Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адмовіцца Масква ад Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін ў Сочы

Якую пазыцыю зойме, ужо займае Расея падчас цяперашніх выбараў у Беларусі, ці будзе падтрымліваць нейкага пэўнага кандыдата? Якіх кандыдатаў на беларускіх выбарах Масква ўспрымае як сваіх ворагаў? Ці можа абвяшчэньне канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Расеі прывесьці да рэзкага абвастрэньня там палітычнай сытуацыі? Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктар расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шары, Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Лукашэнка застанецца партнэрам Масквы, калі ўтрымае сытуацыю пад кантролем

Дракахруст: Адносіны Менску і Масквы няпростыя, дастаткова прыгадаць дэпартацыю журналістаў 1 каналу, спрэчкі пра газ, парад на 9 траўня, які быў пэўнай шпількай Пуціну. Да таго ж сёлета сярод апанэнтаў Лукашэнкі няма адэптаў лёзунгу «Беларусь у Эўропу». Усе кажуць, што пабудуюць з Расеяй адносіны яшчэ лепшыя, чым цяпер. Ці будзе Расея шукаць ад дабра дабра?

Андрэй Шары
Андрэй Шары

Шары: Мне падаецца, Юры, у Крамлі будуць прымаць сытуацыйнае рашэньне, уважліва назіраючы, як разьвіваюцца падзеі ў Беларусі. У мяне такое адчуваньне, што падзеі апошніх месяцаў навучылі палітыкаў усяго сьвету, што доўгатэрміновую стратэгію выпрацоўваць вельмі складана. Сытуацыя мяняецца вельмі хутка. Яна мяняецца і ў самой Расеі, дзе шмат праблемаў, якія Пуцін спрабуе вырашыць на фоне каранакрызісу. І справа яшчэ ў тым, што для кожнай краіны спалучэньне ўнутраных праблемаў і каранакрызісу стварае тое, што на мове паліталёгіі цяпер прынята называць «сытуацыяй ідэальнага шторму».

Паглядзіце, што цяпер адбываецца ў ЗША, паглядзіце, што адбываецца ў Расеі. І Беларусь толькі працягвае гэты шэраг. Таму, я думаю, у Маскве ўважліва сочаць за тым, што робіцца ў Беларусі (у мяне няма ніякай інсайдэрскай інфармацыі, я грунтуюся на тым, што бачу), і адносіны паміж Лукашэнкам і Крамлём не завершаныя, і магчымыя дамоўленасьці. Калі Лукашэнку ўдасца ўтрымаць сытуацыю пад кантролем — ён застанецца партнэрам для Масквы.

Сярод магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты там няма чалавека, якому б Крэмль аддаваў відавочную перавагу. Але можа так здарыцца, што гэтыя сымпатыі ўзьнікнуць. Дамоўленасьці могуць зьдзяйсьняцца цягам адной ночы.

Калі б я быў на месцы крамлёўскай каманды, я б уважліва назіраў і не ўступаў бы ў гульню, бо ў кіруючага рэжыму ў Беларусі дастаткова магчымасьцяў, каб выключыць з гульні якога заўгодна кандыдата. І мне падаецца, што калі б у Менску ўбачылі, што Крэмль аддае перавагу некаму, акрамя Лукашэнкі, палітычная будучыня гэтага прэтэндэнта была б перадвырашаная.

Таму, мне падаецца, дамоўленасьці зь іншымі палітыкамі, а не з Лукашэнкам, магчымыя толькі ў тым выпадку, калі яны пройдуць празь перадвыбарчае сіта і здолеюць стварыць рэальную канкурэнцыю Лукашэнку.

«Ня класьці яйкі ў адзін кошык»

Дракахруст: Сяргей, ці заўважаеш ты жэсты падтрымкі таго ці іншага кандыдата з боку Крамля або зь нейкіх расейскіх сэгмэнтаў? Вось «Камэрсант» робіцца ці не галоўнай трыбунай прэтэндэнтаў: даў інтэрвію Ціханоўскі, даў Бабарыка. Іх канкурэнты рэагуюць менавіта на гэтыя заявы. А з другога боку, ну што такое «Камэрсант»? Гэта ж ня Крэмль.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Навумчык: Я згодны з Андрэем, што Крэмль будзе вырашаць сытуацыйна. Мы памятаем 1994 год, калі Масква — Ельцын, Чарнамырдзін — падтрымлівала Кебіча, але потым выявілася, што пэўныя структуры падтрымлівалі і Лукашэнку. Падтрымлівалі «элегантна» — ужывем гэтае любімае Лукашэнкам слова. Калі працягнуць аналёгію зь «ня класьці яйкі ў адзін кошык», дык у Кебіча ў кошыку было значна больш яек, але сёе-тое было і ў кошыку Лукашэнкі.

Каранакрызіс і эканоміка адцягнулі ўсю ўвагу

Навумчык: Юры, у мяне, у сваю чаргу, ёсьць пытаньне да Андрэя Шарага. Андрэй, яшчэ два гады таму лічылася — ва ўсякім разе, у Беларусі, — што аб’яднаньне Беларусі ці Расеі (альбо, іншымі словамі, анэксія Масквой Беларусі) вырашае для Пуціна «праблему 2024», праблему «абнуленьня тэрмінаў». Ну, і расейскі народ успрыняў бы гэта на ўра, зь ня меншым энтузіязмам, чым Крым. А сёньня? Гэтая тэма ўжо не цікавіць? Я кажу нават не пра Крэмль, а пра звычайных людзей па-за межамі Масквы. Там проста цяпер праблема выжыць?

Шары: Так, пытаньне далучэньня Беларусі сапраўды абмяркоўвалася. Але цяпер у расейскім грамадзтве такі крок ня выкліча ніякай падтрымкі. Каранавірус і праблемы эканомікі закрылі палітычны гарызонт, плюс яшчэ застаюцца праблемы Крыму, Данбасу, вайна ў Сырыі і нешта там у Лібіі — і зьверху яшчэ Беларусь? Мне падаецца, на гэта цяпер ня пойдуць.

Выглядае, па выніках несяброўскага зандажу ў дачыненьні да Лукашэнкі прынятае рашэньне адмовіцца ад гэтай мэханікі і вырашыць больш надзённыя праблемы. А цяпер праблемай застаецца працяг пуцінскіх паўнамоцтваў і выхад з каранакрызісу.

Адным — грошы, іншым — дубінкі

Дракахруст: Выбары ў Беларусі сталі трыгерам, які вывеў на паверхню, актуалізаваў вялікае незадавальненьне значнай часткі насельніцтва. Мы бачылі чэргі да выбарчых пікетаў Ціханоўскай. І гэта — далёка ня толькі і ня столькі крэатыўная кляса. Гэта, калі карыстацца расейскімі аналёгіямі 2011 году, — беларускі Ўралвагонзавод. Абвешчаны ў Расеі на гэтым тыдні рэфэрэндум аб Канстытуцыі, які прызначаны на 1 ліпеня, — ці ня можа ён для Расеі стаць такім жа трыгерам, які выплюхне незадавальненьне? Можа, гэта ўжо і адбываецца?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Шары: Сытуацыя ў нашых краінах адрозьніваецца тым, што ў Беларусі няма карантыну, але ёсьць магчымасьць праводзіць хоць нейкія акцыі пратэсту. У Расеі ёсьць карантын і няма магчымасьці арганізоўваць хоць нешта. Цяпер спробы праяваў грамадзянскай актыўнасьці імгненна спыняюцца пад выглядам парушэньняў нормаў карантыну. Гэта, канечне, супярэчыць Канстытуцыі. А цяпер прапаноўваюць прыняць папраўкі да Канстытуцыі, якую ўлады не выконваюць. Другая праблема — расейская апазыцыя ў вельмі дрэнным стане. Акрамя Навальнага, фактычна ўсё разбурана. І арганізацыю пратэсту палітычнымі партыямі цяжка сабе ўявіць. Магчымасьці студэнцкіх, напрыклад, пратэстаў выключаныя з прычыны карантыну.

Ну, і да таго ж у Расеі спрацоўваюць пераважна пратэсты з прычыны парушэньня нейкіх сацыяльных правоў. Але ўлады заліваюць бюджэтнікаў грашыма, у Расеі больш за 60 працэнтаў так ці інакш зьвязаныя зь бюджэтнай сфэрай. А іншых якраз паспрабуюць стрымаць паліцэйскімі дубінкамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG