Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новым прэм’ерам Рамана Галоўчанку. Хто ён?


Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з Лукашэнкам 3 чэрвеня 2020
Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з Лукашэнкам 3 чэрвеня 2020

Аляксандар Лукашэнка 4 чэрвеня назваў новага кіраўніка ўраду — гэта Раман Галоўчанка, паведамляе агенцтва БЕЛТА. Да таго ён займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту.

Першым віцэ-прэм'ерам прызначаны Мікалай Снапкоў, які зьяўляецца амбасадарам Беларусі ў Кітаі, паведамляе БЕЛТА.

Што вядома пра Рамана Галоўчанку?

46 гадоў, скончыў расейскі ўнівэрсытэт, шматдзетны бацька, быў амбасадарам у ААЭ. Да таго ён займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. Раман Галоўчанка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Жодзіне Менскай вобласьці.

У 1996 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін, у 2003 годзе — Акадэмію ўпраўленьня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. У 2018 годзе быў прызначаны старшынёй Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь.

На пачатку сваёй кар’еры працаваў у Радзе бясьпекі, з 2002-га па 2005 год быў намесьнікам начальніка аддзелу Генэральнай пракуратуры. У 2005-м з гэтай пасады стаў галоўным дарадцам упраўленьня замежнай палітыкі Адміністрацыі прэзыдэнта.

З 2009-га па 2013-ы займаў пасаду першага намесьніка старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. З 2013-га па 2018-ы быў амбасадарам Беларусі ў ААЭ, Катары, Дзяржаве Кувэйт і Каралеўстве Саудаўская Арабія.

Раман Галоўчанка ў ролі амбасадара Беларусі ў Аб'яднанаых Эміратах на сустрэчы з прадстаўніком МЗС гэтай краіны, 24 траўня 2018
Раман Галоўчанка ў ролі амбасадара Беларусі ў Аб'яднанаых Эміратах на сустрэчы з прадстаўніком МЗС гэтай краіны, 24 траўня 2018

Раман Галоўчанка жанаты і мае траіх дзяцей.

Каго яшчэ прызначылі ва ўрад?

Іншыя міністэрскія і адміністрацыйныя пасады занялі наступныя чыноўнікі:

  • першым віцэ-прэм’ерам стаў Мікалай Снапкоў,
  • віцэ-прэм’ерам — Аляксандар Субоцін,
  • міністрам прамысловасьці прызначалі Пятра Пархомчыка,
  • міністрам архітэктуры і будаўніцтва — Руслана Пархамовіча,
  • міністрам фінансаў — Юрыя Селіверстава,
  • міністрам інфармацыі стаў дырэктар тэлеканалу СТВ Ігар Луцкі,
  • кіраваць Камітэтам дзяржкантролю будзе Іван Церцель, былы намесьнік старшыні КДБ,
  • міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі стаў Андрэй Хмель,
  • месца Галоўчанкі ў Дзяржаўным камітэце вайсковай прамысловасьці заняў Дзьмітры Пан.

Днём раней Лукашэнка адправіў у адстаўку стары ўрад.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Лукашэнка 3 чэрвеня выслухаў прапановы аб новым складзе ўраду. На сустрэчы былі старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.​

Ён казаў, што прэтэнзіяў да складу ўраду ў яго не было, аднак «у камандзе павінны быць выключна прафэсіяналы, людзі, накіраваныя працаваць на вынік». Лукашэнка заяўляў, што рашэньне было не спантанным, а рыхтавалася паўгода.

Як сьцьвярджае блізкі да прэс-службы Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого», Лукашэнка заявіў, што да былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса вялікіх прэтэнзіяў не было — проста той хоча займацца бізнэсам, а Лукашэнка гэта вітае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG