Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы каля Symbal.by хлопец напісаў заяву на АМАП. Сьцвярджае, што яго ўдарылі


Затрыманьні ля крамы Symbal.by 23 чэрвеня

Рафік Кенгерлі, затрыманы каля Symbal.by 23 чэрвеня, задаваў АМАПу пытаньні і спрабаваў давесьці, што іх дзеяньні незаконныя, за што атрымаў поўху, яго павалілі на падлогу аўтазака. 24 чэрвеня ён напісаў заяву на незаконныя дзеяньні праваахоўнікаў.

«Далі поўху, сьцягнулі на падлогу»

Мянчук Рафік Кенгерлі прыйшоў да крамы Symbal.by увечары 23 чэрвеня, каб набыць рэчы. Яго і яшчэ дзясятак чалавек затрымаў АМАП.

Ён кажа, што пасьля затрыманьня спрабаваў даводзіць АМАПу, што іх дзеяньні незаконныя, перапыняць пагрозы, за што атрымаў поўху, яго кінулі на падлогу аўтазака. Гэта бачылі іншыя затрыманыя.

«Са мной было каля 6 чалавек, калі да нас запхнулі хлопца, якому супрацоўнік АМАПу ці то пагражаў кулаком перад носам, ці то схапіў за валасы, на што я адрэагаваў крыкам: „Гэй, што ты робіш?“. Ён мне сказаў сесьці на падлогу, пасьля чаго зь сілай сьцягнуў з лавы аўтазака на падлогу, пакінуўшы ў мяне на сьпіне сіняк. На маё пытаньне, ці не даваў ён прысягу аб абароне грамадзян, ён уляпіў мне поўху — лёгкую, але вельмі абразьлівую», — прыгадвае Рафік.

Седзячы на падлозе аўтазака, хлопец даехаў да Савецкага РУУС, дзе ўсіх затрыманых паставілі ўздоўж сьцяны.

«Нас адправілі на паверх ніжэй цокальнага і выставілі ўздоўж сьцяны, забаранілі абапірацца на сьцяну. Хоць у гэтым калідоры і былі крэслы, мы заставаліся стаяць. На маё пытаньне: „На якой падставе адбыліся затрыманьні?“, мне адказалі, што я даведаюся ўсё ў пратаколе. На што я і сказаў, што мне павінны былі паведаміць гэта пры затрыманьні. Мне крыкнулі: „Ціха“», — апісвае далейшыя прыгоды хлопец.

Міліцыянты спрабавалі высьвятляць, чаму ён цяпер не працуе і на што жыве. На гэта хлопец адказаў, што гэта справа падатковай. Рафік прасіў, каб у пратакол унесьлі зьвесткі, што яго ўдарылі, чаго зроблена не было. Пасьля не хацелі аддаваць копіі пратаколаў, а на яго, як і на ўсіх затрыманых, склалі два пратаколы: парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаваньне службовай асобе.

Потым не хацелі вяртаць рэчы, а супрацоўнік РУУС Каралёў, як кажа Рафік, нават пасьля вызваленьня нейкі час ішоў за ім. У РУУСе менавіта гэты супрацоўнік выпытваў, дзе хлопец працуе, а таксама казаў: «Я абвінавачу цябе ў крадзяжы».

Пра канфлікт вакол аўтамабіля, які адбыўся каля крамы, Рафік Кенгерлі ня ведае, кажа, што прыехаў на месца «пазьней».

«Заяву прынялі і ўсё распыталі»

На наступны дзень, 24 чэрвеня, ён пайшоў у Савецкі РУУС напісаць заяву на супрацоўнікаў АМАПу за неправамоцнае выкарыстаньне фізычнай сілы і заяву за паклёп на супрацоўніка міліцыі.

«Цяпер я еду здымаць пабоі. У РУУСе ў мяне прымала заяву дзяўчына, яна ўсё падрабязна ў дэталях распытвала. Я юрыдычнай адукацыі ня маю, проста чытаў, як паводзіць сябе пры затрыманьні і якія ў мяне ёсьць правы», — кажа Рафік.

Што адбылося

23 чэрвеня офлайн-крама symbal.by абвясьціла аб закрыцьці з 29 чэрвеня. Людзі сталі ў чаргу, каб купіць там рэчы. Каля 20 чалавек з чаргі затрымаў АМАП. У афіцыйных камэнтарах прадстаўнікі МУС спасылаюцца на тое, што ў чарзе нібыта адбыўся канфлікт. 24 чэрвеня людзі зноў сталі ў чаргу да крамы, але іх ужо ніхто не затрымліваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG