Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Час Лукашэнкі скончыўся», — Сьвятлана Алексіевіч пра жорсткія затрыманьні і падтрымку Віктара Бабарыкі


Сьвятлана Алексіевіч

«Мне падабаюцца людзі, якія сёньня выходзяць на вуліцы і якія кажуць уладам, што зь імі так абыходзіцца нельга», — нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч перакананая, што народ прагне сумленных выбараў і падтрымлівае Віктара Бабарыку.

«Для ўлады стала нечаканасьцю, што народ выйшаў на вуліцы»

— Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія пачалася экстрэмальна: вылучэньне вялікай колькасьці прэтэндэнтаў; затрыманьне асноўнага суперніка і яго сына; вулічныя акцыі пратэсту, якія брутальна падаўляюць, арышты, штрафы. Што, на ваш погляд, адбываецца і чаму такая рэакцыя?

— За ўсім гэтым стаіць страх. Для ўлады стала нечаканасьцю, што народ выйшаў на вуліцы. А чаго баіцца ўлада? Яна баіцца страціць уладу. Тым больш у сытуацыі, калі зьявіўся такі моцны другі кандыдат — Віктар Бабарыка.

Я вельмі веру ў гэтага чалавека. Як і веру ў тое, што нам неабходны наступны этап у разьвіцьці нацыі. І Бабарыка — менавіта той новы лідэр, які нам патрэбны. Але тут сутыкнуліся інтарэсы ўлады. Без усялякіх доказаў чалавек сядзіць у турме, і сын яго сядзіць у турме. А калі людзі выйшлі на вуліцы — прадказальна, што гэта ўладу мусіла раззлаваць.

Я ведаю, што цяпер у кожнай сям’і менавіта пра гэта ідуць размовы. Бацькі кажуць дзецям (а на вуліцы выйшла маладое пакаленьне): «Навошта вам гэта? Сядзіце ціха, усё адно ўсё скончыцца як заўсёды». А маладое пакаленьне з гэтым не пагаджаецца. Я б хацела сказаць такім бацькам: «У маладых атрымаецца, калі вы будзеце разам зь імі. Калі вы выйдзеце зь імі, маладымі, як некалі ва Ўкраіне, — мамы і таты, тады атрымалася тое, што хацеў народ. Ён хацеў перамен і атрымаў гэтыя перамены.

Мне не падабаецца гэтае вохканьне: ах, узялі выпадковых людзей! Ды ня ў гэтым рэч! Канечне, шкада людзей, якія апынуліся там выпадкова і якіх затрымалі. Але трэба, каб выйшлі людзі не выпадкова, а каб яны выйшлі на вуліцы сьвядома.

Мне падабаюцца людзі, якія сёньня выходзяць на вуліцы і якія кажуць уладам, што зь імі так абыходзіцца нельга. Іх нельга падманваць, іх нельга трымаць за дурняў. Ды ўсе мы гэта ведаем, разумеем, што адбылося з Бабарыкам. І якая хлусьня ліецца з тэлеэкранаў. Усе мы павінны разарваць гэты ланцуг маны. І пазбыцца страху.

«Народ прагне толькі аднаго: сумленных выбараў. Ніхто ня хоча крыві»

— Калі Свабода ў дзень затрыманьня Віктара Бабарыкі і ягонага сына вяла стрым з вуліц Менску цягам амаль 7 гадзін, людзі падыходзілі і казалі: «Яшчэ 10 хвілін таму я сядзеў на канапе, убачыў людзей на вуліцах і таксама прыйшоў сюды». Можа, усё ж народ абуджаецца, у яго зьяўляецца грамадзянская пазыцыя, сумленьне, сьмеласьць?

— Так, штосьці адбываецца, народ прачынаецца. І рэч у тым, што сама ўлада стала найбольшым рэвалюцыянэрам у гэтай сытуацыі. Ня новыя лідэры, а сама ўлада! Народ бачыць, як улада іх падманвае. А народ прагне толькі аднаго — сумленных выбараў. Ніхто ў народзе ня хоча крыві. Гэта відаць у вачах мацярок, гэта відаць у вачах маладых людзей, у вачах чыноўнікаў — ніхто ня хоча крыві. Усе хочуць толькі сумленных выбараў. І таму людзі выходзяць на вуліцу. А на іх ціснуць.

— А ці вам як пісьменьніцы цікавая псыхалёгія людзей, якія затрымліваюць? Яны паводзяць сябе як бандыты: жорстка хапаюць выпадковых мінакоў, закідваюць у аўтазакі, зьдзекуюцца зь іх. Учора ў інтэрвію вядомы актор Павал Харланчук назваў іх бандфармаваньнямі. Гэтыя людзі ілжэсьведчаць у судах, хлусяць. Што ў іх у галовах?

— Некалі ў 2011 годзе адзін высокапастаўлены палкоўнік мне сказаў: «Калі вас будзе, як цяпер, 2–3 тысячы, мы будзем вас біць. Калі вас выйдзе 100 тысяч, мы будзем разам з вамі». Гэта псыхалёгія «служывага» чалавека. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў людзей, якія доўга жывуць у таталітарным рэжыме. Выхоўваецца рабская псыхалёгія: ёсьць загад, камандзір, ёсьць начальства.

Але ж людзі езьдзяць па сьвеце, бачаць іншае жыцьцё, і ў іх прачынаецца сьвядомасьць. Пагатоў калі ім так шчыра хлусяць! Нават гэты амапавец у чорным барэце, які хапае людзей на вуліцы, бачыць, што гэта несправядліва. Ім, напэўна, добра плацяць, іх добра ўтрымліваюць, ім «прамываюць» мазгі, у асноўным гэта хлопцы не з вышэйшай адукацыяй, яны малаадукаваныя, іх вельмі лёгка падмануць.

Для мяне гэтая псыхалёгія цалкам зразумелая, яна простая — гэта псыхалёгія рабства. А вось калі чалавек адмаўляецца ўдзельнічаць у гэтых разгонах, у зьдзеках — гэта цікава. Бо ня так ужо шмат людзей — садысты, якія любяць зьдзекавацца зь іншых.

Як мне расказалі людзі, якія сядзелі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2011 годзе, іх звозілі ў аўтазаках. А быў холад, зіма. Адны так званыя праваахоўнікі стараліся дапамагчы, дзяўчатам нават шакалядкі давалі, а быў такі, які адмыслова трымаў дзьверы аўтазаку адчыненымі: «Колькі вам там заплацілі? Дык пакутуйце!»

Вось што такое дыктатура? Гэта калі сама ўлада малакультурная і стараецца ўтрымаць людзей у такім стане. І прарвацца скрозь гэта вельмі цяжка. Трэба думаць самому, трэба адказваць за свае грахі самому — а гэта вельмі складана.

«Каб не было Майдану, патрэбныя сумленныя выбары»

— Вам не падаецца, што ідзе нагнятаньне абстаноўкі, запалохваньні — безупынна ўзгадваецца Майдан, нават новае слова зьявілася — «майданутыя», а пра кроў кажа толькі адзін чалавек. Чаму гэта адбываецца?

— Я думаю, улада баіцца Майдану. Баіцца менавіта таго, калі зь дзецьмі выйдуць на плошчу іхныя маці і бацькі. Бо калі выйдуць толькі маладыя людзі — улады скажуць, што іх купілі. А сьмешна сказаць, што купілі іх мацярок, бацькоў. Гэта ж цалкам зразумела, што дарослыя выходзяць зусім зь іншых прычын. І ўлада гэтага баіцца. Сапраўды, толькі адна асоба кажа пра Майдан. А народ насамрэч думае пра Майдан зь вялікай асьцярогай. Бо людзі ведаюць, што іхныя дзеці выйдуць на плошчу, калі ўлада давядзе іх да гэтага.

А каб не было Майдану, патрэбна адна вельмі простая рэч: сумленныя выбары. Таму, калі нас палохаюць Майданам, трэба сумленна адказваць: нічога ня будзе, калі будуць сумленныя выбары. Ня будзе ніякіх сутыкненьняў. Людзі хочуць, каб проста было выканана іхнае законнае права. Яны хочуць быць перакананыя, што выбары не сфальшуюць, ня зробяць, як звычайна, каб дагадзіць уладзе.

І калі нам пагражаюць, што, маўляў, забыліся, як азіяцкія лідэры — Рахмон, Карымаў — стралялі ў народ, як народ літаральна разадраў у шматкі Чаўшэску і ягоную жонку — давайце не заклікаць да гэтага. Ня трэба.

«Калі чалавек страціў самую галоўную каштоўнасьць — каханьне, яму ўжо свайго жыцьця не шкада»

— Штаб Віктара Бабарыкі ініцыяваў кампанію «Сумленныя людзі». Зараз у выканкамах ідуць паседжаньні, дзе зацьвярджаюць склады выбарчых камісіяў. Аднак ніхто зь незалежных асобаў, не сяброў праўладных партыяў, «Белай Русі» ці БРСМ, туды не трапляе. У сеціве зьявіўся аўдыёзапіс: у адным выканкаме забыліся выключыць мікрафон, і ўсе чулі, як кіраўніцтва камандуе, за каго трэба галасаваць. То бок улады ўжо рыхтуюцца да фальсыфікацыяў.

— Вядома. А тут ужо ўсё залежыць ад самога народу — здольны ён на перамены ці не. Каго больш — тых, хто хоча пераменаў, ці тых, каму добра пры гэтай уладзе, хто ёю прыкормлены, знайшоў сваю нішу, дзе ўтульна, цёпла, і нічога іншага ён ня хоча. Тут ужо такая халодная грамадзянская вайна.

— Але Віктар Бабарыка шчыра верыць у сумленнасьць гэтых людзей — умоўнай настаўніцы Мар’і Іванаўны, якая зноў трапіць у камісію (літаральна за некалькі дзён да затрыманьня я зь ім размаўляла). Дарэчы, вы ж ведаеце Бабарыку. «Белгазпрамбанк» выкупіў значную частку накладу вашай кнігі «Галасы ўтопіі», каб перадаць у бібліятэкі краіны. Што гэта — наіўнасьць, брак досьведу ў палітыцы?

— Мне вельмі падабаецца гэты чалавек. Ён вельмі сумленны. Я ня веру, што ён нейкі стаўленік Крамля. Гэта чалавек, які мае свае перакананьні. Гэта найсумленьнейшы чалавек. Мне таксама падалося, што ён крыху рамантычны, бо ў яго няма досьведу гэтай бруднай палітычнай барацьбы.

У яго была каханая жонка, якая вельмі недарэчна загінула. Калі чалавек страціў самую галоўную каштоўнасьць, сваё каханьне, — яму ўжо свайго жыцьця не шкада. Ён 20 гадоў кіраваў банкам, мог бы і далей кіраваць. Яму гэтую каштоўнасьць трэба замяніць, штосьці трэба зрабіць для людзей.

«У нас так лёгка абылгаць любога чалавека!»

— Але пачаўся ціск ня толькі на самога Бабарыку, але і на яго сына, на «Белгазпрамбанк», затрымалі два дзясяткі яго паплечнікаў, калег, сяброў. Арыштавалі нават калекцыю карцін, які банк вярнуў на радзіму. Чаму ўлады так яго баяцца?

— Што да вяртаньня на радзіму нашага нацыянальнага набытку, улады пачалі вярзьці поўнае глупства: нібыта Бабарыка купіў карціны для сябе, а потым хацеў вывезьці за мяжу. Навошта яму было іх прывозіць — каб потым вывезьці? Ён жа праводзіў шматлікія выставы, карціны былі не ў ягоных засеках, а ў галерэях! Людзі прыходзілі ў музэі і ганарыліся, што шэдэўры вярнуліся на радзіму.

Гэта ўсё выдумкі вельмі прымітыўнага ўзроўню. Так, у яго добры дом. Ён мог пабудаваць такі дом на заробленыя грошы, бо ў яго быў прыстойны заробак, і ён плаціў падаткі. А ў нас так лёгка абылгаць любога чалавека!

Вось заўтра Лукашэнка паслухае, што я тут кажу, ён і так мяне ненавідзіць, а ён можа абылгаць мяне ў адну сэкунду! Будзе прыдуманая маса брудных, агідных рэчаў: «Вось у яе ёсьць кватэра, ёсьць яшчэ адна кватэра». Але ён жа ня ведае нічога ні пра маю сям’ю, ні пра маё жыцьцё. Кожнага з нас можна абылгаць, асабліва зараз, калі людзі злыя, людзі бяднеюць на вачах. Гэта энэргія нянавісьці, і замест таго, каб яе накіраваць на ўладу, якая зьяўляецца віной усяму, — яе накіроўваюць на нейкіх канкрэтных асобаў. Як гэтым разам на Бабарыку.

А палітычная барацьба не абавязкова павінна быць бруднай. Мы неяк размаўлялі зь Віктарам Дзьмітрыевічам на гэтую тэму. І прыйшлі да высновы, што бруднай барацьбу робіць сёньняшняя ўлада.

А яе ж можна зрабіць іншай — перамог жа Зяленскі ва Ўкраіне. Перамагло новае пакаленьне, прыйшоў іншы чалавек — зь іншымі поглядамі, зь іншым слоўнікавым запасам, зь іншым разуменьнем рэчаў.

Вось прачытала я артыкул Сьвятланы Калінкінай «Сыдзі прыгожа. І не чапай чужых дзяцей». Сьвятлана таксама крыху рамантычная. Яна піша: «Сыдзі годна. Сыдзі як першы прэзыдэнт. Сыдзі сам. Сыдзі так, каб ты стаў прыкладам, каб цябе паважалі, а не плявалі ў сьпіну».

Ну сыдзі, дай дарогу маладым, няхай яны паспрабуюць штосьці зрабіць. Што маглі, вы ўжо зрабілі. А ўладу ніхто ня хоча аддаць. У нас няма культуры, якая ёсьць у Эўропе і ЗША: два прэзыдэнцкія тэрміны і сыход. І Бабарыкі мне вельмі шкада — што ён такі наіўны і рамантычны. І мы не чакалі, што зь ім абыдуцца так нахабна і непрыстойна.

Але, мне падаецца, Бабарыка з тых людзей, якія хутка вучацца. А самае галоўнае — народ на гэтым хутка вучыцца!

Хто сёньня робіць рэвалюцыянэраў з народу? Не Бабарыка, не Цапкала. Рэвалюцыянэрамі людзей робіць улада. Яна нават сама гэтага не разумее. Яна магла б, каб была крыху хітрэйшая, спакойна правесьці выбары, як заўсёды, акуратна зрабіць свае падтасоўкі — народ ня быў бы так расстроены. І Лукашэнка, вядома ж, перамог бы.

А цяпер мне страшна за тое, што будзе. Бо тыя, хто пры ўладзе, павінны думаць, якімі яны застануцца ў гісторыі. Вось дзе цяпер Сталін, які згнаіў мільёны людзей? Дзе ён зараз? Няма яго! Толькі дабро перамагае, дабро застаецца ў памяці. А хітрасьць, нахабства, падман — усё гэта сыходзіць у мінулае. І гэта ніколі не застанецца ў памяці. Я зьдзіўляюся: чаму яны ня думаюць, якімі яны застануцца ў гісторыі?

— Акрамя Віктара Бабарыкі, ці ведаеце вы каго зь іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты? Як вы да іх ставіцеся?

— З сур’ёзных фігураў — Цапкалы, Ціханоўскага, Бабарыкі — я ведала толькі Віктара Бабарыку. Астатніх — з публікацыяў у СМІ. Чула і тое, як улада пачынае іх абражаць — «шалудзівыя», «майданутыя», «тоўсты буржуй» (прабачце, брыдка нават паўтараць). Гэтая лексыка, вядома, непрымальная для першай асобы дзяржавы. Але ўсё гэта толькі рэвалюцыянізуе сытуацыю.

Я лічу, што ягоны час скончыўся. 25 гадоў — гэта вельмі вялікі тэрмін. Гэта ж чвэрць стагодзьдзя! Надышоў час даць дарогу маладым. Прыйшоў час даць народу зрабіць сумленны выбар. Людзі ня згодныя жыць у краіне, дзе няма выбару. Ня трэба даводзіць краіну да крыві. Ніхто крыві ня хоча. Трэба любымі спосабамі дамагацца сумленных выбараў.

Вось рэжысэр Андрэй Курэйчык казаў пра рух у абарону Бабарыкі, пра патрабаваньні вярнуць Канстытуцыю. Была ў нас нармальная эўрапейская Канстытуцыя, зь якой было ня сорамна. Але ўлада перапісала яе пад сябе. Трэба вярнуць Канстытуцыю, патрабаваць сумленных выбараў. А не сядзець на канапе і ахкаць і вохкаць. Трэба нешта рабіць.

Калі нас будзе шмат, цяжка будзе выгнаць кагосьці з працы, абылгаць. У мяне паўстае такая карцінка: калі міліцыя, АМАП цягнуць чалавека ў аўтазак, натоўп спачатку глядзіць на гэта зачаравана. А потым адбівае іх. Калі нас шмат, мы здольныя адбіць адзін аднаго. Паасобку гэта не атрымаецца. А ўлада спадзяецца, што мы будзем паасобку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG