Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фокус статыстыкі пра пандэмію: ці шкодзяць брандспойты тушэньню пажараў?


Не, я не пра тое, што ўся беларуская статыстыка, якая тычыцца каранавірусу, суцэльная хлусьня — што і хворых значна больш, чым афіцыйна заяўляецца, а што да памерлых, дык там усё няпраўда.

Я зусім не пра гэта. Хаця і ня выключана. У наш век постпраўды насамрэч банальнай няпраўды ня так і шмат. Самы далікатны і даволі эфэктыўны спосаб маніпуляцыі сьвядомасьцю — гэта інтэрпрэтацыя.

Сьцісла:

  • Міністэрства аховы здароўя раней дык нават касьцямі клалася, каб ня даць недзяржаўным журналістам самую агульную лічбу захварэлых, маўляў, а навошта вам яна?
  • Падчас пажараў, пры тушэньні якіх выкарыстоўваюць брандспойты, разбурэньні істотна большыя, чым падчас тых, дзе тушаць бязь іх. Напрошваецца выснова – атрымліваецца, ад брандспойтаў толькі шкода. Між тым, выснова няверная
  • У Беларусі распаўсюд COVID-19 на мільён насельніцтва істотна большы, чым ва ўсіх суседзяў. Ну а больш хварэюць – дык больш і выздараўліваюць
  • Беларусь павольна прыйшла да даволі нізкага паказьніку ачунялых сярод усіх інфікаваных.
  • Адрозьненьне Літвы, Латвіі і Польшчы ад Беларусі, Украіны і Расеі паводле гэтага паказьніку – ня толькі арытмэтычнае. Яно зьвязанае з тым, што першыя тры краіны знаходзяцца ў іншай фазе пандэміі, яны ўжо перавалілі яе пік

Міністэрства аховы здароўя раней дык нават касьцямі клалася, каб ня даць недзяржаўным журналістам самую агульную лічбу захварэлых, маўляў, а навошта вам яна? Вы глядзіце, колькі выздаравела! Цяпер міністэрства ўсе ж агульныя лічбы паведамляе, але зь вялікай неахвотай.

Варта праверыць, чаму такі арыгінальны падыход так падабаецца міністэрству.

Дадзеныя пра колькасьць людзей, якія выздаравелі ад COVID-19, можна знайсьці ў зводках міністэрства, якія публікуюцца штодзённа (ну амаль штодзённа) у яго тэлеграм-канале, а таксама на сайце worldometers.info, які папаўняе сваю базу дадзеных штодзённа па падставе зьвестак міністэрстваў аховы здароўя розных краінаў. На сайце worldometers.info нас цікавяць дадзеныя слупка Total recovered (усе ачунялыя). На сёньня і на ўчора дадзеныя можна ўзяць наўпрост з табліцы на галоўнай старонцы сайту.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

За больш раньні час трэба зьвярнуцца да зьвестак пра канкрэтную краіну. Ад агульнай колькасьць інфікаваных на пэўную дату (Total cases) трэба адняць колькасьць Active cases (актыўныя выпадкі, гэта значыць тыя, хто яшчэ хварэе на гэты дзень) і адняць колькасьць усіх сьмерцяў да гэтай даты Total Deaths (сьмерці). У выніку атрымаем колькасьць тых, хто захварэў у любы момант ад пачатку эпідэміі да пэўнай даты, але на гэтую дату ўжо не хварэў і не памер — гэта і ёсьць колькасьць тых, хто выздаравеў на адпаведную дату.

Разгледзім дадзеныя за мінулы месяц — з 31 сакавіка па 30 красавіка — па 6 краінах: Беларусі і яе суседках. Каб сувымяраць дадзеныя, прывядзем іх адносна насельніцтва — на мільён чалавек.

Графік 1. Дынаміка колькасьці ачунялых (Total recovered) ад COVID-19 на мільён насельніцтва краінаў

Выдатныя вынікі. Беларусь — на абсалютным першым месцы сярод шасьці краінаў. Тыдзень таму адставала толькі ад Літвы, але цяпер апярэдзіла і яе. Хіба гэта ня посьпех, ня плён працы мэдыкаў і сыстэмы аховы здароўя, ну і хіба не доказ правільнасьці палітыкі? У Беларусі выжываюць больш, чым у іншых краінах!

Мяркую, што гэты ці такога кшталту графікі кладуцца на стол Аляксандру Лукашэнку як пацьвярджэньне слушнасьці абранай тактыкі барацьбы з пандэміяй.

Але насамрэч справе гэта проста фокус.

Яшчэ ва ўнівэрсытэце студэнтам распавядаюць клясычны прыклад ілжывай карэляцыі. Ёсьць дакладная статыстыка — падчас пажараў, якія гасяць, выкарыстоўваючы брандспойты, разбурэньні істотна большыя, чым падчас тых, дзе гасяць бязь іх. Напрошваецца выснова — атрымліваецца, ад брандспойтаў толькі шкода. Навука ж паказала, статыстыка, факты.

Між тым выснова няверная. Бо ёсьць фактар, ад якога залежаць абедзьве пераменныя — памер пажару. Брандспойты выкарыстоўваюцца пры тушэньні толькі вялікіх пажараў. А ад вялікіх пажараў — і вялікія разбурэньні. Аднак без брандспойтаў яны былі б ня меншымі, а яшчэ большымі.

З колькасьцю людзей у Беларусі, якія выздаравелі ад COVID-19 — падобная сытуацыя. Можа не зусім тоесная, і беларускія мэдыкі — сапраўдныя героі, і сыстэма аховы здароўя — ня самая горшая.

Але куды больш значны фактар — гэта, як і ў прыкладзе з пажарамі, памеры. У дадзеным выпадку памеры распаўсюду хваробы. У Беларусі ён на мільён насельніцтва істотна большы, чым ва ўсіх суседзяў. Ну а больш хварэюць — дык больш і выздараўліваюць.

Графік 2. Дынаміка агульнай колькасьці інфікаваных каранавірусам (Total cases) на мільён насельніцтва краінаў

І тут карціна значна менш ідылічная. Беларусь — таксама на першым месцы, але тут гэтае «лідэрства» вялікага натхненьня не выклікае.

На 30 красавіка ў Беларусі інфікаваных каранавірусам на мільён насельніцтва было ўдвая больш, чым у Расеі. Перавага над іншымі краінамі была яшчэ больш значнай.

Паказьнік агульнай колькасьці захварэлых, насуперак меркаваньням прадстаўнікоў міністэрства і яго адвакатаў, важны хаця б з той простай прычыны, што ад гэтага наўпрост залежыць нагрузка на сыстэму аховы здароўя. Лячыць, прынамсі, меры прымаць, трэба адносна ўсіх інфікаваных. Ну, некаторыя можа захварэлі і ў лёгкай форме, могуць дома адсядзецца. Але чым больш агульных выпадкаў, тым больш цяжкіх.

Але для прапаганды цяперашняй палітыкі ўладаў адносна пандэміі, зразумела, графік 2 не зусім прыдатны.

Аднак можа тэмп выздараўленьняў усё ж пераўзыходзіць тэмп пашырэньня хваробы? Праверым гэта, падзелім лічбы графіку 1 на лічбы графіку 2.

Графік 3. Дынаміка суадносінаў колькасьці ўсіх ачунялых і колькасьці ўсіх інфікаваных, у %

Ну, прынамсі, ня самая горшая дынаміка, але тут ужо і ня найлепшая. Крыху лепш, чым у Расеі і ва Ўкраіне, крыху горш, чым у Польшчы, істотна горш, чым у Літве і Латвіі. На пачатку красавіка гэты паказьнік у Беларусі быў найлепшым сярод 6 краінаў. Але магчыма, гэта тлумачылася адносна невялікай колькасьцю захварэлых.

На пачатку эпідэміі лічбы заўсёды «скачуць». Калі лік хворых ідзе на тысячы, суадносіны пераменных мяняюцца даволі павольна. І вось павольна Беларусь прыйшла да даволі нізкага паказьніку колькасьці ачунялых сярод усіх інфікаваных.

І гэты, апошні, графік Лукашэнку напэўна не паказвалі. А ён даволі красамоўны, нават калі вымяраць плён палітыкі колькасьцю ачунялых. Ня надта каб уражваў гэты беларускі паказьнік.

Адрозьненьне Літвы, Латвіі і Польшчы ад Беларусі, Украіны і Расеі паводле гэтага паказьніку — ня толькі арытмэтычнае. Яно зьвязанае з тым, што першыя тры краіны знаходзяцца ў іншай фазе пандэміі, яны ўжо перавалілі яе пік.

Пік эпідэміі паводле вызначэньня — кропка, пасьля якой колькасьць новых захворваньняў штодзень пераважна зьніжаецца. Яе не заўсёды можна дакладна вызначыць непадалёк ад піку з прычыны тых самых ваганьняў, але на працягу пэўнага часу форму графіку штодзённых новых захворваньняў, падобную на звон, нельга ні з чым зблытаць.

Вось як адпаведныя графікі выглядаюць для тых краінаў, дзе эпідэмія відавочна ідзе на спад (скрыншоты з сайту worldometers.info)

Францыя

Аўстрыя

Чэхія

Паўсюль — пад’ём, максымум і выразнае зьніжэньне.

А вось — тры суседкі Беларусі.

Літва

Латвія

Польшча

У трох суседак Беларусі прахаджэньне піку яшчэ не зусім пэўнае, але тэндэнцыя навідавоку.

І нарэшце — адпаведныя графікі для Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Беларусь

Расея

Украіна

Ніякага пэўнага максымуму, пасьля якога адбывалася б выразнае зьніжэньне, на графіках для трох усходнеславянскіх краінаў не назіраецца. Можа пік будзе дасягнуты ўжо заўтра, а можа — празь некалькі тыдняў ці пазьней. А да таго могуць адбыцца розныя нечаканасьці.

На графіку 3 можна ўбачыць, як на працягу месяца ў Беларусі вагаўся паказьнік ачунялыя/усе інфікаваныя. Напэўна, кожны раз, калі ён ішоў уверх, ва ўладаў была спакуса заявіць, што пік вось-вось будзе дасягнуты. Аднак ня выключана, што падобныя ваганьні чакаюць Беларусь і наперадзе, пакуль пік сапраўды ня будзе дасягнуты.

А да таго часу можна, зразумела, рапартаваць аб рэкорднай колькасьці ачунялых.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG