Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў цяперашні рост пнэўманій «мізэрам» для Беларусі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

У нядзелю, 3 траўня на нарадзе ў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваюць імпрэзы да Дня Перамогі і эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне, паведамляе БелТА.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

«На сёньняшні дзень атрымоўваецца стрымліваць захворваньне ў цэлым. Што тычыцца інфэкцыйных захворваньняў, то мы ідзем выразна ў тым прагнозе, які быў два месяцы таму дакладзены мне», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць нязначным прырост пнэўманій у Беларусі за чатыры месяцы бягучага года ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

«У нас назіраецца (няхай на 40-50 чалавек за 4 месяцы) прырост пнэўманій да ўзроўню мінулага года. Так, гэта проста мізэр пры нашай сыстэме аховы здароўя, але пнэўманіі трошкі падрасьлі. Думаю, па годзе гэтая сытуацыя выраўнуецца... Галоўнае для нас сёньня — гэта лячэньне людзей — пнэўманіі. Прашу гэта мець на ўвазе. Для мяне гэта пытаньне нумар адзін».

Паводле інфармацыі, агучанай 2 траўня на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1», у краіне занятыя каля 12,5 тысяч ложкаў для хворых з каранавірусам і пнэўманіямі, свабоднымі застаецца каля 6 тысяч месцаў.

Аляксандр Лукашэнка вобразна адзначыў, што [савецкае] войска 41-га года і армія 45-га — гэта дзьве розныя арміі, падкрэсьліўшы, што сыстэма аховы здароўя, дактары ў Беларусі ўжо атрымалі неабходны вопыт лячэньня хворых.

«Я гляджу кожныя суткі інфармацыю. Сёньня атрымаў. Па пнэўманіі, што я вельмі кантралюю, занятыя ўсяго 10% ад наяўнасьці апаратаў. У нас сёньня на ШВЛ крыху больш за 200 чалавек. А апаратаў ШВЛ — 2,5 тысячы плюс паўтысячы наркозна-дыхальных, калі гэта трэба будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заявіў, што ад агульнай колькасьці пнэўманій толькі ў 30% пацыентаў дыягнаставалі COVID-19.

«Гэта таксама вельмі добры паказчык. Таму я сёньня прэтэнзій ні да Міністэрства аховы здароўя, ні да галоўных лекараў бальніц ня прад'яўляю. Мы дакладна выпрацавалі сыстэмы лячэньня інфіцыраваных людзей», – адзначыў беларускі лідэр.

Лукашэнка: лекаў і сродкаў аховы хапае

Паводле яго словаў, у Беларусі вырашаны ўсе пытаньні, зьвязаныя ня толькі з бясьпекай лекараў у шпіталях, але і на іншых узроўнях.

«Усе пытаньні для таго, каб лячыць людзей, вырашаны. Сёньня ўжо сродкі аховы мы экспартуем. Скажу шчыра, і людзі малайцы. Яны гэтую маску не надзяваюць абы-дзе. У грамадзкіх месцах дзесьці, у краму ідуць... Спачатку рынуліся ў аптэкі, скупілі, дэфіцыт. Цяпер гэтага дэфіцыту няма. Мы экспартуем гэтыя маскі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Дзякуй кітайцам, Сі Цзіньпіну дзякуй, адгукнуўся на маю просьбу. Даслаў нам адзін станок, цяпер другі – для масак, рэсьпіратараў. У нас будуць цэлыя фабрыкі дзякуючы гэтай дапамозе».

Паводле Лукашэнкі, «лекаў у нас хапае» таксама.

  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 2 траўня, пацьверджаныя 15 828 выпадкаў COVID-19 (плюс 911 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 97 чалавек (плюс 4 за дзень), выпісалі здаровымі 3117 пацыентаў. ​
  • Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG