Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія адносіны атручаныя вірусам


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Якія прычыны новай інфармацыйнай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй? Ці набліжае каранавірус падпісаньне 31-й інтэграцыйнай «дарожнай мапы»? Ці аказваюцца ў адным «акопе» беларуская апазыцыя і адэпты «рускага сьвету»?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

Карбалевіч

  • Менск сваёй палітыкай адносна пандэміі кідае ідэйны выклік усім суседзям
  • Расейскія тэлеканалы ў значнай ступені нэўтралізуюць усю прапаганду беларускіх дзяржаўных СМІ
  • Калі мэдыя РФ чапляюць Беларусь, то зь беларускага боку гэта, хутчэй, абарончая вайна
  • Пандэмія спрыяе дыстанцыяваньню Беларусі ад Расеі
  • Пасьля заяваў Лукашэнкі 13 красавіка цяжка чакаць, што ён моцна памяняе сваю пазыцыю

Цыганкоў

  • Каранавірус узмацніў і падкрэсьліў тыя тэндэнцыі ў беларуска-расейскіх адносінах, якія разьвіваліся апошнія месяцы
  • Тут нават ня столькі барацьба з Расеяй, але барацьба з усімі ў сьвеце, хто не падзяляе арыгінальны погляд Лукашэнкі на каранавірус
  • Высновы пра пагрозу незалежнасьці грунтуюцца не на нейкай канкрэтнай інфармацыі, а менавіта на ацэнцы стратэгічнага аслабленьня беларускай дзяржаўнасьці, якім можа пакарыстацца Крэмль
  • Атрымалася парадаксальная сытуацыя, калі ў Расеі дэмакратычная апазыцыя абураецца жорсткасьцю расейскага карантыну, а ў Беларусі дэмакратычная апазыцыя патрабуе ўвесьці гэты жорсткі карантын
  • Я магу дастаткова ўпэўнена даць прагноз, што агульнадзяржаўны карантын у краіне ня будзе ўведзены

Новыя «хросныя бацькі»

Дракахруст: Што адбываецца ў беларуска-расейскіх адносінах у разгар пандэміі? З аднаго боку, нібыта дасягнутае шматпакутнае пагадненьне па нафце — пальецца, як раней, ад «Раснафты» і «Лукойлу».

Зь іншага боку, палітычныя адносіны дзьвюх краінаў, здаецца, абвастраюцца. І прычына не адно ранейшыя супярэчнасьці, але і палітыка беларускіх уладаў па барацьбе з каранавірусам, істотна, калі не дыямэтральна адрозная ад расейскай.

Менавіта на гэтай палітыцы сканцэнтраваны агонь расейскіх Тэлеграм-каналаў, за яе Жырыноўскі лае Лукашэнку, яе пачынаюць крытыкаваць фэдэральныя тэлеканалы.

Ну а Менск адказвае, прычым на вышэйшым узроўні. Міністар Уладзімер Макей памінае расейцам і няякасныя тэсты, і работнікаў, якія прыехалі на будоўлю АЭС з вірусам.

І сам Лукашэнка камэнтуе расейскую палітыку, у тым ліку і інфармацыйную палітыку, даволі рэзка.

У чым прычына гэтай расейскай інфармацыйнай палітыкі? Расейцам шкада беларусаў, якіх Лукашэнка падстаўляе пад удары вірусу, ім не падабаецца, што Лукашэнка ізноў вядзе палітыку, адрозную ад расейскай, прычына ў нечым іншым?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Вырашэньню нафтавага крызісу якраз дапамагла пандэмія, падзеньне сусьветных цэнаў на нафту. Тут як раз вірус згуляў на плюс.

Але, адначасова, той жа вірус прывёў да падзеньня сусьветных цэнаў на газ. І цяпер Менск ставіць пытаньне пра перагляд газавага кантракту. Масква, гледзячы па ўсім, супраць. Таму завязваецца новы канфлікты вузел — газавы.

Так, па меры таго, як беларуская палітыка барацьбы супраць пандэміі становіцца ўсё больш пэрпэндыкулярнай, палеміка на гэтую тэму абвастраецца. З расейскага боку ў ёй удзельнічаюць у асноўным мэдыя, а зь беларускага боку — палеміка выйшла на ўзровень Макея і самога Лукашэнкі.

Чаму расейскія СМІ пачалі моцна шчыпаць Беларусь? Бо Менск кідае нейкі ўжо ідэйны выклік усім суседзям. Да таго ж на тле аднастайнай інфармацыі з усяго сьвету, Беларусь дае падставу зачапіцца за нейкую супрацьлеглую пазыцыю. Для мэдыя гэта пажыва.

Чаму Менск так рэзка рэагуе? Праблема ў тым, што кантраст у падачы тэмы каранавірусу на беларускіх і расейскіх тэлеканалах робіцца ўсё большым. А беларусы глядзяць і тое, і іншае. Думаю, шмат у каго пачынаюць кіпець мазгі. Маўляў, хто ж мае рацыю? Расейскія тэлеканалы ў значнай ступені нэўтралізуюць усю прапаганду беларускіх дзяржаўных СМІ. Лукашэнка ўсё больш пачынае выглядаць «белай варонай». Гэта вельмі непакоіць афіцыйны Менск. Адсюль такая рэакцыя.

Цыганкоў: Беларуска-расейскія адносіны атручаныя вірусам. Каранавірус узмацніў і падкрэсьліў тыя тэндэнцыі, якія разьвіваліся апошнія месяцы. Пасьля таго, як у сьнежні мінулага году Беларусь адмовілася падпісаць усялякія «дарожныя мапы», напэўна, ужо і Крамлю стала зразумела, што гэтага ня будзе ні ў сьнежні, ні ў сакавіку, ні ў жніўні. Таму ў сваёй «праблеме 2024» Пуцін адкінуў «беларускі варыянт» і выбраў схему «абнуленьня», зьменаў у Канстытуцыю. Беларускі варыянт адпаў...

Дракахруст: Адпаў?

Цыганкоў: Адпаў канкрэтны варыянт стварэньня нейкай новай агульнай дзяржавы шляхам інкарпарацыі Беларусі. Але, зразумела, нікуды не адпалі геапалітычныя інтарэсы Расеі і пэўнае імпэрскае мысьленьне яе кіраўнікоў. І адпаведна, калі «кліент» для такога варыянту ўжо не падыходзіць — то да яго можна па-іншаму і ставіцца.

Другая прынцыповая рэч, якая зьмянілася — эканамічныя і энэргетычныя ўмовы «сяброўства і братэрства». Я маю на ўвазе сусьветнае падзеньне цэнаў на нафту і газ. Цяпер, калі нафта каштуе 20 даляраў за барэль, і ўсталюецца, напрыклад, на ўзроўні 25-35 даляраў — то гэта ня можа не паўплываць на тое, што як казаў Лукашэнка, кожны год 31 сьнежня Менск прыніжаўся, просячы ў Расею гэтую нафту і газ. Паводле старога кантракту, Беларусь купляе расейскі газ за 127 даляраў за тысячу кубамэтраў, і на сёньня гэта цана зусім не зьяўляецца нейкай асабліва спрыяльнай. У Эўропе прыблізна такія ж цэны.

Контратака афіцыйнага Менску

Дракахруст: Дарэчы, а як беларускія афіцыйныя СМІ асьвятляюць гэтую сытуацыю? Ясна, што агульная лінія — псыхоз і інфадэмія. Але як у яе ўпісваецца тое, што гэты самы «псыхоз» ахапіў і Расею? Гучыць наўпроставая крытыка расейскай палітыкі адносна пандэміі? Здаецца, першыя «ластаўкі» гэтага контранаступу ўжо заўважальныя.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Натуральна, што такі загад дзяржаўнай прэсе будзе дадзены (калі ўжо не дадзены) — пытаньне ў тым, якім будуць ягоныя маштабы і глыбіня. Трэба ўлічваць, што інтарэс у Крамля да Беларусі на нейкім дваццатым месцы, а для беларускага кіраўніцтва Расея — заўсёды на першым.

І тут нават ня столькі барацьба з Расеяй, але барацьба з усімі ў сьвеце, хто не падзяляе арыгінальны погляд Лукашэнкі на каранавірус. І паколькі ў гэтым пытаньне падыход Расеі цалкам супадае з заходнім, то ў дадзенай тэме і Расеі і Захад — ворагі. І тым больш жорсткімі будуць «наезды» Расеі — тым больш жорсткім будзе адказ беларускай прапаганды.

Карбалевіч: Беларускія дзяржаўныя мэдыя, хутчэй, крытыкуюць не столькі саму палітку Крамля адносна пандэміі, а толькі тыя сюжэты, якія тычыцца Беларусі ў нэгатыўным пляне. Вось мяжу зачынілі, беларусаў не хочуць браць на самалёты расейскіх авіякампаній, не даюць замоўленыя тэсты. Ну, і калі мэдыя РФ чапляюць Беларусь, то зь беларускага боку гэта, хутчэй, абарончая вайна.

«31-ю „дарожную мапу“ інтэграцыі падпісвае само жыцьцё»

Дракахруст: Старшыня Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка даў на мінулым тыдні чарговае цікавае інтэрвію : «31-я „дарожная мапа“ — гэта лягічнае сьледзтва несамастойнай эканомікі і непабудаванай уласнай дзяржавы. Паверце, гэта безумоўная рэч. Асабліва з улікам пандэміі. Яе падпісвае само жыцьцё Хуткасьць нашага набліжэньня да рэалізацыі 31-й дарожнай мапы моцна павялічылася».

Вы згодны з Бабарыкам? Можа Лукашэнка сваёй унікальнай палітыкай адносна пандэміі і імкнецца запаволіць гэтую хуткасьць?

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Цыганкоў: Ужо ня першы раз чую заяву пра павялічэньне пагрозы беларускай незалежнасьці з-за каранавірусу. Думаю, варта іх успрымаць у такім стратэгічным сэнсе, што эканамічны крызіс, агульнае аслабленьне беларускай дзяржаўнасьці, яе эканомікі, сацыяльнай сфэры, даверу да ўсіх дзяржаўных структураў, якое невядома якія формы і маштабы можа набыць. То бок такія высновы пра пагрозу незалежнасьці грунтуюцца не на нейкай канкрэтнай інфармацыі, а менавіта на ацэнцы стратэгічнага аслабленьня беларускай дзяржаўнасьці, якім можа пакарыстацца Крэмль.

Карбалевіч: Я не падзяляю такіх алярмісцкіх настрояў, якія выказаў Віталь. Няма прапарцыйнай залежнасьці паміж крызісам, аслабленьнем існага рэжыму Беларусі і пагрозай паглынаньня краіны Расеяй. Гэта працэсы паралельныя. Чаму беларускім крызісам можа скарыстацца толькі Расея? Найперш, ім скарыстаецца апазыцыя, якая ў асноўным арыентаваная на Захад. І той жа Захад будзе спрабаваць неяк уплываць. Тут будзе шмат перакрыжаваных уплываў.

Што тычыцца выказваньняў Віктара Бабарыкі. Можна пагадзіцца з тэзай, што «31-я дарожная мапа — гэта лягічнае сьледзтва несамастойнай эканомікі і непабудаванай уласнай дзяржавы». Як і сама дамова аб саюзнай дзяржаве. Пра гэта шмат пісалі, казалі і экспэрты, і незалежныя мэдыя ўсе мінулыя гады.

Але з другой тэзай, што «хуткасьць нашага набліжэньня да рэалізацыі 31-й дарожнай мапы моцна павялічылася», не згодзен. Думаю, наадварот, пандэмія спрыяе дыстанцыяваньню Беларусі ад Расеі. Бо палеміка паміж Менскам і Масквою абвастрылася. Зьніжаецца нафтавая залежнасьць ад Расеі.

Яшчэ адзін чыньнік. Калі б не было пандэміі, то пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, зьніжэньне дабрабыту з-за адмены расейскай эканамічнай дапамогі магло б павялічыць настроі ў беларускім грамадзтве да інтэграцыі з Расеяй. Але цяпер зьніжэньне дабрабыту лёгка патлумачыць не сапсаванымі адносінамі з РФ, а сусьветнай пандэміяй.

Ці пасябруюць з Масквой беларускія прыхільнікі карантыну?

Дракахруст: Ці не назіраем мы даволі дзіўнае супадзеньне інтарэсаў, памкненьняў адэптаў «рускага сьвету» і беларускай апазыцыі, ладнай часткі грамадзтва, якая выступае за карантын? Гэта не змова, не альянс, але супадзеньне пэўных інтарэсаў здаецца ёсьць. І якія палітычныя і інфармацыйныя наступствы гэта можа мець?

Цыганкоў: Я ня бачу ніякага супадзеньня інтарэсаў. Калі мы носім штаны, і фашысты носяць штаны — гэта не значыць, што ў нас супадзеньне інтарэсаў. У дадзеным выпадку так атрымалася, што стаўленьне да нейкай праблемы ў самых розных людзей можа быць аднолькавае, і гэта ніяк іх не аб’ядноўвае.

Мне больш цікава паразважаць, як ва ўмовах каранавірусу можа і павінна паводзіць сябе апазыцыя — у любой краіне. Вось нядаўна Дональд Трамп у сваім Твітэры абураўся, чаму, маўляў, тыя самыя людзі і СМІ, якія заяўляюць, што я нібыта спазьніўся з некаторымі крокамі ў барацьбе з каранавірусам, крытыкавалі мяне, калі я першы ўвёў забарону на авіяпералёты з Кітаю і Эўропы?

Гэта паказвае, што палітычная апазыцыя, што ў ЗША, што ў Беларусі, што ў Расеі нярэдка крытыкуе любыя дзеяньні ўлады, нават супрацьлеглыя. Таму атрымалася парадаксальная сытуацыя, калі ў Расеі дэмакратычная апазыцыя абураецца жорсткасьцю расейскага карантыну, а ў Беларусі дэмакратычная апазыцыя патрабуе ўвесьці гэты жорсткі карантын. Але давайце будзем шчырымі — калі Лукашэнка раптам увядзе карантын, ніхто з апазыцыі яго за гэта не пахваліць, ніхто не ўзрадуецца «ура, нарэшце». Скажуць — здаўся, увёў позна, пад ціскам, няправільна ўвёў, ня так, як на Захадзе.

І гэта, магчыма, нармальна — бо палітычная барацьба працягваецца, яе ніхто не адмяняў. Пытаньне ў тым, ці мы маем сваё ўяўленьне дабра і карысьці для краіны, і выступаем за гэта «дабро», незалежна ад таго, хто яго праводзіць. Ці апазыцыя апрыёры не прымае любыя дзеяньні ўлады, ня важна, гэта Трамп, Макрон ці Лукашэнка.

Карбалевіч: Супадзеньне інтарэсаў ці рыторыкі беларускай апазыцыі і Крамля было і раней. За гэтыя чвэрць стагодзьдзя з Масквы было шмат крытыкі афіцыйнага Менску і за парушэньне правоў чалавека, і за адсутнасьць рынкавых рэформаў, і за тое, што Беларусь падсела на расейскую энэргетычную іголку. Гэта супадала з пазыцыяй беларускіх дэмакратаў. І былі спробы нейкага супрацоўніцтва.

Але цяпер я не бачу сур’ёзнай магчымасьці супрацы. Бо сытуацыя моцна памянялася. Увесь 2019 года прайшоў пад знакам «прымушэньня да інтэграцыі». Пагроза незалежнасьці Беларусі паўстала наўпрост. У такой сытуацыі пляцоўкі да супрацы проста не можа быць.

Тым больш з адэптамі «рускага сьвету» і адпаведнымі Тэлеграм-каналамі. Іншая справа, што незалежныя мэдыі могуць час ад часу паведамляць пра крытыку Лукашэнкі, якая гучыць з боку расейскіх афіцыйных асоб (напрыклад, таго ж Жырыноўскага), уплывовых расейскіх мэдыя. Але не больш за тое.

Калі Лукашэнка ўвядзе карантын?

Дракахруст: Мяркуецца, што ў бліжэйшы час Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланьнем Нацыянальнаму сходу і народу. Ці чакаеце вы, што падчас пасланьня ён абвесьціць аб зьмене палітыкі адносна пандэміі, аб новых карантынных мерах, хай сабе яны і ня будуць называцца карантынам?

Цыганкоў: Я думаю, кардынальна Лукашэнка ўжо не разьвернецца.

Сьцьвярджаюць, што такі паварот можа адбыцца, толькі калі будуць радыкальна іншыя лічбы ахвяраў. І мне падаецца, што ўлада хутчэй пойдзе на маніпуляцыі з гэтымі лічбамі, чым на зьмену сваёй палітыкі. Мне падаецца, што гэта ўжо адбываецца, і асобныя выпадкі, апісаныя ў прэсе, паказваюць, што робіцца ўсё, каб напісаць іншыя дыягназы, каб зьмякчыць карціну эпідэміі.

Лукашэнка ўжо надта шмат сказаў у рэчышчы свайго «неардынарнага» стаўленьня да каранавірусу, яму ўжо афіцыйна і публічна «разьвярнуцца» даволі цяжка. Пры гэтым некаторыя мясцовыя ўлады прымаюць такія захады, якія дэ-факта можна назваць «мяккім карантынам», да лёзунгу «сядзіце дома» падключаюцца і Фэдэрацыя прафсаюзаў, і БРСМ, на БТ ідуць адпаведныя сацыяльныя ролікі.

Але карантыну як спыненьня дзейнасьці шматлікіх установаў, забароны выхаду з дому — гэтага ня будзе. Калі вы просіце мой прагноз — то я магу дастаткова ўпэўнена даць прагноз, што агульнадзяржаўны карантын у краіне ня будзе ўведзены.

Карбалевіч: Нейкія дадатковыя захады па барацьбе з каранавірусам могуць быць прынятыя. Не выключаю, што вучэбны год у школах могуць закончыць. Магчымыя нейкія дадатковыя захады ў рэгіёнах, напрыклад, тых жа Докшыцах.

Але не больш за тое. Пасьля заяваў Лукашэнкі 13 красавіка цяжка чакаць, што ён моцна памяняе сваю пазыцыю. Наадварот, ён заклікаў зьменшыць абмежаваньні, яшчэ больш завастрыў сваю пазыцыю, што пандэмія — гэта псыхоз і ніякай вялікай пагрозы ад яе няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG