Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Торт з сала і ватоўка замест глямурнай сукенкі. Карантын вымусіў опэрную салістку адзначыць дзень народзінаў у роднай вёсцы


Маргарыта Ляўчук на самаізаляцыі ў вёсцы Страдзеч Берасьцейскай вобласьці
Маргарыта Ляўчук на самаізаляцыі ў вёсцы Страдзеч Берасьцейскай вобласьці

Опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук разам зь сям’ёй самаізалявалася ў Страдзечы на Берасьцейшчыне. Пачытайце, які нечаканы падарунак яна атрымала на дзень народзінаў, за што ваюе з мясцовымі ўладамі, якія сэрыялы раіць паглядзець і што зразумела пра жыцьцё за гэты час.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

— З вашага інстаграму відаць, што на карантыне вам ня сумна. А гэтыя сьмешныя відэа як прыдумалі рабіць?

— Я за паўгода на свой дзень народзінаў заплянавала вялізную вечарынку (16 красавіка Маргарыце споўнілася 30. — РС). Усё было падрыхтавана, нават тое, хто за кім будзе выступаць. Больш за 60 чалавек было запрошана. Я, зразумела, мусіла быць прыгажуняй — і сукенка, і туфлі, і фрызура. І ўсё гэта ляснула.

Я засмуцілася і, каб не сядзець самой у чатырох сьценах, прыехала ў вёску. Ну, думаю, я сёньня мусіла быць у прыгожай сукенцы, давайце я буду ў вясковай вопратцы. Мы знайшлі ватоўку, у якой я ў дзяцінстве калядаваць хадзіла. З малымі апраналіся на Шчодрыка, хадзілі па хатах калядаваць, песьні сьпявалі. Вось я ўзяла гэтую апранаху, і мы вырашылі зрабіць такі фільм, як я сьвяткую свае 30 гадоў.

На мой дзень народзін меўся быць патасны глямурны ролік, а атрымаўся чыста вясковы, і я ў ім — суворая трыццацігадовая вясковая жанчына.

Усе ўцягнуліся ў гэтую гульню. Толькі мама сказала: «Ой, я цябе такую бачыла шмат разоў, мне ня сьмешна». Я кажу: «Мама, а ўяўляеш, як людзям будзе сьмешна, якія мяне ніколі такой ня бачылі?»

Бацькі ўсё пыталіся, што мне падарыць. Я ўрэшце кажу: «Падарыце мне мяса». Я ж мясаед. І яны мне падарылі паўкабана!!! Я тады кажу тату: «А давай зробім торцік з сала!» Карацей, як яно было, так усё і зьнялі. Сьвечкі толькі купілі.

— Ці адчуваеце вы, што сьвет вакол вас памяняўся?

— Працы няма, таму, безумоўна, памяняўся. Але мы ж раней неяк сядзелі тры месяцы на летніх вакацыях, калі былі дзецьмі. Таму я ня стала падаць духам, прыдумала сабе, што я на летніх вакацыях прыехала ў сваю родную вёску, а тут нічога не зьмянілася.

Некаторыя вакалісты пачынаюць сумаваць, што да сьнежня працы няма, як мы будзем жыць. А я падумала, што ня буду плакаць. Я ў вёсцы, тут весела, клясна, надвор’е вельмі добрае, тут родны дом, а родныя сьцены самі лечаць.

Італія закрыла межы да канца году і адмяніла ўсе свае імпрэзы. А ў мяне плянаваліся там выступы, таму наступная праца ў мяне можа быць толькі ў кастрычніку.

У такой сытуацыі трэба проста жыць далей і не нудзіцца, бо калі пачнеш сумаваць, можна падарваць імунітэт. А навошта? Нам трэба перажыць гэта ўсё і далей працягваць працаваць.

— А ў вашай Страдзечы абмяркоўваюць пандэмію?

— Тут усё спакойна. Мы з суседзямі размаўляем, як звычайна, цераз плот: «Добры дзень, як маецеся, ці пасадзілі бульбу?» Тут усе па сваіх хатах, па гасьцях асабліва не прынята хадзіць.

Размоваў пра тое, хто ў каго хварэе, тут няма. Усе працягваюць жыць, кожны сабе.

Калі ты маеш зямлю, дом, знойдзецца процьма справаў. Я да адной бабулі паехала памыць хату, другой бабулі памыла, сабе дом памыла — і як бачыш паўтыдня ўжо прайшло.

За бабуляў перажываем. Я пасьля Менску два тыдні тут дома сядзела, ня езьдзіла да іх. Цяпер у масцы да іх прыходжу, не абдымаю, не цалуюся.

Страшнавата, ты ж ня ведаеш, што ў цябе там, нават калі ты не на гэты каранавірус хварэеш.

Бацькі езьдзяць на працу, я ім кажу, каб былі ў масках і пальчатках. У нас на ўваходзе ў дом стаіць сьпірт, апрацоўваем сябе штораз, калі езьдзім кудысьці.

Але тут нам тут няма калі расслабляцца. Вось цяпер усё пасадзілі, неўзабаве пачнём палоць.

— А што пасадзілі?

— Гуркі, памідоры. Садзіць у асноўным тата, а я сказала, што буду палоць. Бо я ўжо аднойчы пасадзіла моркву, дык яна ўзышла толькі ў жніўні. А на праполку я ўедлівая — да апошняга пустазельля. Люблю калупацца ў зямлі.

Я тут пачала нават ваяваць зь мясцовымі ўладамі. Бо ў цёмны час ніводзін ліхтар не гарыць, а дарогі ўжо больш як 20 гадоў абяцалі, і ўсё няма. Пачала пакуль зь імі перамовы; пабачым, чым гэта скончыцца, але пакуль безвынікова. Напэўна, пайду на прыём да «губэрнатара». Пакуль час ёсьць, хачу гэтыя пытаньні вырашыць.

У вёсцы ты працу знойдзеш штодня. І тут час ляціць хутчэй. Я месяц сядзела на карантыне ў Менску, і гэта быў жах, бо, апроч тэлевізара і сэрыялаў, там рабіць няма чаго. Ну за тыдзень кватэру памыў, вокны памыў, цюль памыў. Я там кучу сэрыялаў перагледзела, а тут у вёсцы нават тэлевізара не ўключаю.

Мне няма калі, я на ровары катаюся, гатую, бо тут вялізная сям’я на самаізаляцыі. У нас усё весела, мы стараемся ня думаць пра ўсе гэтыя праблемы.

— З таго, што паглядзелі, якія сэрыялы параіце?

— З таго, што спадабалася, гэта «Sex education» і «Money Heist» выйшаў 4-ы сэзон, дык я не магла адарвацца! Нават зрабіла гарбату і забыла, што я яе зрабіла, так усе 8 сэрый паглядзела запар. Вось гэтыя два клясныя, магу параіць, а іншыя — проста, каб час заняць. Таму мне надакучыла і я вырашыла паехаць у вёску.

Я ж ніколі не была гарадзкой фіфай. Манікюр ужо два тыдні не раблю і думаю, што будзе? Мне проста цікава. Неяк жа раней жылі без манікюраў-пэдыкюраў-крэмаў. Я таксама стараюся скуру не чапаць. Проста мыю твар вадой і таксама думаю, а што будзе? Мае бабулі ніколі ў жыцьці крэмамі не карысталіся — адной 86, другой 80. Цудоўна выглядаюць — зграбныя, прыгожыя. Проста ўсё жыцьцё працавалі.

— Людзі цяпер складаюць цэлыя сьпісы з высновамі пра жыцьцё, якія зрабілі падчас самаізаляцыі. У вас такі сьпіс ёсьць?

— Я скажу банальную рэч, але сям’я мусіць быць на першым месцы.

Я 12 гадоў ужо жыву ў Менску, у мяне не было магчымасьці прыехаць дахаты на Вялікдзень, бо гэта выходны, а мы, сьпевакі, заўжды ж працуем па выходных. І я пакутавала кожны раз. Усе табе тэлефануюць празь відэа, а ты проста махаеш ім ручкай і такая: «У-у-у, мне хочацца з вамі, яечкі пакачаць». А калі ты робісься старэйшай, уся гэтая туга па радзіме яшчэ больш паглыбляецца.

У нас вялікая сям’я. Мной усе вельмі ганарацца, я ім увесь час удзячная за гэта. Пішуць мне, прыяжджаюць, ходзяць на мае канцэрты, езьдзяць за мной па ўсім сьвеце. Гэта так клясна.

Мы цяпер, дзякуй Богу, усе здаровыя, але калі здараецца такая бяда, як цяпер, ты неяк стараесься цаніць свой род. Пачынаеш прыяжджаць да бабуляў, прасіць «Раскажыце нейкія цікавыя гісторыі», больш паглыбляцца ў свае карані.

У мяне ўжо два дзяды адышлі. Я цяпер стараюся часьцей езьдзіць да іх на могілкі, хаця, здаецца, навошта? Але я ўсё адно ежджу, бо гэта маё месца сілы, там пахаваныя ўсе мае продкі. Так шкада той час, калі ты не ўдзяляў столькі ўвагі дзядулям, а цяпер іх ужо няма. Цяпер я хачу пабольш часу бабулям аддаць.

Я калі першы дзень сюды прыехала, паехала адразу ў лес, на рэчку — у мяне сьлёзы на вачах. Цікавы стан: ты сьпяшаесься, працуеш, дабіваесься чагосьці, а тут прыяжджаеш — і ў цябе процьма часу, каб усё гэта пераацаніць. Хочацца гэты час спыніць.

— Што будзеце рабіць, калі гэта ўсё скончыцца?

— А я не загадваю. У мяне ўсё было расплянавана да сьнежня, і ўсё скасавалася. Нават не хачу марнаваць сваю энэргію на «калі б». Хачу спакойна гэта ўсё перажыць і пасьля ізноў «увайсьці ў сваё рэчышча».

Што будзе далей, я ня ведаю. Проста хачу, каб усе заставаліся здаровымі, і ўсё гэта хутчэй скончылася.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG