызісная сытуацыя, застаюцца мэханізмы», — падкрэсьлівае Вадзім Іосуб.

«Калі крэдытаў не даюць — можна абвясьціць дэфолт па зьнешніх пазыках»

Калі нават уявіць, што сытуацыя зусім форс-мажорная і крэдытаў для Беларусі няма ніякіх — ёсьць мэханізмы ўратаваньня эканомікі, мяркуе Вадзім Іосуб.

«Гэта ня самая рэальная сытуацыя, але тады можна абвясьціць дэфолт па зьнешніх пазыках, перастаць плаціць па даўгах на некаторы час. І можна гэтыя зьнешнія абавязкі падоўжыць па часе. Такім мэханізмам некалькі гадоў таму скарысталася Ўкраіна», — прыводзіць прыклад Вадзім Іосуб.

На думку Яраслава Раманчука, усясьветны крызіс ударыць па «маторах» беларускай эканомікі — гэта нафтаперапрацоўка, калійныя ўгнаеньні, продаж мэталаў. Прыбытак ад гэтых сфэр упадзе на 30–50%. І крэдыты тут не дапамогуць — трэба ствараць антыкрызісны бюджэт.

«Мы ўжо бачым скарачэньне ЗВР — што вельмі трывожны сыгнал. Таму трэба прымаць антыкрызісны бюджэт, бо інакш у нас будзе праблема зь фінансаваньнем доўгу і рызыка дэфолту. Калі мы будзем фінансаваць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы і ігнараваць малы бізнэс, гэта будзе трагічна. Трэба, каб урад прымаў рашэньні, якія дапамогуць і малому бізнэсу, і людзям перажыць гэты крызіс», — падсумоўвае Яраслаў Раманчук.

Зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка складаў 16,9 мільярда даляраў. Рэзэрвовыя актывы Беларусі на 1 красавіка склалі 7 мільярдаў 786 мільёнаў даляраў у эквіваленце.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

http://www.minfin.gov.by/be/public_debt/pressreleases/4c6b30d611354542.html

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG