Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы для іх проста «мяса» — опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук адрэагавала на жорсткія затрыманьні


Затрыманьні каля крамы Symbal.by 23 чэрвеня
Затрыманьні каля крамы Symbal.by 23 чэрвеня

«У мяне праўда ўжо некалькі дзён баліць сэрца, я пастаянна плачу. Бо я ня ведаю, што рабіць у такой сытуацыі, калі ўлады, АМАП, міліцыя абараняюць не народ, а рэжым», — опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук пра вясковых сваякоў, міліцэйскі гвалт і АМАП, для якога людзі — «проста мяса».

24 чэрвеня Маргарыта апублікавала ў Фэйсбуку пост з рэакцыяй на затрыманьні каля крамы Symbal.by. Пост пачынаецца словамі «Не магу маўчаць!» і завяршаецца воклічам «Жыве Беларусь!».

«Улады, АМАП, міліцыя абараняюць не народ, а рэжым»

Свабода зьвязалася з Маргарытай. Яна сапраўды расплакалася падчас размовы.

«У мяне праўда ўжо некалькі дзён баліць сэрца. Хоць я і стараюся адцягнуць увагу ад гэтага, здымаю нейкія сьмешныя відэаролікі, каб павесяліць людзей. Вось зараз з вамі размаўляю і плачу... Зараз мне трэба ісьці да дзетак, запрасілі ў мясцовы Дом культуры, каб я правяла майстар-кляс, а я не магу сабрацца.

Я пісала гэты пост у Фэйсбук і рыдала. Але я не магла маўчаць. І ня ведаю, што рабіць у такой сытуацыі, калі ўлады, АМАП, міліцыя абараняюць не народ, а рэжым», — кажа Маргарыта, якая ўмее ў любой самай складанай і змрочнай сытуацыі знайсьці станоўчае і аптымістычнае.

Увесну ў вёсцы яна адзначыла свой 30-гадовы юбілей. Плянавалася гламурная сьвецкая вечарынка з зорнымі гасьцямі. Але з прычыны каранавірусу замест вечаровай сукенкі апранулася ў ватоўку, а сьвяточны торт зрабіла зь вялікага кавалка сала і салёнага гурка.

«Я прыйшла да бабулі, а яна нагледзелася тэлевізара і кажа: «Бабарыку пасадзілі правільна, ён злачынца»

Разважае опэрная дзіва пра настроі людзей у вёсцы, што за 300 кілямэтраў ад сталіцы.

«У Менску пратэставы рух ёсьць. У вёсцы ў каго ні пыталася, таксама ўсе супраць „бацькі“. Але, напрыклад, мае бабулі, якія глядзяць тры дзяржаўныя каналы — яны, натуральна, будуць галасаваць за яго. У іх няма інтэрнэту.

Я прыйшла да бабулі, а яна нагледзелася тэлевізара і кажа: „Бабарыку пасадзілі правільна, ён злачынца“. Я пачала тлумачыць ёй іншае — яна нават ня хоча слухаць. Таму што 26 гадоў у яе ў галаве „Беларусь 1“, АНТ і „Беларусь 3“. У мяне ёсьць стрыечны брат, які жыве з бабуляй, і ён таксама глядзіць гэтыя ж каналы. І зь ім мы вельмі жорстка размаўляем пра тое, што адбываецца, і ён усё адно сьвята верыць у тое, што яму кажуць па дзяржаўных тэлеканалах. А мяне аж трасе! Але я бачу, што пераконваць яе бессэнсоўна.

Я гэтых людзей усё адно буду любіць, таму што гэта мая бабуля, мае сваякі. Але што я магу зрабіць?» — кажа Маргарыта.

Пасьля таго запісу ў Фэйсбуку яе вельмі падтрымала мясцовая моладзь, якой у Страдзечы даволі шмат.

«Мне пішуць, што я малайчына. Аднак усе маўчаць, баяцца. Але, акрамя бабуль, я ня чула ніводнага чалавека, які б сказаў мне, што ён будзе галасаваць за дзейнага кіраўніка краіны».

«АМАПу пофіг, хто перад ім стаіць — маці, сястра, брат. Яны ня спыняцца ні перад кім»

Што да міліцыі, АМАПу, судоў — Маргарыта кажа, што ёй сорамна за сваю краіну.

«Яны ахоўваюць не беларусаў, яны ахоўваюць рэжым. Іх на гэта муштруюць, дрэсіруюць. Днямі „бацька“ прыяжджаў у Берасьце, наведваў 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду. Там працуюць і мае сваякі.

Перакананая: ім аддадуць загад — і яны пойдуць на народ. Я буду на вуліцы, а мой брат, які там служыць, пойдзе на мяне. Можа, калі ён мяне пазнае ў твар, ня будзе дубасіць.

А так — мы для іх проста мяса, іх жа так трэніруюць і муштруюць. Да таго ж іх „прыкармілі“, кватэру далі. АМАПаўцам пофіг, хто перад імі стаіць — маці, сястра, брат. Яны ня спыняцца ні перад кім. І самае жудаснае — яны рэальна лічаць, што на вуліцы выходзяць злачынцы, вось гэта страшна! І я іх заклікаю: падумайце, хлопчыкі. Давядзецца адказваць перад Богам».

Маргарыта марыць, як яна вернецца на сцэну, калі скончыцца карантын. А пакуль працягвае здымаць вясёлыя відэаролікі.

«Я ж артыстка і ўмею настройвацца і пераключацца, нават калі баліць сэрца за сваіх родных людзей. Я стараюся весяліць, сьмяшыць людзей — запісваю забаўныя ролікі. Трэба неяк падымаць настрой беларусаў у гэтыя няпростыя дні, каб людзі не падалі духам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG