Захады, якія робяцца ў Беларусі ў сувязі з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі, адэкватныя сытуацыі. Пра гэта заявіла старшыня Савета Рэспублікі, былая кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава 2 траўня ў эфіры перадачы «Ток-шоу АТН» на тэлеканале «Беларусь 1».
УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Паводле яе слоў, «абсалютна ўсе рашэньні, якія цяпер прымаюцца ў краіне, будуць працаваць на пэрспэктыву».
«Рашэньне пра тое, што Беларусь ня будзе закрываць межы, як іншыя краіны, не было простым, і яно ніяк не прымалася спантанна, — сказала Качанава. — Калі камусьці здаецца, што мы вырашылі пайсьці супраць усіх, то гэта абсалютна няправільна. Рашэньні дакладна вывераныя, і калі прэзыдэнту на стол паклалі даклад пра сытуацыю, якая складваецца і пра тое, як яна можа разьвівацца (гэта ж ўсё пралічваецца: у нас ёсьць адмыслоўцы, навукоўцы, лекары-інфэкцыяністы, ёсьць распрацаваны плян дзеяньняў), прэзыдэнт убачыў, што ўсе абсалютна правільна, жыцьцё не павінна спыняцца. А што пасьля пандэміі, што пасьля эпідэміі? Як будуць працаваць галіны, на што будуць жыць людзі? Гэта рашэньне, хоць і вельмі няпростае, але жыцьцё паказала, што выверанае, пралічанае, тое, якое сёньня дае вынік».
Як лічыць Качанава, у Беларусі ёсьць усё, каб супрацьстаяць каранавірусу.
«Я лічу, што захады, якія прымаюцца сёньня ў нашай краіне, адэкватныя сытуацыі. Тут галоўнае — наяўнасьць мэдыцынскага абсталяваньня, лекавых прэпаратаў, лекараў, якія павінны лячыць, і месцаў ў бальніцах. Гэта ўсё ў нас ёсьць і знаходзіцца на вельмі жорсткім кантролі ў Міністэрстве аховы здароўя», — падкрэсьліла Качанава.
Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала рэзюмэ аб місіі ў Беларусі 8–11 красавіка. Ключавыя рэкамэндацыі для Беларусі ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 засталіся амаль такімі ж, як раней, некаторыя былі дапоўненыя:
- перанесьці ўсе масавыя мерапрыемствы, у тым ліку спартовыя, культурныя, палітычныя (такога слова ў ранейшых рэкамэндацыях не было, ёсьць толькі ў расейскай, але не ангельскай вэрсіі) і рэлігійныя;
- забясьпечыць далейшую ізаляцыю і лячэньне пацыентаў з COVID-19 і ізаляцыю ва ўмовах карантыну тых, хто зь імі кантактаваў;
- укараніць (у ангельскай вэрсіі — «даць магчымасьць для») дыстанцыйную працу і дыстанцыйнае навучаньне;
- спыніць дзейнасьць усіх «другасных» (у ангельскай вэрсіі — «неабавязковых») арганізацыяў, прадпрыемстваў і суб’ектаў эканомікі і інш.