Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парад — памылка і злачынства з боку Лукашэнкі». Расейскія дэпутаты не зьбіраюцца ў Менск 


Расейскі палітык Уладзімер Жырыноўскі

Расейскія дэпутаты і сэнатары могуць прыехаць у Менск на вайсковы парад 9 траўня толькі як прыватныя асобы.

Пра гэта Tut.by сказаў намесьнік старшыні Савету Фэдэрацыі Расеі Ільяс Умаханаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня можа адмяніць параду, і адзначыў, што «асобныя расейскія дэпутаты і сэнатары таксама выказалі жаданьне наведаць Менск».

Камэнтуючы словы Лукашэнкі, сябра фракцыі КПРФ у Дзярждуме Уладзімір Кашын сказаў, што фракцыя ня будзе рэкамэндаваць сваім дэпутатам ехаць на парад у Менск.

Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» таксама заявіў, што «ніхто з фракцыі нікуды не паедзе».

«Мы асудзім самым суровым чынам усіх, хто паедзе ў Менск. Гэта недапушчальна. Парад — памылка і злачынства з боку Лукашэнкі, і ў гэтым злачынстве мы ўдзельнічаць не павінны. Лукашэнка хоча зьвярнуць на сябе ўвагу, такі нарцыс, які знаходзіцца ва ўладзе амаль 30 гадоў. Ён ставіць у небясьпеку жыцьці тысяч людзей. Мы катэгарычна супраць».

Намесьнік старшыні Савету Фэдэрацыі Ільяс Умаханаў удакладніў, што для дэпутатаў і сэнатараў яшчэ ад сакавіка забароненыя ўсе службовыя выправы. Часова не прымаюць і афіцыйныя дэлегацыі зь іншых краін.

«Яшчэ ў сакавіку прынята рашэньне аб пераносе ўсіх замежных выпраў у красавіку і траўні. Таму з пункту гледжаньня афіцыйнага ўдзелу ці прысутнасьці дэпутатаў або сэнатараў ёсьць адпаведнае рашэньне. Але іхнай прысутнасьці як прыватных асобаў на парадзе ў Менску выключаць нельга, у нас саюзная дзяржава», — сказаў Умаханаў.

Згодна з сакавіцкай пастановай Савету Міністраў Беларусі, усе асобы, якія прыяжджаюць у краіну, павінны прайсьці двухтыднёвы карантын. Гэта тычыцца ў тым ліку і грамадзянаў Расеі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG