Цапкала: кандыдаты ў няроўных умовах, 200 тысяч подпісаў за Лукашэнку маглі сабраць толькі прымусова

Валер Цапкала падчас прэс-канфэрэнцыі 21 траўня 2020 году.
Валер Цапкала падчас прэс-канфэрэнцыі 21 траўня 2020 году.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала заявіў 26 траўня на перадвыбарчым пікеце ў Менску, што кандыдаты знаходзяцца ў няроўных умовах.

Валер Цапкала адзначыў, што 200 тысяч подпісаў за Аляксандра Лукашэнку маглі сабраць толькі «калі пайсьці па ўсіх заводах і пачаць зьбіраць у прымусовым парадку», перадае БелаПАН.

«Трэба разумець проста, што кандыдаты знаходзяцца ў абсалютна няроўных умовах, — казаў Цапкала. — У кагосьці ёсьць адміністрацыйны рэсурс, у кагосьці ёсьць проста вельмі вялікія грошы, а камусьці прыходзіцца абапірацца на энтузіязм людзей».

Колькі подпісаў сабрала ягоная ініцыятыўная група, ён вырашыў пакуль не казаць — маўляў, яшчэ толькі чацьвёрты дзень збору. Але заявіў, што ягоная каманда нацэленая на 120 тысяч подпісаў, вядзе збор ва ўсіх абласных і буйных раённых цэнтрах.

Ініцыятыўная група Цапкалы параўнальна малая — 884 чалавекі. У групе Аляксандра Лукашэнкі, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, 11 480 чалавек, у банкіра Віктара Бабарыкі — 8904. Большыя ініцыятыўныя групы маюць таксама Алег Гайдукевіч, Сяргей Чэрачань, Ганна Канапацкая, Андрэй Дзьмітрыеў.

Фармаваньне штабоў, адзначыў Цапкала, адбываецца «лётма», бо Канстытуцыя на фармаваньне ініцыятыўнай групы адводзіць два месяцы, «а па факце быў дадзены адзін тыдзень». Чальцы ягонай каманды пакуль не падавалі заяваў на ўключэньне ў выбарчыя камісіі.

На пытаньне аб тым, ці верыць ён у справядлівасьць падліку галасоў на выбарах, Цапкала адказаў:

«Натуральна, гэтае пытаньне паўстане досыць востра. Я пакуль не хацеў бы на яго адказваць, але я абавязкова адкажу, калі буду зарэгістраваны ў якасьці кандыдата».

Пасьля менскага пікету Цапкала паехаў на пікет у Магілёў, неўзабаве зьбіраецца таксама наведаць Бабруйск, Гомель і Жлобін.

​
XS
SM
MD
LG