Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як блогер Ціханоўскі зьбіраў подпісы ў Слуцку. ВІДЭА, ФОТА

абноўлена

Чарга случакоў, каб пакінуць подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую

Аўтар YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі 25 траўня прыехаў на пікет у Слуцку, дзе зьбіралі подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты яго жонкі Сьвятланы.

У інтэрвію Свабодзе Ціханоўскі сказаў, што ўражаны актыўнасьцю ў Слуцку. Ён думае, што за іншых кандыдатаў такой актыўнасьці ў Слуцку ня будзе.

У чарзе на збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую гучалі воклічы «Жыве Беларусь!». Ціханоўскі сказаў, што ня супраць гэтага лёзунгу.

«Я не лічу лёзунг апазыцыйным. Людзі самі сталі крычаць „Жыве Беларусь!“, я падхапіў. Я лічу, што гэта наша краіна. Лёзунг, якім бы ён ні быў, — наш, ён часта гучыць на пратэстах, гучаў раней. Чаму не? Не адзін жа „Стоп таракан, но пасаран“ павінен гучаць. Ёсьць у нас лёзунгі, і людзі іх ведаюць, асабліва пратэставая аўдыторыя, хто езьдзіў у Менск», — сказаў Ціханоўскі.

Аздін з случакоў расказаў, што ўжо гадзіну стаіць у чарзе, каб пакінуць подпіс, хоць звычайна не стаіць у чэргах. Ён хоча, каб зьмянілася сытуацыя ў краіне. Мужчыну не задавальняе беспрацоўе ў Слуцку і ўлада Аляксандра Лукашэнкі.

Сяргей Ціханоўскі (у масцы) з прыхільнікамі
Сяргей Ціханоўскі (у масцы) з прыхільнікамі

«Калі не зараз, то калі яшчэ, — кажа іншы случак. — Зараз Сяргей усяліў нейкую надзею. Усе гэтыя 26 гадоў, што існуе апазыцыя, ніхто столькі не зрабіў, колькі Сяргей за год, адкрыў людзям вочы».

Удзельнікі акцыі запусьцілі на балёніках тапак.

Тапак стаў своеасаблівым іранічным сымбалем перадвыбарчай кампаніі Ціханоўскага пад лёзунгам «Стоп таракан, но пасаран». Лёзунг, паводле блогера, нарадзіўся пасьля размовы з жанчынай з Глыбокага, якая на сустрэчы расказала казку пра таракана.

Жанчына з тапкам у руцэ сказала, што раней не хадзіла на выбары, але цяпер агітуе галасаваць у апошні дзень выбараў сваіх дзяцей і знаёмых.

«Я думаю, што мы раней на гэта ўсё плявалі і таму падраблялі нашыя сьпісы».

Самому Ціханоўскаму цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты.

24 траўня на пікеце ў Менску за Ціханоўскую сабралі каля трох тысяч подпісаў. Пікет працягваўся больш за 4 гадзіны, чарга з ахвотнікаў падпісацца за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай расьцягнулася на некалькі соцень мэтраў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG