Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыйная заява Бабарыкі


1993 Пікет БНФ супраць вайсковага саюзу з Расеяй, 1993. Фота Ул. Кармілкіна
1993 Пікет БНФ супраць вайсковага саюзу з Расеяй, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка ў інтэрвію маскоўскаму «Коммерсанту» сказаў пра пажаданы нэўтралітэт Беларусі. І – у пэрспэктыве – пра выхад з АДКБ (Дамовы аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД).

Сказаў, праўда, вельмі асьцярожна. Але тым самым (разумее гэта ён сам ці не) пераступіў тую чырвоную рысу, якая аддзяляла палітыкаў прабеларускай арыентацыі ад тых, хто баіцца хоць слова сказаць супраць «сяброўства з Расеяй».

І я не зьдзіўлюся, калі ў хуткім часе Бабарыку назавуць «нацыянал-радыкалам».

Ніякага радыкалізму тут, аднак, няма. Ёсьць проста здаровы сэнс.

Бо сэнсацыйнай заява Віктара Бабарыкі зьяўляецца для каго заўгодна, але толькі не для нацыянальна арыентаванай яго часткі грамадзтва. Для тых, хто змагаўся за незалежнасьць Беларусі, неабходнасьць нэўтралітэту ніколі ня ставілася пад пытаньне.

І менавіта дэпутаты БНФ у 1990 годзе прасунулі ў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце словы пра тое, што Беларусь ставіць на мэце зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а рэспубліку – нэўтральнай дзяржавай.

25 жніўня 1991, калі Беларусь абвясьціла незалежнасьць, гэтыя палажэньні набылі канстытуцыйную сілу.

Але насуперак гэтаму праімпэрскія сілы ў Беларусі пайшлі ў атаку.

Увесь 1993 год быў для Народнага Фронту, для нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, годам змаганьня супраць АДКБ, супраць уцягваньня Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы.

Пад заявамі супраць АДКБ вы ўбачыце подпісы Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, практычна ўсіх выбітных дзеячаў нацыянальнай інтэлігенцыі – і ўсё ж перамагла арытмэтыка, простым галасаваньнем дэпутацкая большасьць праціснула патрэбнае Крамлю рашэньне.

26 гадоў Беларусь застаецца заходнім фарпостам Расеі. І калі кажуць, што Масква два дзесяцігодзьдзі трымае на датацыях Беларусь – гэта няпраўда.

Беларусь плаціла за танныя нафту і газ сваім вайсковым саюзьніцтвам, сваёй тэрыторыяй, сваімі геапалітычнымі інтарэсамі, калі хочаце – сваім міжнародным аўтарытэтам.

А гэта – зусім ня танна.

Расейскія афіцэры ў Міністэрстве абароны, расейскія грамадзяне на чале беларускага КДБ – усё гэта мы бачылі. І, канешне, зьнішчэньне нацыянальнай самасьвядомасьці як мэта – вось чым заплаціла нацыя за «танныя» нафту, газ і расейскія крэдыты.

І ўрэшце Беларусі была прад'яўленая казырная, «дарожная карта», зьмест якой Лукашэнка пабаяўся агучваць нават перад паслухмянымі так званымі дэпутатамі кішэннага так званага парлямэнту.

Просты аналіз сьведчыць, што пра ўсё гэта казалі апанэнты Лукашэнкі больш як два дзесяцігодзьдзі. Але гэтыя словы не ўспрымаліся ні значнай часткай грамадзтва, ні тымі, каго прынята называць элітай.

І вось цяпер пра гэта гаворыць былы кіраўнік банку з расейскім капіталам.

І гэта – на мой погляд, вельмі прыкметны індыкатар зьмены настрояў. Бо зьмены могуць рабіцца рознымі спосабамі – сотнямі тысяч людзей на Плошчы ці сотнямі дэпутатаў у залі парлямэнту.

Але спачатку яны адбываюцца ў галовах.

Падобна, гэта мы сёньня і бачым.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG