Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка заявіў, што хтосьці прапаноўваў яму пасаду прэм’ера за зьняцьце з выбараў


Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка заявіў, што яшчэ да завяршэньня збору подпісаў за вылучэньне хтосьці прапанаваў яму «аб’яднацца» ў абмен на пасаду прэм’ера. Калі яго спыталі, хто гэта быў, ён адмовіўся казаць.

Вечарам 25 траўня Віктар Бабарыка ладзіў сустрэчу зь ініцыятыўнай групай. Там яго спыталі пра магчымасьць аб’яднаньня зь іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі. Ён адказаў, што «ня вельмі зразумела», як і дзеля чаго на этапе збору подпісаў яднацца, але адзначыў, што жыцьцё і праца навучылі яго быць гатовым да кампрамісу і дыялёгу.

«Мне была прапанова: давайце аб’яднаемся, — заявіў Бабарыка. — Я кажу: „Як?“ „Ну вы зьніміце [сваю кандыдатуру], а мы вам дамо пасаду прэм’ер-міністра“. Я кажу: „Выдатнае аб’яднаньне“.

Таму мне здаецца, на гэтым этапе больш слушна кожнаму ісьці, калі, вельмі важны момант, мы ўсе хочам, каб выбары ў нас прайшлі на альтэрнатыўнай аснове. Вось ужо разглядаць пытаньне аб’яднаньня намаганьняў пасьля 100 тысяч [сабраных подпісаў], каго зарэгіструюць, вось тут цалкам магчымая гісторыя».

На пытаньне пра тое, хто ж прапаноўваў зьняцца ў абмен на пасаду прэм’ера, Бабарыка адказаў, што ня стане гэтага камэнтаваць «бяз згоды іншых асобаў», бо гэта «проста некарэктна».

Бабарыка таксама заявіў, што не разумее, чаму Лукашэнка вырашыў, што зьменіць урад перад выбарамі: маўляў, незразумела, калі ў пройгрышы вінавацяць «усю каманду, але ня трэнэра».

Пра іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты ён адзначыў, што не разумее, чаго яны хочуць: «адны хочуць байкоту, другія хочуць ня ведаю чаго».

Пра свае пляны ён заявіў, што хоча дамагчыся справядлівых выбараў, а ў выпадку перамогі не хацеў бы, каб яго «выгналі» пасьля першага тэрміну, «а празь 10 [гадоў] — з асалодай».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG