Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка выклікае дух Плошчы?


Плошча-2010
Плошча-2010

Як пойдзе выбарчая кампанія безь Сяргея Ціханоўскага? Навошта Лукашэнка гаворыць пра Плошчу, калі ніхто з тых, хто на волі, не зьбіраецца яе ладзіць? Ці аб’яднаюцца каманды Ціханоўскага (Ціханоўскай)​, Бабарыкі і Цапкалы? Каго зарэгіструюць кандыдатамі ў прэзыдэнты?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

Карбалевіч

  • Нельга выключаць, што ЦВК не зарэгіструе Бабарыку і Цапкалу, але зарэгіструе Ціханоўскую: Лукашэнка супраць хатняй гаспадыні.
  • Лукашэнка разьлічвае, што спрацуе «амэрыканскі сындром», страх беларусаў, каб тут не адбыліся тыя забурэньні, рабаваньні крамаў, якія адбываюцца ў ЗША.
  • Большасьць прыхільнікаў Ціханоўскага ўсё ж прыйдуць на выбарчыя ўчасткі падтрымаць іншых альтэрнатыўных кандыдатаў. Напрыклад, Бабарыку.
  • Ганна Канапацкая цяпер прымярае ролю Гайдукевіча.

Цыганкоў

  • Ціханоўская разумее, што яна ня можа проста так «выйсьці з гульні» і вярнуцца да звычайнага жыцьця.
  • Скідаючы ў адну кучу ўсіх патэнцыйных кандыдатаў (якія нават не заікаюцца пра Плошчу), Лукашэнка хоча, каб грамадзкая думка ўсіх іх успрымала як патэнцыйных рэвалюцыянэраў і пагромшчыкаў.
  • Калі ўлада будзе працягваць сілавы варыянт гэтай выбарчай кампаніі, то ўсім кандыдатам варта задумацца пра варыянт калектыўнага зьняцьця сваіх кандыдатур.
  • Нерэгістрацыя Бабарыкі і Цапкалы будзе надта відавочным прызнаньнем Лукашэнкам сваёй паразы і свайго страху.

Дракахруст: Сяргею Ціханоўскаму і 9 яго паплечнікам прадʼяўленае абвінавачваньне паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Згодна з артыкулам, могуць прысудзіць штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў. Менавіта паводле гэтага артыкула судзілі за Плошчу-2010 Саньнікава, Някляева і іншых.

Учора быў працягнуты тэрмін утрыманьня Ціханоўскага за кратамі. Дзень выбараў ён сустрэне ў турме. Варта дадаць, што ініцыятыўная група ягонай жонкі Сьвятланы зьменшылася напалову — адны сталі ахвярамі рэпрэсій, іншыя спынілі ўдзел у працы групы.

Якія наступствы будуць мець гэтыя падзеі для палітычнай кампаніі, якая цяпер праходзіць у Беларусі? Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Белсату пажартавала наконт таго, што яна кардонны прэтэндэнт. А можа яна стаць некардонным?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Наўрад ці яна стане некардонным кандыдатам. Яна не гатовая да такой ролі. Нельга выключаць такі сцэнарый фіналу выбарчай кампаніі: ЦВК не рэгіструе Бабарыку і Цапкалу, але рэгіструе Ціханоўскую. Лукашэнка супраць хатняй гаспадыні. Для яго даволі зручны варыянт.

Калі казаць пра ўсю гэтую гісторыю з абвінавачваньнямі на адрас Ціханоўскага, то ўлады дзейнічаюць няўклюдна, нязграбна, ня надта клапоцячыся пра тое, як гэта выглядае збоку, як на гэта прарэагуе грамадзтва. Затрымалі яго паводле аднаго артыкула (арт. 364 — гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў). Абвінавачаньне выставілі па іншым артыкуле (ч.1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Не выключаю, што на судзе абвінавачваньне будзе выстаўлена па нейкім трэцім артыкуле. Гэта клясыка жанру беларускіх палітычных рэпрэсій. Так адбывалася, напрыклад, падчас крымінальнага перасьледу Міхаіла Марыніча. Спачатку чалавека арыштоўваюць, потым думаюць, у чым абвінаваціць.

Стаўку на сілавы сцэнар улады робяць адкрыта, дэманстратыўна, нават груба. Яны дзейнічаюць паводле прынцыпу: ня трэба, каб нас любілі, нават паважалі — галоўнае, каб баяліся.

Лукашэнка асабліва не хавае, што арыентуецца на сілавы сцэнар утрыманьня ўлады. Мінулым тыднем ён прыняў старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка. Пасьля чаго той расказаў, як ягонае ведамства зьбірала інфармацыю пра 81-гадовую пэнсіянэрку, якая крытыкавала кіраўніка дзяржавы. Вось што разумеюць у Беларусі пад дзяржаўнай бясьпекай. 9 чэрвеня адбылася новая нарада Лукашэнкі з усімі сілавікамі. Абмяркоўвалі тое ж самае пытаньне.

Цыганкоў: Асаблівасьць сытуацыі ў тым, што, як правільна кажа сама Сьвятлана Ціханоўская, яна ўжо адказвае ня толькі за сябе і за свайго мужа Сяргея. Яна нясе адказнасьць за тыя тысячы людзей, якія паставілі подпісы і для якіх менавіта Ціханоўскі стаў сымбалем пратэсту. І яна, як мне падаецца, разумее гэтую адказнасьць. І, як паказваюць яе інтэрвію, разумее, што ня можа проста так «выйсьці з гульні» і вярнуцца да звычайнага жыцьця.

І я б не пагадзіўся з Валерам, што варыянт у бюлетэні «Лукашэнка супраць Ціханоўскай» настолькі прымальны для кіраўніка дзяржавы. Ніхто з выбарнікаў ня будзе асабліва цікавіцца яе думкамі пра эканамічныя і палітычныя рэформы, яе прозьвішча ў бюлетэні будуць успрымаць менавіта як сымбаль пратэсту, як жонку таго палітыка, які найбольш зацята і ярка выступіў супраць Лукашэнкі. І ня думаю, што варыянт Плошчы для Лукашэнкі нясе толькі плюсы — там і шмат патэнцыйных стратаў.

Чарга да пікету Ціханоўскай у Менску
Чарга да пікету Ціханоўскай у Менску

Дракахруст: Цяпер Ціханоўскі выведзены з гульні. Што можа зрабіць яго жонка? Да чаго заклікаць, у якія перамовы ўступіць?

Цыганкоў: Дык яе і будуць успрымаць у выбарчых бюлетэнях менавіта як сымбаль, а не як рэальнага кандыдата. Многія людзі (і Пазьняк, і Севярынец) менавіта зь Ціханоўскім зьвязвалі варыянт пратэсту, байкоту, страйку — а не электаральнай перамогі.

Карбалевіч: Адна рэч — Сьвятлана Ціханоўская ў ролі жонкі ахвяры палітычных рэпрэсій, у ролі сымбалю пратэсту. І зусім іншая сытуацыя — Сьвятлана ў ролі будучага прэзыдэнта. На мой погляд, у другой ролі яна прайграе Лукашэнку.

Каму патрэбны прывід Плошчы?

Дракахруст: Сёньня Лукашэнка правёў нараду зь сілавікамі. Ён заявіў, што яго апанэнты выкарыстоўваюць выбарчую кампанію, каб дэстабілізаваць сытуацыю. На думку Лукашэнкі, падзеі разьвіваюцца паводле «загадзя прадуманага сцэнару», а ва ўдзельнікаў «гаспадары з грашыма». «Потым яны сфармуюць каманды і групы баевікоў, якія, ня выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы, — спрагназаваў Лукашэнка. — Да гэтага яны і заклікаюць людзей».

Пра што ідзе гаворка? Ціханоўскі ў турме да выбараў, за кратамі Статкевіч і Севярынец. Ані Бабарыка, ані Цапкала ніякіх палымяных заклікаў да Плошчы ня робяць. Такое адчуваньне, што Лукашэнка сам выклікае гэтых «духаў Плошчы». Вы, Віталь, сказалі, што яму нявыгадная Плошча. А можа і выгадная? Бо для Плошчы няма перадумоваў ані арганізацыйных, ані агітацыйных.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Ён выклікае не самую Плошчу, ён выклікае страх ад Плошчы.

Па-першае, праверыць настрой сілавікоў, пераканацца, што яны будуць выконваць ягоныя загады, што ніякага разлому і расколу ў намэнклятуры няма і што ўсе (асабліва новыя прызначаныя чальцы ўраду) праяўляюць ляяльнасьць.

Па-другое, узгадваньнем Плошчы Лукашэнка хоча навязаць грамадзкай думцы страх перад пагромамі, перад вайной. Скідаючы ў адну кучу ўсіх патэнцыйных кандыдатаў (якія нават не заікаюцца пра Плошчу), ён хоча дамагчыся, каб грамадзкая думка ўсіх іх успрымала як патэнцыйных рэвалюцыянэраў і пагромшчыкаў. Натуральна, што ня ўсе людзі настолькі палітычна адукаваныя і ведаюць праўду пра рэальныя пазыцыі прэтэндэнтаў — так што пэўная частка можа паддацца на гэты лямант пра мір і стабільнасьць, тым больш на фоне падзеяў у ЗША.

Па-трэцяе, Лукашэнка фактычна адкрыта кажа сілавікам — «шукайце баевікоў, знайдзіце мне іх». Гэта тое, што было падчас «справы патрыётаў» у 2017 годзе, калі ў крытычны момант затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, «знаходзілі» ў іх зброю і закапаную ў лесе арматуру — але празь некалькі месяцаў вызвалілі ўсіх без прад’яўленьня абвінавачваньняў. Тое самае адбываецца цяпер, калі чальцоў каманды Ціханоўскага хапаюць абсалютна ні за што.

Дракахруст: Магчыма, Лукашэнка разважае так: Бабарыка і Цапкала ідуць на выбары. У якой краіне яны жывуць, яны ведаюць; ведаюць, як працуе выбарчая сыстэма. Таму адзіная магчымасьць перамагчы для іх — гэта Плошча. І яны будуць вымушаныя ладзіць Плошчу, калі ў іх сурʼёзныя намеры. Можа, ён так успрымае сытуацыю?

Карбалевіч: Тут ёсьць матывы падсьвядомыя, а ёсьць сьвядомыя. Пачнём зь першага. Як кажуць, што ў каго баліць, той пра тое кажа. Я ўзгадваю, што пасьля ўкраінскай «аранжавай» рэвалюцыі 2004-2005 гадоў Лукашэнка ўвесь час паўтараў, часта не да месца: «Рэвалюцый у Беларусі ня будзе». Бо гэтая думка ўвесь час прысутнічала ў ягонай галаве і перашкаджала спакойна жыць. Тое, што яго палохае, пра тое ён гаворыць услых.

Што рабіць з працэдурай галасаваньня, Лукашэнка разумее. Выбарчая машына выдатна працуе, яна адладжаная, адшліфаваная і дае патрэбны вынік.

А вось людзі на Плошчы — гэта выклік. Так, здаецца, што рабіць у такім выпадку, таксама вядома. Але ж гісторыя ведае прыклады перамогі народных рэвалюцый. А раптам людзей на вуліцы выйдзе шмат? А раптам сілавыя структуры адмовяцца страляць у народ? Яго гэта моцна непакоіць. Таму ён увесь час сустракаецца зь сілавікамі, заточвае іх, арыентуе.

Зь іншага боку, Лукашэнка спэкулюе на тым, што грамадзтва, нават калі жадае перамен, баіцца забурэньняў. І, магчыма, у яго ёсьць спадзеў, што беларусаў напужаюць падзеі ў ЗША. У 2015 годзе Лукашэнку ўратаваў «украінскі сындром», страх паўтарэньня ўкраінскіх падзей у Беларусі. Цяпер ён разьлічвае, што спрацуе «амэрыканскі сындром», страх беларусаў, каб тут не адбыліся тыя забурэньні, рабаваньні крамаў, якія адбываюцца ў ЗША. Дарэчы, Лукашэнка ўзгадаў сёньня амэрыканскія падзеі пры размове зь сілавікамі. А беларускія (як і расейскія) тэлеканалы цяпер моцна раскручваюць падзеі ў ЗША, спадзеючыся зрабіць псыхалягічную прышчэпку ад вулічнага пратэсту.

Ці могуць абʼяднацца Ціханоўскія, Бабарыка і Цапкала?

Дракахруст: Пытаньне ад нашага гледача. Ці могуць абʼяднацца каманды Ціханоўскага (Ціханоўскай), Бабарыкі і Цапкалы?

Цыганкоў: Пакуль, да моманту рэгістрацыі кандыдатаў, цяжка пра гэта гаварыць. Але калі казаць пра электаральны сэнс аб’яднаньня — то неабходнасьць такога аб’яднаньня пад вялікім сумневам. Ці сальюцца электараты розных альтэрнатыўных кандыдатаў пад нейкае адно прозьвішча — зусім не абавязкова. Чалавек, які падпісаўся і прыйдзе галасаваць за Ціханоўскую — зусім не абавязкова будзе галасаваць за Бабарыку. Вядома ж, ёсьць частка людзей, якія гатовыя галасаваць за любога, абы не Лукашэнку. Але наколькі яна вялікая, невядома.

Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Валер Цапкала
Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Валер Цапкала

Яшчэ адзін момант. Калі ўлада будзе працягваць сілавы варыянт гэтай выбарчай кампаніі, калі пойдзе па шляху, вобразна кажучы, «хунты», калі будуць працягвацца затрыманьні і рэпрэсіі — то ўсім кандыдатам варта задумацца пра варыянт калектыўнага зьняцьця сваіх кандыдатур. Вядома ж, я разумею, што гэта зарана і такое рашэньне можа прымацца толькі пасьля этапу рэгістрацыі — але такое рашэньне трэба ўжо мець у розуме. Пакінуць Лукашэнку сам-насам з кандыдаткай Кісель, ці з Чэрачнем, ці зь Дзьмітрыевым. І гэта ўжо для ўсіх унутры Беларусі будзе несапраўдная перамога. Бо калі гэта ўжо ніяк не нагадвае выбары, а ідзе сілавая спэцапэрацыя — то, магчыма, трэба пакінуць Лукашэнку змагацца з самім сабой у гэтай апэрацыі.

Карбалевіч: Трэба казаць пра аб’яднаньне не камандаў Ціханоўскага, Бабарыкі, Цапкалы, а пра аб’яднаньне электаратаў. Бо калі гаворка ідзе пра каманды, то тут аб’ядноўваць асабліва няма чаго. У ініцыятыўнай групе Ціханоўскай з больш як 200 чалавек засталося каля 100.

Сам Ціханоўскі даволі няўцямна выказваўся наконт таго, што рабіць 9 жніўня. Ягоныя выказваньні былі супярэчлівыя. Цяпер ён увогуле ня можа кіраваць сваімі прыхільнікамі. Ня думаю, што Сьвятлана мае такі ж аўтарытэт сярод прыхільнікаў Ціханоўскага, як сам Сяргей.

Прыхільнікі Ціханоўскага — людзі непалітызаваныя. Застаўшыся бязь лідэра, яны могуць разгубіцца, узровень іх самаарганізацыі невялікі.

Ня вельмі зразумела, ці пойдуць гэтыя людзі ўвогуле галасаваць за іншых кандыдатаў. Можна меркаваць, што большасьць ягоных прыхільнікаў усё ж прыйдуць на выбарчыя ўчасткі падтрымаць іншых альтэрнатыўных кандыдатаў. Напрыклад, Бабарыку.

Сцэнары рэгістрацыі

Дракахруст: Ходзяць чуткі, што ўлады не зарэгіструюць ані Бабарыку, ані Цапкалу, ані Ціханоўскую. Пойдуць Канапацкая і Дзьмітрыеў. Наколькі гэта імаверна? І наадварот — наколькі імавернае паўтарэньне 2010 году, рэгістрацыя ўсіх ахвотных, каб расьцерушыць галасы, каб прадухіліць электаральную перамогу Бабарыкі, на якую ён спадзяецца?

Цыганкоў: Вельмі малаверагодна, што Бабарыку і Цапкалу не зарэгіструюць. Калі так, то гэтым будзе прадэманстравана, што Лукашэнка рэальна спалохаўся сваіх канкурэнтаў. Нерэгістрацыя будзе надта відавочным прызнаньнем сваёй паразы і свайго страху.

Яшчэ адным паказьнікам стане стадыя ўтварэньня выбарчых камісіяў. Цяпер прыхільнікі найперш Бабарыкі імкнуцца як мага больш трапіць у выбарчыя камісіі. Калі іх усіх масава адхіляць ад пранікненьня ў выбарчыя камісіі, то яны трошкі больш зразумеюць пра характар гэтых выбараў. І тады, магчыма, стратэгія каманды Бабарыкі таксама зьменіцца.

Сьвятлана Ціханоўская і Лідзія Ярмошына
Сьвятлана Ціханоўская і Лідзія Ярмошына

Карбалевіч: Лёгкіх варыянтаў рашэньняў для Лукашэнкі гэтым разам няма. З аднаго боку, у рэгістрацыі асноўных кандыдатаў, Бабарыкі і Цапкалы, ёсьць рызыка. А раптам спраўдзіцца той сцэнар, які прагаварыў Бабарыка? То бок — калі за яго галасуюць 80%, то ўся выбарчая машына апынецца ў ступары і пачне лічыць галасы паводле закону.

Іншы варыянт. Рэгістраваць усіх. Тады галасы пратэставага электарату, тыя 80%, пра якія марыць Бабарыка, размажуцца сярод многіх кандыдатаў, і Лукашэнка зможа атрымаць крышку больш, чым найбліжэйшы апанэнт.

Адрозьненьне ад 2010 году палягае ў тым, што тады практычна ўсе кандыдаты прадстаўлялі традыцыйную, тытульную апазыцыю, і ўсе заклікалі на Плошчу. Цяпер прадстаўнікоў апазыцыі няма. І ніхто пакуль не заклікае на Плошчу.

Калі зарэгіструюць Бабарыку, то, думаю, таксама зарэгіструюць Канапацкую. Бо Ганна Канапацкая цяпер прымярае ролю Гайдукевіча. Яна актыўна «мочыць» Бабарыку, і гэта выгадна Лукашэнку. Дыскрэдытаваць свайго асноўнага апанэнта рукамі і вуснамі другога кандыдата — гэта для яго выгадна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG