Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сунулі пратакол, што я хуліган страшэнны». У чарзе да Symbal.by затрымалі кандыдата гістарычных навук


Чарга каля крамы Symbal.by 23 чэрвеня 2020 году
Чарга каля крамы Symbal.by 23 чэрвеня 2020 году

23 чэрвеня кандыдат гістарычных навук Алесь Райчонак паехаў на ровары ў краму Symbal.by, каб набыць кнігу Андруся Горвата ў падарунак сябру. Яго затрымаў АМАП. У пратаколах напісалі, што ён удзельнічаў у мітынгу каля крамы, выкрыкваў лёзунгі і пры затрыманьні аказваў супраціў.

Пра тое, што адбылося ўвечары 23 чэрвеня на Машэрава, 18, Алесь Райчонак расказаў Свабодзе.

«Я ўжо месяц хацеў зьезьдзіць туды па кніжкі, але ўсё адкладаў. Нават ня ведаў, што яны зачыняюцца, — тлумачыць гісторык у размове са Свабодай. — Гляджу — стаіць чарга зь людзей. Падумаў, што крама невялікая, таму адны заходзяць, іншыя выходзяць. Я пад’ехаў, паставіў ровар, нават прышчапіць не пасьпеў. Спытаўся, хто апошні, і стаў ціхенька».

Паводле Алеся, за 10 мэтраў ад яго каля машыны адбываўся канфлікт, побач стаяў міліцыянт. Райчонак працягваў чакаць сваёй чаргі, каб зайсьці ў краму.

«Бачу, едзе аўтазак. Ён праехаў далей да Багдановіча, пачаў разварочвацца, а людзі пачалі імкліва сыходзіць з чаргі. Паколькі я быў упэўнены, што стаяць у чарзе — гэта не парушаць грамадзкі парадак, то я нават не падумаў сыходзіць.

Тут яны [супрацоўнікі АМАП] выскачылі і накіраваліся ў падваротню. Некага сталі хапаць, я азірнуўся паглядзець, што адбываецца. Падумаў, можа гэта неяк зьвязана з гэтым канфліктам з машынай? У чарзе засталося некалькі чалавек, перада мной людзі ўжо зайшлі ў краму. Я падняўся на прыступкі, пацягнуўся да дзьвярэй, а ў гэты момант мяне ззаду падхапілі за рукі — далей я ўжо ў аўтазаку».

Фізычную сілу міліцыянты не ўжывалі, кажа Алесь, толькі адабралі ў яго тэлефон:

«Акрамя мяне, у аўтазаку было 9–10 хлопцаў. Я некалькі разоў прасіў патэлефанаваць жонцы, каб папярэдзіць, але не дазволілі».

Затрыманых адвезьлі ў РУУС Савецкага раёну. Паводле Аляксандра, у РУУС супрацоўнікі паводзілі сябе карэктна. Райчонак кажа, што ў яго падняўся ціск, і яму дазволілі прысесьці, у той час калі астатнія затрыманыя стаялі.

«Прывезьлі ў пастарунак, ніхто са мной не размаўляў. Правёў там чатыры гадзіны. Ніякіх тлумачэньняў не атрымаў. Казалі толькі адно — чакайце. Сказалі падпісаць пратакол. Больш мяне абурыла тое, што я нібыта на просьбы міліцыянта прайсьці ў машыну аказаў яму непадпарадкаваньне, хапаўся за адзеньне, махаў рукамі. Шчыра кажучы, мне ў 40 годзікаў так сябе паводзіць... Гэта па-за межамі разуменьня».

Райчонак кажа, што зразумеў бы, калі б у РУУС у яго паспрабавалі высьветліць абставіны здарэньня: «Але яны пратрымалі 4 гадзіны і сунулі пратакол, што я хуліган страшэнны, хапаў старшых сяржантаў, зрываў зь іх адзеньне».

Пратакол затрыманьня Алеся Райчонка
Пратакол затрыманьня Алеся Райчонка

Ён сьцьвярджае, што ў пратаколах «хлусьня ад першага да апошняга слова», і пытаецца: «Які я там мітынг утвараў? Я стаю, чакаю сваёй чаргі, трымаю дыстанцыю, каб да людзей бліжэй не падыходзіць. Гэта бачна на відэа. Напісалі, што я выкрыкваў нейкія лёзунгі! Людзі проста стаялі ў краму. Я ж кажу, што нават не пасьпеў зарыентавацца, бо прабыў там 2–3 хвіліны!»

На Аляксандра склалі два пратаколы — па артыкуле 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы) і частцы 1 артыкула 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). У пратаколах Аляксандар напісаў, што нязгодны з тым, што ў іх запісана. Ён зьбіраецца абскарджваць дзеяньні супрацоўнікаў АМАП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG