Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў «нагадаць», як ва Ўзбэкістане расстралялі дэманстрантаў. Што было ў Андыжане?


Аляксандар Лукашэнка 4 чэрвеня зьмяніў склад ураду. Даючы наказы новаму ўраду, пачаў абурацца заявамі сваіх патэнцыйных апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сярод іншага ён заявіў, што адно з найважнейшых дасягненьняў Беларусі — мір і стабільнасьць. Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, пасьля гэтага ён прыгразіў «нагадаць», як адбываліся масавыя расстрэлы дэманстрантаў:

«Некаторым беларусам здаецца, што гэта дзесьці далёка Ўкраіну разбурылі, ідзе вайна там, адхапілі частку тэрыторыі, — сказаў Лукашэнка. — Недзе далёка Малдова, якую падзялілі напалам, Прыднястроўе і заходняя частка. Забыліся, як у Літве ваявалі, з боем адстойваючы незалежнасьць і сувэрэнітэт у савецкія часы за Гарбачовым.

Забыліся, што сёньня яшчэ палае Каўказ, армяне з азэрбайджанцамі ваююць, ня могуць дамовіцца. Забыліся, што Грузія страціла амаль траціну сваёй тэрыторыі — спачатку Абхазію, потым Паўднёвую Асэтыю. Нарэшце, ніхто ня ведае, як мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес хадзіў у сталіцу Таджыкістану Душанбэ, каб навесьці парадак, колькі загінула там людзей, як з барадачамі змагаліся.

Забыліся, як былы прэзыдэнт Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, галасілі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець ня хочам — некаторыя. Ну дык мы нагадаем».

Што было ў Андыжане?

Адна з найбольш трагічных падзей у гісторыі незалежнага Ўзбэкістану адбылася 13 траўня 2005 году ў Андыжане. Жорсткае здушэньне пратэстаў паказала сьвету характар рэжыму ў гэтай краіне.

У ноч на 13 траўня 2005 году ўзброеныя людзі захапілі будынак гарадзкой адміністрацыі ўзбэцкага гораду Андыжан, напалі на вайсковы гарнізон і турму, захапілі зброю і вызвалілі зьняволеных. На другі дзень на цэнтральнай плошчы гораду сабралася вялікая дэманстрацыя. Узбэцкі ўрад у адказ паслаў вайсковыя сілы.

Падчас дэманстрацыі 13 траўня ўрадавыя войскі без папярэджаньня адкрылі агонь па ўдзельніках пратэсту, загінулі сотні людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Бальшыня дэманстрантаў сабраліся не для падтрымкі захопу турмы, а з крытыкай ураду і патрабаваньнямі паляпшэньня ўмоваў жыцьця.

Паводле пазьнейшых ацэнак праваабаронцаў, у андыжанскіх падзеях загінулі ня менш за 1000 чалавек, бальшыня — цывільнае насельніцтва. Узбэцкія ўлады ацэньваюць колькасьць ахвяраў у 200 чалавек і цьвердзяць, што гэта былі пераважна замежныя экстрэмісты-наёмнікі і ўрадавыя вайскоўцы.

Некаторыя андыжанцы цьвердзілі, што ўлады выносілі целы забітых зь месца падзеяў, каб схаваць колькасьць ахвяраў. На працягу месяцаў пасьля сутыкненьняў шматлікія сем'і ня ведалі, што стала зь іх роднымі — загінулі яны, уцяклі з краіны ці былі зьняволеныя за ўдзел у дэманстрацыях.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG