Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусамі па прэтэндэнтах на прэзыдэнцтва. ВІДЭА


Падчас вобшуку ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку» ў Менску 11 чэрвеня

Ці выведуць крымінальныя справы і ператрусы з выбарчай кампаніі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу? Ці будуць яны зарэгістраваныя? Які плян уладаў адносна гэтых прэтэндэнтаў?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст і Сьвятлана Калінкіна.

Дракахруст: Сёньня прайшоў ператрус у менскім офісе «Белгазпрамбанку». Стала вядома, што распачатыя крымінальныя справы супраць шэрагу супрацоўнікаў банку. Таксама адбыліся ператрусы ў офісах шэрагу кампаній, зьвязаных з гэтым банкам, кіраўніком якога да нядаўняга часу быў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка. Таксама сёньня інспэктары дзяржкантролю наведаліся дахаты да Валера Цапкалы.

Учора Аляксандар Лукашэнка загадаў сілавікам «прашарсьціць пузатых буржуяў». Сёньня ж узяліся выконваць. Віктар Бабарыка сёньня выклаў сваё стаўленьне да падзей на прэсавай канфэрэнцыі. Многіх зьдзівіла, што ён гэтак лагодна выказваўся пра ўладу. Многія пытаюцца — ён што, не разумее, у якой краіне жыве?

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Гурневіч: Ён так сябе паводзіць менавіта таму, што разумее, дзе ён жыве. Бабарыка трымаецца стылю, каб не дапусьціць правакацый, каб праваахоўныя органы не маглі яго абвінаваціць у паклёпе ці забурэньнях, каб яго не зьнялі з рэгістрацыі. Фраза «Беларусь зьмяце рэшткі старога рэжыму» — гэта нешта новенькае.

Калінкіна: Напачатку ў Бабарыкі, магчыма, было ўяўленьне, што кампанія будзе цывілізаванай. Бабарыка і Цапкала гуляюць на кантрасьце — Лукашэнка пагражае, крычыць, абражае, яны ветлівыя і карэктныя. Улады зарана пачалі такі жорсткі ціск. Падаецца, яны дамагаюцца, каб Бабарыка і Цапкала самі зьнялі свае кандыдатуры.

Дракахруст: Улады гуляюцца ў коткі-мышкі. Да Цапкалы прыйшлі, але яго не было. Выпадкова ці знарок? У «Белгазпрамбанк» прыйшлі, але асабіста да Бабарыкі прэтэнзій няма. Гэта апэрацыя зьнішчэньня ці дыскрэдытацыя?

Калінкіна: Я думаю, што ўлада пакуль гуляе, а не ідзе да канца, пакуль гэта маральны ціск. Мы ведаем, як дзейнічаюць праваахоўныя органы — арыштоўваюць блізкіх людзей і кажуць — дай паказаньні на Бабарыку. Тое, што мы назіраем, гэта шантаж.

Гурневіч: Лукашэнка адчувае сябе вельмі няўпэўнена, гэта бачна на фота Белты. Такіх паводзін уладаў, як цяпер, ніколі раней не было. І такіх моцных, як цяпер, кандыдатаў раней не было.

Калінкіна: Бабарыка пакуль паводзіць сябе вельмі асьцярожна, каб яго не зьнялі з рэгістрацыі. Ён усе сустрэчы праводзіць у памяшканьнях, каб гэта не трактавалася як недазволены мітынг. Лукашэнка сёньня вельмі раззлаваны на беларусаў і нават ня бачыць, хто ў гэтым вінаваты. Агрэсіўныя паводзіны Лукашэнкі не палохаюць, а яшчэ больш злуюць.

Дракахруст: Наколькі імаверна, што Бабарыку і Цапкалу не зарэгіструюць?

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна

Калінкіна: Я не выключаю гэтага. Калі яны самі ня здымуцца, то самых моцных могуць не зарэгістраваць. І Лукашэнка будзе разважаць, што пераможцаў ня судзяць. Калі сытуацыя будзе крытычная, ён пойдзе на ўсё, не зважаючы на тое, што па-мужчынску, а што не. Ператрусы, ціск на сяброў дзяцінства — гэта таксама не па-мужчынску.

Гурневіч: Я ўпэўнены, што Бабарыку і Цапкалу зарэгіструюць. Галоўная мэта ўладаў зараз — гэта дыскрэдытаваць гэтых прэтэндэнтаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG