Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет Бабарыкі ў Бабруйску. ВІДЭА

абноўлена

Віктар Бабарыка на пікеце ў Бабруйску, 15 чэрвеня

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка 15 чэрвеня наведвае выбарчы пікет у Бабруйску.​

У размове са Свабодай бабруйчанка сказала, што ў горадзе больш абмяркоўваюць патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Бабарыку і Цапкалу.

Што сказаў Бабарыка?

  • «Беларусь — гэта ня толькі сталіца, гэта ня толькі Менск і Менская вобласьць. Гэта рэальна рэгіёны». Бабарыка сказаў, што выступае за пашырэньне рэгіянальнага самакіраваньня. Каб мэраў гарадоў абіралі самі людзі.

  • «У дзяржавы не бывае дзяржаўных грошай. Усе грошы дзяржавы — гэта грошы людзей, гэта вашыя падаткі».
  • «Ніхто ня мае права казаць, што дзяржава — гэта я».
  • Паводле Бабарыкі, любое рашэньне, якое будзе прымаць яго каманда пасьля перамогі на выбарах, будзе разглядацца, каб не пагоршыць сытуацыю. «Сёньняшняя сытуацыя нядобрая, але няправільна лічыць, што новы прэзыдэнт пачне рэформы і стане яшчэ горш».

  • Бабарыка сказаў, што хоча, каб у беларускіх школах на аднолькавым узроўні вывучалі беларускую, расейскую і ангельскую мовы.
  • Бабарыка бачыць барацьбу зь беспрацоўем у стварэньні ўмоваў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. «Разьвіцьцё дробнага і сярэдняга бізнэсу — гэта драйвэр росту любой эканомікі. У нас чамусьці лічыцца, што трэба працаваць на буйным прадпрыемстве і рабіць тое, што нікому ня трэба».
  • Пэнсійная рэформа патрабуе зьменаў, але павялічваць пэнсійны ўзрост яшчэ больш Бабарыка ня бачыць патрэбы.
    • Гаворачы пра магчымасьць продажу карцін з калекцыі «Белгазпрамбанку» за мяжу, Бабарыка адзначыў, што цяпер не кіруе банкам і ня можа камэнтаваць сытуацыю. «Але, па лёгіцы, навошта было вяртаць карціны ў краіну, выстаўляць іх у адкрыты доступ? Каб пасьля вывезьці за мяжу? Дый навошта іх прадаваць? Яны належаць акцыянэрам банку». Напярэдадні на тэлеканале «Беларусь 1» паведамлялі, што «карціны рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG