Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часнык па 15 рублёў, лімон — па 8,7. Крамы паднялі цэны, нягледзячы на пастанову ўраду


Адна зь менскіх крамаў «Віталюр»

У час эпідэміі ў крамах у Менску вырасьлі цэны. Глядзім, што падаражэла найбольш і з чым гэта зьвязана.

3 красавіка наведнікі менскіх крамаў нечакана заўважылі, што цэны на многія прадукты зьмяніліся. Яшчэ 31 сакавіка кіляграм лімонаў у эўраоптаўскай дастаўцы каштаваў 6,99 — цяпер лімоны там прадаюць па 8 рублёў 79 капеек. Рост адразу на 1,8 рубля. У цэнтры Менску лімон можна ўбачыць нават па 11,99 рубля за кіляграм.

Лімоны ў менскай краме «Віталюр»
Лімоны ў менскай краме «Віталюр»

Найбольш у крамах падаражэлі імберац і часнык. Часнык у менскай «Кароне» ўжо прадаюць амаль па 15 рублёў. Па дадзеных Белстату, у лютым часнык каштаваў 8,3 рубля.

Часнык у менскай краме Spar
Часнык у менскай краме Spar

Імберац у краме «Рублёўскі» на вуліцы Талбухіна каштуе 33,99 рубля, у краме Spar, праўда, таньней — 24,99 рубля, а ў «Е-дастаўцы» яго часова няма.

Імберац у краме «Рублёўскі» на Талбухіна
Імберац у краме «Рублёўскі» на Талбухіна
Імберац у краме Spar
Імберац у краме Spar

Зьмяніліся цэны і на іншыя прадукты. Кіляграм сьвініны (лапатка) яшчэ 19 сакавіка каштаваў 7,99 рубля ў «Е-дастаўцы». Цяпер — 8,7 рубля за кілё. Кіляграм рыбы дарада ў менскай «Кароне» яшчэ ў канцы сакавіка каштаваў каля 20 рублёў, цяпер — 21 рубель.

Рыба ў менскай краме «Карона»
Рыба ў менскай краме «Карона»

Мука, цукар, грэчка, малако ў цэнах не зьмяніліся.

«Мы будзем аналізаваць павышэньне»

Пастановай Савету міністраў ад 30 сакавіка ўлады забаранілі вытворцам і пастаўшчыкам прадукцыі падымаць цэны вышэй, чым на 0,5% у месяц. Павышаць больш можна толькі з дазволу адмыслова створанай камісіі пры Савеце міністраў.

У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю адкрылі «гарачую лінію», каб грамадзяне маглі скардзіцца на павышэньне цэнаў у крамах.

«У нас гэтая тэма разьвіваецца, мы будзем аналізаваць сытуацыю, для гэтага мы і запусьцілі тэлефонную лінію. Мы таксама ходзім у крамы і бачым, што адбываецца. Сачыце за навінамі», — параілі Свабодзе ў прэс-службе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

«Бізнэс будзе зьвяртацца ва ўрад, каб адмянілі стрымліваючыя меры на цэны»

У менскай краме «Віталюр»
У менскай краме «Віталюр»

Ва ўмовах, калі беларускі рубель падае, пастаўшчыкі і вытворцы ня могуць трымаць цэны на адным узроўні. Пра гэта кажа бізнэсовец, сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. Ён задаецца пытаньнем: як можна не павышаць цэны ў рублях на імпартныя тавары, калі яны закупляюцца за даляр, які расьце?

«Ва ўрадзе зрабілі сваю працу — называецца, выконвайце як хочаце. Гэтая пастанова альбо невыканальная, альбо наносіць сур’ёзныя страты эканоміцы. У нас цяпер шэраг вытворцаў стаяць перад выбарам: чакаць, калі аштрафуюць, ці адправіць людзей па дамах. Бізнэс рыхтуе калектыўны зварот з прапановай адмяніць пастанову, якая стрымлівае цэны. Цяпер яшчэ ёсьць інфармацыя пра ўказ, які ўвядзе масавыя пазаплянавыя праверкі», — кажа Віктар Маргелаў.

Цэны трэба стабілізаваць паступова, а ня рэзка, даводзіць Віктар Маргелаў. Паводле яго, падымаецца арэнда і расьце даляр — у такой сытуацыі немагчыма трымаць цэны.

«Немагчыма стабілізаваць цэны на імпартныя тавары ў час, калі даляр расьце. Каб яшчэ стрымлівалі цэны ў далярах — дык яны ж у рублях! Цяпер яшчэ самі ж падымаюць арэнду і забараняюць падымаць цэны. Трэба прыняць такія рашэньні, каб удзельнік рынку мог іх выканаць, пры гэтым ішоў працэс стабілізацыі цэнаў», — тлумачыць Віктар Маргелаў.

Ад пачатку году беларускі рубель патаньнеў адносна даляра на 18,6%, але пры гэтым 3 красавіка рубель умацаваўся адносна даляра на фоне росту цэнаў на нафту.

Жанчына ў масцы ў менскай краме Spar
Жанчына ў масцы ў менскай краме Spar

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG