Бабарыка: ня бачу ніякіх перадумоваў да адзінай валюты з Расеяй, прабачце за недастаткова дакладны адказ

Віктар Бабарыка, архіўнае фота
Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ў інтэрвію расейскай газэце «Московский комсомолец» выказаўся пра адзіную валюту Беларусі і Расеі, пасьля патлумачыў, што яго ня так зразумелі.

У інтэрвію, апублікаваным днём 2 чэрвеня ў Бабарыкі спыталі, як ён ставіцца да ідэі ўвесьці адзіную валюту «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

«Калі гэта эканамічна мэтазгодна, то чаму б і не, — адказаў тады Бабарыка расейскаму выданьню. — У гэтым сэнсе добры прыклад — манэтарная палітыка Эўразьвязу з эўра. Я ўвогуле лічу, што мультывалютнасьць — гэта эканамічна неэфэктыўная гісторыя. У бачнай пэрспэктыве колькасьць валютаў будзе зьмяншацца».

Да ці пасьля гэтага ў інтэрвію тэма адзінай валюты ня згадвалася. Да пытаньня пра валюту Бабарыка казаў, што перад тым, як разважаць пра «інтэграцыю» Беларусі і Расеі трэба спачатку зразумець, што ж напісана ў «31-й дарожнай мапе», бо гэтая інтэграцыя не павінна закранаць сувэрэнітэт і мусіць быць узаемавыгаднай (калі так, «няма сэнсу іх пераглядаць», калі не, трэба іх «прывесьці ў парадак»). Пасьля тэмы валюты было ўжо пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі (непрызнаныя рэгіёны Грузіі, якія абвясцілі незалежнасьць) — Бабарыка сказаў, ня мае поўнай інфармацыі, каб адказаць.

Гэтае выказваньне працытаваў шэраг беларускіх выданьняў. Бабарыка позна вечарам 2 чэрвеня напісаў на Facebook, што ў матэрыялах беларускай газэты «Наша ніва» цытата была «вырваная з кантэксту» і «цалкам скажае маю пазыцыю ў пытаньні пабудовы незалежнай Беларусі». Ён папрасіў прабачэньня за «недастаткова выразны і адназначны адказ на вельмі важнае для нас пытаньне».

«Са свайго боку я яшчэ раз хачу сказаць: сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі — непарушная каштоўнасьць. У цяперашні момант я ня бачу ніякіх перадумоваў нават для абмеркаваньня пытаньня аб адзінай валюце», — патлумачыў ён.

«Наша ніва», якую Бабарыка вінаваціў у «вырываньні з кантэксту» цытаты, апублікавала і ягонае тлумачэньне словаў пра валюту.

​
XS
SM
MD
LG