Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё мінецца». 100-гадовая бабруйчанка пра каранавірус і сваё жыцьцё


Ганна Раманаўна ў свае 100 гадоў

Свабода распачынае сэрыю публікацый пра беларусаў, якія перакрочылі 100-гадовы рубеж. Яны расказваюць пра перажытае і пра тое, як пандэмія каранавірусу 2020 году зьмяніла іхнае жыцьцё. Бабруйчанка Ганна Раманаўна Савонава адзначыла 100 год 1 студзеня.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Яна жыве разам зь сям’ёй унука Яўгена і ягонай жонкі Натальлі. Два месяцы таму тыя сказалі родзічам, што лепш бабулю не адведваць. Па словах Натальлі, тая да ізаляцыі паставілася з разуменьнем, але часам нудзіцца.

«Яна тэлефануе родным, просіць, каб тыя ўзялі таксоўку і прыехалі яе адведаць, — кажа Натальля. — Родзічам наказана ўстрымацца ад такіх візытаў. Дый самі яны разумеюць, што каранавірус бязьлітасны менавіта да старых. Для нас бабуля шмат значыць. Яна жывая гісторыя нашага роду».

Ганна Савонава, 1949 год
Ганна Савонава, 1949 год

Пра пандэмію каранавірусу Ганна Раманаўна ведае з тэлевізійных перадачаў. Кажа, што эпідэмія — зьява часовая, і некалі ёй прыйдзе канец, рана ці позна.

Бабуля прызнаецца, што лічыць сябе ў ізаляцыі яшчэ большым цяжарам для ўнукаў, чым раней. Зжыцца з гэтым, кажа, — самае няпростае ў старасьці.

«Я ляжу спакойна. Фортка ў пакоі адчыненая. Толькі ногі ня ходзяць, — наракае яна. — Сама шмат чаго зрабіць не магу. За мною прыбіраюць. Унукі выгляду не падаюць, што са мною цяжка, але я гэта адчуваю...»

«Ды што вы кажаце, жывіце доўга з намі, — рэагуе на словы Ганны Раманаўны Натальля. — Вы нам не цяжар».

Зь сям’і рэпрэсаваных...

Ганна Савонава зь сям’і рэпрэсаваных. У 1920-х гадах яе бацька набыў 40 гектараў зямлі зь лесам. Прыдбаў і конную малатарню. У гаспадарцы было 5 дойных кароў. Ісьці ў калгас не захацеў. Яго раскулачылі.

Ганна Раманаўна кажа, што бацьку, маці і старэйшага на пяць гадоў за яе брата Міхаіла саслалі ў Сыбір. Сама ж яна яшчэ зь дзьвюма сёстрамі засталася ў Беларусі, іх прытулілі родныя.

«У маленстве я гатовая была доўга скакаць на адной назе, каб толькі бацькі вярнуліся з высылкі. Гаравала, ня дай бог. Родныя са мною абыходзіліся добра, але мамы і таты мне не хапала. Я цяпер як згадаю сірочую сваю долю, то плачу», — адказвае суразмоўніца на пытаньне, што ў яе жыцьці можна параўнаць зь весткамі пра пашырэньне пандэміі.

Ганна Савонава са сваімі сёстрамі
Ганна Савонава са сваімі сёстрамі

Па словах кабеты, бацькі і брат, прабыўшы колькі гадоў у выгнаньні, вярнуліся ў родную вёску Багуслаўку, што ў Бабруйскім раёне. Жылі ў ацалелым хляве, прыстасаваным пад хату. Забралі сабе дачок.

Брата Міхаіла неўзабаве ўзялі ў войска, і ў 1943 годзе ён загінуў. Ганна Раманаўна трапіла ў эвакуацыю разам з Глушанскім шклозаводам. На ім працавала бухгальтарам. На гэтым жа прадпрыемства працаваў і муж. У 1944 годзе ў іх нарадзіўся сын Ігар, а ў 1946-м — Леанід.

Эвакуацыя таксама наклала адбітак на ўспрыняцьце Ганнай Раманаўнай жыцьцёвых нягодаў. Па яе словах, нават удалечыні ад фронту думалася, як выжыць. Даводзілася бяз продыху працаваць.

«Калі абвясьцілі ў 1945 годзе аб перамозе, то, не паверыце, усе плакалі ад радасьці. Гэта незабыўна», — кажа яна.

Унукі: «Ганна Раманаўна ўмее радавацца кожнаму новаму дню»

Па вайне Ганна Раманаўна заставалася бухгальтарам. Пазьней, каб мець большую пэнсію, пайшла на Бабруйскі гідролізны завод. Па яе словах, там быў неблагі заробак і шмат да яго даплат.

«На ім цяжка працавалі, — кажа яна. — За зьмену трэба было наладаваць у мяхі па 12–15 тон дражджэй. Хапала там усяго...»

Выйшаўшы на пэнсію, суразмоўніца ўладкавалася вартаўніцаю ў дзіцячы садок, бо бяз працы жыць не магла. На яе погляд, цяперашняе жыцьцё нашмат лепшае і спакайнейшае, чым тое, што яна перажыла.

На курсах кройкі і шыцьця, 1954 год
На курсах кройкі і шыцьця, 1954 год

Па словах Натальлі, за Ганнай Раманаўнай, інвалідам І групы, замацаваны доктар. Ёй выпісваюць патрэбныя лекі. Як што трэба, мэдыкі і сацыяльныя работнікі прыяжджаюць на дом.

«Ганна Раманаўна кажа, што цяпер жыць добра, — расказвае Натальля. — Мы ж стараемся яе ахінуць цеплынёю. Нас уражвае, што яна ўмее радавацца кожнаму новаму дню і да ўсяго ставіцца з пазыцыі справядлівасьці. Супакойвае нас, што эпідэмія мінецца, бо раней такое людзі ўжо перажывалі».

Сын Леанід, бацька Яўгена, сям’я якога глядзіць старую, памёр у 2012 годзе. Ганна Раманаўна цяжка перажывала сынаву сьмерць. Яшчэ адзін сын Ігар праз пандэмію ня можа наведваць маці, але рэгулярна ёй тэлефануе.

Натальля кажа, што Ганна Раманаўна добра шыла і выпісвала модныя часопісы. Цяпер любіць глядзець расейскую тэлеперадачу «Модный приговор».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG