Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка-мэм, САЗ як «Ойча наш» і адменены парад. Як змагаюцца з каранавірусам у Прыднястроўі


Расейскія вайскоўцы на парадзе ў Тыраспалі 9 траўня 2018 году

У непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй увялі яшчэ да таго, як афіцыйна зарэгістравалі першыя выпадкі каранавіруснай інфэкцыі.

Як там змагаюцца з каранавірусам, каго робяць галоўным ворагам, пра скасаваны парад і пра Аляксандра Лукашэнку як мэм расказаў Мікалай Кузьмін, журналіст, які працуе ў галоўным горадзе Прыднястроўя Тыраспалі.

Мікалай Кузьмін
Мікалай Кузьмін

16 сакавіка выйшаў указ кіраўніка Прыднястроўя Вадзіма Краснасельскага пра надзвычайнае становішча. Паводле гэтага ўказу прыпынілі працу гандлёвыя цэнтры, кінатэатры, тэатры, спартовыя аб’екты, цырульні, рэстараны, кавярні ды іншыя ўстановы, дзе могуць зьбірацца шмат людзей. Надзвычайнае становішча мае працягвацца да 15 траўня.

10 фактаў аб Прыднястроўі

  1. Пасьля ўзброенага канфлікту ў 1992 годзе з удзелам расейскіх войскаў Прыднястроўе фактычна аддзялілася ад Малдовы. Малдова не прызнала аддзяленьня, пытаньне пра статус гэтай тэрыторыі застаецца нявырашаным.
  2. У непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы паводле перапісу 2015 году жылі 475 665 чалавек — прыблізна пароўну этнічных малдаван, расейцаў і ўкраінцаў.
  3. У Прыднястроўі дагэтуль знаходзяцца расейскія войскі.
  4. Ніводная краіна з тых, што ўваходзяць у ААН, не прызнала незалежнасьці Прыднястроўя.
  5. Практычна ўсе жыхары Прыднястроўя маюць малдаўскія, расейскія ці ўкраінскія пашпарты. Шмат хто з прыднястроўцаў мае адразу па некалькі пашпартоў.
  6. Афіцыйныя мовы ПМР — малдаўская, расейская і ўкраінская.
  7. Сьцяг і герб ПМР вельмі нагадваюць сымболіку савецкага ўзору, але ад 2017 году там прынялі расейскі сьцяг як другі дзяржаўны.
  8. Цяперашні прэзыдэнт Вадзім Краснасельскі — ужо трэці за час існаваньня ПМР.
  9. Другі прэзыдэнт, Яўгеній Шаўчук, які быў пры ўладзе з 2011 па 2016 год, абвінаваціў свайго папярэдніка Ігара Сьмірнова, які кіраваў з 1990 па 2011, што той вывез за мяжу 90 працэнтаў золатавалютнага фонду. А самога Шаўчука ў 2018 годзе ў Прыднястроўі завочна асудзілі на 16 гадоў турмы. Сярод абвінавачаньняў былі злоўжываньне ўладай і хабарніцтва.
  10. З 1990 году ў Прыднястроўі прайшло сем рэфэрэндумаў. Апошні адбыўся ў 2006 годзе. Паводле афіцыйных лічбаў, на яго прыйшлі 78,55% выбарнікаў. Зь іх 97,1% прагаласавалі «за незалежнасьць ПМР і наступнае далучэньне да Расейскай Фэдэрацыі».

Пакуль няясна, наколькі моцна пандэмія ўдарыць па эканоміцы Прыднястроўя і ці можа гэта прывесьці да нейкіх сацыяльных канфліктаў. 27 сакавіка 400 супрацоўнікаў Малдаўскай ДРЭС адправілі на карантын. У першы ж дзень карантыну адбылася бойка паміж працоўнымі і міліцыяй, пра якую паведамілі дзяржаўныя СМІ.

Для тых, хто прыехаў з-за мяжы ці ў каго падазрэньне на каранавірус, абавязковыя два тыдні самаізаляцыі дома. За парушэньне можна атрымаць штраф да 2760 рублёў ПМР (каля 170 даляраў) або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Дзяржаўныя мэдыя паведамляюць пра пакараньне такіх парушальнікаў.

У Прыднястроўі адкрытыя толькі прадуктовыя крамы і аптэкі
У Прыднястроўі адкрытыя толькі прадуктовыя крамы і аптэкі

Людзям з хранічнымі хваробамі і старэйшым за 60 «рэкамэндавана» ўвогуле не выходзіць на вуліцу. Але за выканананьнем гэтых агульных рэкамэндацыяў сочаць ня так пільна, тлумачыць Мікалай Кузьмін.

— З аднаго боку, у нас ёсьць абмежавальныя захады, якімі «дапускаецца пакідаць жылыя памяшканьні пры аб’ектыўнай неабходнасьці выключна ў наступных выпадках»: зварот па мэдычную дапамогу, выхад па прадукты/лекі, выгул жывёлы, вынас сьмецьця, дастаўка прадуктаў/лекаў і гэтак далей. Але, зь іншага боку, прэзыдэнт кажа нешта накшталт: «Выхад зь дзіцем на сьвежае паветра (без кантактаваньня зь іншымі грамадзянамі), праца на прысядзібным участку, выезд на дачу (пры сабе неабходна мець дакумэнт, які пацьвярджае яе наяўнасьць) — усё гэта ня толькі дапушчальна, але і вітаецца, бо дазваляе ўмацоўваць здароўе грамадзян і зьніжае сацыяльную напружанасьць у грамадзтве».

Супрацоўнікі міліцыі патрулююць тэрыторыі магчымага збору людзей і кажуць, што «калі людзі перасоўваюцца дробнымі групамі — 2 чалавекі — мы іх не абмяжоўваем... Але калі зьбіраюцца вялікай кампаніяй, тады будуць прымацца меры ажно да адміністрацыйнага пакараньня».

Пры сабе трэба мець пасьведчаньне асобы, але асабіста ў мяне ні разу яго не правяралі (хоць варта ўлічыць, што хаджу я толькі ў краму).

Складаецца ўражаньне, што ў нас нейкія ўказы прынялі, напісалі ў іх, што трэба было напісаць «у ідэале» (з улікам напружаньня ў насельніцтва ў цэлым — лепш перапільнаваць, чым недапільнаваць), але разумелі, што забясьпечыць іх выкананьне не атрымаецца і гэта будзе крыху неадэкватна: якую небясьпеку для навакольных можа ствараць чалавек, які выйшаў на вуліцу і трымае дыстанцыю, каб падыхаць сьвежым паветрам або разьмяцца?

У краму бяз маскі ня пусьцяць

— Ёсьць рэкамэндацыі ад апэратыўнага штабу прафіляктыкі і недапушчэньня COVID-19, якія, як я разумею, выконваюцца строга:

  • «Насіць маску абавязкова варта ў людных месцах — пры наведваньні крамаў, аптэк, харчовых рынкаў. Супрацоўнікі прадпрыемстваў гандлю ня будуць дапускаць у памяшканьні грамадзян бяз сродкаў індывідуальнай абароны»
  • «Работнікі, якія займаюцца дастаўкай тавараў, таксама мусяць мець маску»
У супэрмаркеце Sheriff у Тыраспалі, сакавік 2020
У супэрмаркеце Sheriff у Тыраспалі, сакавік 2020

Плюс у асабістым аўтамабілі, калі едзеш зь некім (таксістаў гэта таксама тычыцца — калі я выклікаў таксі, кіроўца сказаў, што маску надзяваць не абавязкова, але вельмі пажадана).

Бяз маскі ў крамы проста не пускаюць (з словаў аховы). Ніводнага чалавека ў краме бяз маскі я не бачыў.

Малдова як Мордар

— У нас лінія ўраду і дзяржаўных СМІ палягае ў тым, што Малдова — вораг. Гэта як Мордар, які нам заўсёды чыніць нейкія перашкоды — не прапускае да нас важныя тавары, блякуе пастаўкі лекаў і сродкаў аховы для мэдыкаў, не выпускае адсюль нашую прадукцыю ці яшчэ нешта такое. Падаецца гэта вельмі эмацыйна.

Але, з другога боку, да 21 красавіка ўсе пробы, якія бралі ў пацыентаў, накіроўвалі ў Кішынёў. Створаныя групы абмену досьведам ва ўмовах пандэміі, ідзе камунікацыя паміж мэдыкамі. Такая вось дваістасьць: з аднаго боку мы супрацоўнічаем, а з другога Малдова — гэта нейкія сілы зла.

Хуткая дапамога на вуліцы Кішынёва
Хуткая дапамога на вуліцы Кішынёва

Лукашэнка як мэм

— Пра сытуацыю ў Беларусі амаль няма згадак у прыднястроўскіх СМІ. Бо ў нас прызнаецца небясьпека пандэміі і робяцца крокі, каб ёй супрацьстаяць, а пэўныя людзі нават лічаць, што гэтыя крокі залішнія. Нашым уладам ня вельмі выгадна казаць пра пазыцыю кіраўніцтва Беларусі зь яго такім «грэблівым» падыходам да пандэміі — не знайду нават лепшага слова.

Агулам мне здаецца, што цяпер можна параўноўваць веды прыднястроўцаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі, зь ведамі беларусаў пра тое, што адбываецца ў Прыднястроўі. Інфармацыі пра Беларусь тут вельмі мала.

Вельмі эпізадычна ў сацыяльных сетках сустракаюцца згадваньні Лукашэнкі. Не хацелася б крыўдзіць беларусаў, але «Бацька» — гэта ўжо такі мэм. Гэткі «моцны гаспадарнік», але пры гэтым не бярэцца пад увагу адэкватнасьць ці неадэкватнасьць ягоных дзеяньняў. То бок можна пабачыць жарты, што вы тут, маўляў, панікуеце, а «Бацька» зусім ня пераймаецца. Але ўсур’ёз я такіх размоваў не сустракаў.

Аляксандар Лукашэнка прымае вайсковы парад 3 ліпеня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка прымае вайсковы парад 3 ліпеня 2018 году

Пра скасаваны парад на 9 траўня

Прэзыдэнт Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі 21 красавіка скасаваў традыцыйны вайсковы парад ў Тыраспалі, прымеркаваны да Дня перамогі. На той момант парад у Маскве ўжо быў перанесены на восень. Ці можна сказаць, што ўлады Прыднястроўя проста скапіявалі дзеяньні расейскай ўлады?

— Калі статыстыка, якую даюць афіцыйныя СМІ, слушная, то з 10 па 17 красавіка ўсё трымалася цалкам стабільна, а 18 красавіка здарыўся скачок колькасьці заражаных, 19 красавіка яшчэ большы. У гэтых умовах зразумела — варта парад перанесьці. Пагатоў раней гэтаксама зрабілі Расея і Малдова (згадваю Малдову не таму, што наш урад на яе раўняецца, а таму, што да гэтага можна было б дачапіцца пры жаданьні і выставіць сытуацыю ў такім сьвятле: «Малдова — малайцы, а у ПМР ня думаюць аб грамадзянах»).

Мне здаецца, што менавіта гэты скачок стаў вызначальным фактарам, але факт скасаваньня параду ў Расеі (і ў Малдове ў меншай ступені) паўплываў на рашэньне. Як мінімум, правядзеньне параду ў ПМР пры ўмове, што навакольныя краіны яго скасавалі, стала б выдатнай нагодай крытыкаваць дзеяньні нашага ўраду і прэзыдэнта ў прыватнасьці.

Сусьветная арганізацыя здароўя як «Ойча наш»

Паводле ўладаў Прыднястроўя, туды ў найбліжэйшы час мае прыехаць дэлегацыя Сусьветнай арганізацыі здароўя.

— Згадваецца САЗ паўсюль, ажно да маразму, мне здаецца. Цяпер словы «Сусьветная арганізацыя здароўя» для нашых дзяржаўных СМІ нешта кшталту малітвы «Ойча наш». У кожнай незразумелай сытуацыі пішы, што гэта рэкамэндавала САЗ.

Я нідзе ня змог знайсьці, якія канкрэтна лекі завозяць да нас, але паўсюль пішуць, што гэта лекі, рэкамэндаваныя САЗ. Калі ў сярэдзіне красавіка я зьвяртаўся да сайту САЗ, дык там увогуле не было згадак пра канкрэтныя лекі, якія дапамагаюць. Мы спрабавалі наладзіць дыскусію з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя, але яны, вядома ж, не пагадзіліся.

Пра сытуацыю ў сыстэме аховы здароўя

— Ахоўных касьцюмаў, акуляраў і рэсьпіратараў быццам бы хапае. Іх і завозяць, і мясцовыя прадпрыемствы шыюць таксама.

Мэдычнага персаналу, мяркуючы па ўсім, хапае не на ўсё. Таму залучаюць добраахвотнікаў з супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, вайскоўцаў запасу з мэдычнай адукацыяй.

Слабадзейскі шпіталь, куды дастаўляюць хворых на каранавірусную інфэкцыю
Слабадзейскі шпіталь, куды дастаўляюць хворых на каранавірусную інфэкцыю

Пры гэтым Мікалай Кузьмін кажа, што прыднястроўскія ўлады адносна адкрытыя ў пытаньнях статыстыкі COVID-19.

Абнаўляецца інфаграфіка з дадзенымі, плюс зрабілі графік з тэмпам распаўсюджваньня і больш падрабязнай статыстыкай дзеляцца. Калі яны адкрытыя не да канца, дык прынамсі скажаюць ня надта: у гэты працэс залучана настолькі шмат людзей, што відавочная хлусьня ўжо б выявілася, пагатоў у эпоху сацыяльных сетак.

Пра давер людзей да афіцыйных лічбаў

Паводле афіцыйных зьвестак на 2 траўня, у Прыднястроўі пры насельніцтве каля 475 тысяч на COVID-19 захварэлі 516 чалавек, памерлі 22 чалавекі.

— Асабіста я думаю, што тыя, хто давяралі і раней, — давяраюць яшчэ больш. Тыя, хто вагаўся ці скептычна глядзеў на дакладнасьць інфармацыі з нашых СМІ, усё ж больш-менш ляяльныя да статыстыкі захворваньня (цяпер людзям патрэбная нейкая стабільнасьць і «праўдзівасьць» у інфармацыі). Пры гэтым важна ўлічыць, што іншых больш-менш адэкватных крыніц такой інфармацыі, акрамя дзяржаўных СМІ, у нас няма.

Аднаго разу я сустрэў камэнтар, у якім паказвалася, што з таго часу, як у нас адкрылі 21 красавіка лябараторыю для тэставаньня, штодзённы прырост заражаных паменшыўся. Асабіста я відавочнай сувязі паміж гэтымі зьявамі ня бачу, як і значнага спаду колькасьці выяўленых выпадкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG